Школьны сад сваімі рукамі

Увесну ў педагогаў і навучэнцаў нашай школы традыцыйна шмат спраў. Цяперашні навучальны год не выключэнне. 18—20 красавіка навучэнцы 5—11 класаў арганізавалі працоўны дэсант на дваровых тэрыторыях абодвух карпусоў школы. 20 красавіка адбылася экалагічная акцыя “Школьны сад сваімі рукамі”. Кожны клас з 1-га па 11-ы пасадзіў у школьным садзе сваё пладовае дрэва пад чулым кіраўніцтвам класных кіраўнікоў і настаўнікаў працоўнага навучання Сяргея Мікалаевіча Тараса і Алёны Паўлаўны Сусла. У выніку пасаджаны 22 маладыя дрэвы: яблыні, грушы, слівы.

2 “А” пасадзіў сваё “класнае” дрэва — яблыню (гатунак “Беларускае салодкае”), якое будзе расці разам з дзецьмі і радаваць “класнымі” яблычкамі. Хлопчыкаў і дзяўчынак з 3 “Б” здзівіў памер дрэва. Чулася: “Якая маленькая галінка, я ў параўнанні з ёй — звышчалавек”. 10 клас пасадзіў грушу. Спадзяёмся, што нашы грушы пацешаць навучэнцаў пачатковых класаў смачнымі пладамі, а цяперашнія дзесяцікласнікі іх пакаштуюць, калі прывядуць сваіх дзяцей у першы клас самай любімай школы.

Наталля КЛОК,
класны кіраўнік 10 класа;
Вольга ПАДМАЗАВА,
класны кіраўнік 2 “А” класа сярэдняй школы № 1 Навагрудка.