Школьны спорт будзе развівацца

- 11:31Навіны рэгіёнаў

На пачатку чэрвеня зарэгістраваны Статут Гомельскай абласной асацыяцыі школьнага спорту. Яна ўзнікла як рэгіянальнае аддзяленне Беларускай асацыяцыі школьнага спорту, асноўнай мэтай дзейнасці якой з’яўляецца яго развіццё, у тым ліку юных спартсменаў, а таксама іх падрыхтоўка да ўдзелу і ўдзел у розных фізкультурна-аздараўленчых і спартыўных мерапрыемствах.

Дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Вольга Ярмоленка расказвае, што, акрамя таго, задачамі з’яўляюцца ажыццяўленне супрацоўніцтва і падтрыманне кантактаў з іншымі нацыя­нальнымі асацыяцыямі (саюзамі) школьнага спорту, Міжнароднай федэрацыяй школьнага спорту, прадстаўленне інтарэсаў членаў асацыяцыі ў міжнародных арганізацыях:

— Таксама важная задача — абагульненне вопыту работы членаў асацыяцыі па развіцці школьнага спорту, удзел у распрацоўцы праектаў нарматыўных актаў, што рэгулююць дзейнасць у сферы развіцця спорту ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі… Між тым дзеці з Гомельшчыны другі год запар годна прадстаўляюць рэгіён на алімпіядзе па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. Летась нашы школьнікі прывезлі пяць дыпломаў, а сёлета — чатыры дыпломы і два падзячныя водзывы. Гэта дазволіла зборнай камандзе Гомельскай вобласці трапіць у прызавую тройку па колькасці набраных дыпломоў.

Вольга Леанідаўна гаворыць, што па выніках 2019/2020 навучальнага года можна зрабіць выснову пра эфектыўнасць арганізаванай сіс­тэмы фізічнага выхавання ва ўстановах адукацыі Гомельскай вобласці:

— Прафесіяналізм і адказнасць настаўнікаў і выкладчыкаў фізічнай культуры і здароўя ўстаноў адукацыі, уменне паставіць мэту і выб­раць шляхі яе дасягнення дазволілі годна прадставіць Гомельскую воб­ласць на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі сталі пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх спаборніцтваў і заваявалі тры першыя месцы, тры другія і два трэція месцы. Як вынік — 1-е агульнакаманднае месца ў рэспубліканскай спартакіядзе сярод устаноў прафесійнай адукацыі. Навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі сталі прызёрамі і заваявалі тры другія і чатыры трэція месцы і занялі 4-е агульнакаманднае месца сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Вучні сярэдніх школ у рэспубліканскім спартыўна-масавым мерапрыемстве “300 талентаў для Каралевы” заваявалі 1-е агульнакаманднае месца. У рэспубліканскім спартыўна-масавым мерапрыемстве сярод дзяцей і падлеткаў па лёгкай атлетыцы “Шкаліяда” — 3-е месца. У спартакіядзе па праграме зімовага і летняга мнагаборства “Абаронца Айчыны” сярод юнакоў дапрызыўнага і прызыўнога ўзросту — 2-е агульнакаманднае месца.

Для спартыўна адораных навучэнцаў у 54 установах агульнай сярэдняй адукацыі Гомельшчыны створана 108 спецыялізаваных па спорце класаў. Іх наведваюць 2238 спартсменаў, якія займаюцца баскетболам, валейболам, гандболам, футболам, хакеем, плаваннем, лёгкай атлетыкай, барацьбой, гімнас­тыкай, фігурным катаннем, веславаннем, веласпортам, водным пола, настольным тэнісам, стральбой, фрыстайлам, пяціборствам. Такія класы дазваляюць дзецям паспяхова сумяшчаць вучэбную і спартыўную дзейнасць.

— Акрамя таго, — адзначае Вольга Ярмоленка, — ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі вобласці спартыўныя аб’екты працуюць да 20:00. Гэта дазваляе навучэнцам у адпаведнасці са сваімі інтарэсамі наведваць факультатывы, секцыі, аб’яднанні спартыўнай накірава­насці.

У сістэме адукацыі Гомельскай вобласці пастаянна праводзіцца планамерная работа па ўмацаванні вучэбна-спартыўнай базы спартыўным інвентаром і абсталяваннем, праве­дзена пашпартызацыя спартыўных аб’ектаў, якія стаяць на балансе ўстаноў адукацыі.

Па выніках пашпартызацыі аддзелы адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў распрацавалі рэгіянальныя праграмы правядзення рамонтных работ будынкаў спартыўнага прызначэння, плоскасных спартыўных збудаванняў, спартыўных ядраў устаноў адукацыi да 2022 года. Рэалізацыя гэтых праграм дазволіць выкон­ваць вучэбную праграму па прадмеце “Фізічная культура і здароўе” ў поўным аб’ёме з выкананнем правіл бяспекі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.