Школьныя эмоцыі

Фарміраванне эмацыянальнага дабрабыту малодшых школьнікаў з выкарыстаннем гульнявога дапаможніка “Эмацыянальныя лялькі”

Інтэлектуальнае развіццё сучасных дзяцей ідзе больш хуткімі тэмпамі, чым развіццё іх равеснікаў 10—15 гадоў назад. Пачынаючы з дашкольнага ўзросту дзеці загружаны разнастайнымі гурткамі, секцыямі, развіццёвымі заняткамі. Як правіла, яны ўсе накіраваны на развіццё пазнавальнай сферы. Аднак трэба разумець, што аднабаковае гадаванне інтэлекту збядняе эмацыянальную сферу дзіцяці, не дае паўнавартасна развівацца. Нармальнае здаровае развіццё павінна быць гарманічным.

Апошнія гады павялічылася колькасць дзяцей з парушэннямі псіхаэмацыянальнага развіцця. Да тыповых праблем псіхічнага развіцця ў дзяцей малодшага школьнага ўзросту адносяцца: школьная дэзадаптацыя, эмацыянальныя і асобасныя праблемы (павышаная ўзбуджальнасць, частая змена настрою, зласлівасць, страхі, трывожнасць), праблемы паводзін (гру­басць, некіруемасць, агрэсіўнасць, хлуслівасць), праблемы зносін, неўралагічныя праблемы (назойлівыя рухі, цікі, павышаная стамляльнасць, парушэнне сну, галаўныя болі, энурэз) і інш.

Шматлікія даследаванні айчынных і замежных псіхолагаў даказваюць, што поспех дзіцяці ў школе залежыць не толькі ад яго ўмення чытаць, лічыць, пісаць. Дзіцяці патрэбны і эмацыянальныя навыкі: вырашэнне міжасобасных праблем, настой­лівасць, сяброўства і суперажыванне. Гэта тыя тэхнікі, якім можна навучыцца і якія ў будучыні могуць паўплываць на якасць жыцця кожнага дзіцяці.

Арганізаваная псіхолага-педагагічная работа ў гэтым кірунку з моманту паступлення дзіцяці ў школу можа не толькі ўзбагаціць эмацыянальны вопыт малодшага школьніка, але і добра адаб’ецца на стане фізічнага і псіхалагічнага здароўя дзяцей.

Адным з эфектыўных метадаў работы з дзецьмі з’яўляецца лялькатэрапія. У школьнай практыцы яна асабліва запатрабавана ў рабоце з малодшымі школьнікамі, гарманічна ўпісваецца і ва ўрочную, і ў пазаўрочную дзейнасць. І хаця вядучы від дзейнасці малодшых школьнікаў — “вучэнне”, яны ўсё яшчэ не раз­вучыліся гуляць у лялькі, любяць прыдумляць і слухаць лялечныя гісторыі, удзельнічаць у іх тэатральнай пастаноўцы, прычым незалежна ад гендарных адрозненняў. Аднак і больш дарослыя школьнікі, а таксама іх бацькі і педагогі з задавальненнем маніпулююць лялькамі, прыдумляюць лялечныя гісторыі, прайграюц­ь міні-эцюды з лялькамі.

На псіхалагічным узроўні лялькі ў многім спрыяюць і дапамагаюць накіроўваць і карэкціраваць асобасна арыентаванае развіццё, пазбаўляючы дзіця стрэсу, фобій.

Гульнявы дапаможнік “Эмацыянальныя лялькі”, які я распрацавала, добра зарэкамендаваў сябе ў рабоце школьных псіхолагаў. (Раней у “НГ” былі апублікаваны матэрыялы па выкарыстанні “Эмацыянальных лялек”: № 139 ад 8 снежня 2016 г., № 45 ад 22 красавіка 2017 г., № 132 ад 25 лістапада 2017 г.)

Апошні час “Эмацыянальныя лялькі” сталі выкарыстоўвацца і ў рабоце з бацькамі, педагогамі і старшакласнікамі ў кансульта­тыўнай дзейнасці, у карэкцыі міжасобасных адносін, прапрацоўцы ўнутраных станаў. Дарослыя прайграюць на ляльках свой эмацыянальны стан, канструююць сітуацыі, пішуць сцэнарый праблемы і шукаюць шляхі выхаду з існуючай сітуацыі з дапамогай лялек (контрперанос).

Прадукцыйна выкарыстоўваецца гульнявы дапаможнік “Эмацыянальныя лялькі” ў перыяд адаптацыі першакласнікаў. З дапамогай лялек разыгрываюцца разнастайныя сітуацыі, прыдумляюцца лялечныя гісторыі. У форме арт-аб’екта лялечную гісторыю можна падаць у малюнку, коміксе, паштоўцы, калажы, карціне, скульптуры з пластыліну ці гліны, аплікацыі, мультфільме і інш. Прычым яны могуць быць створаны ў школе ці дома самім дзіцем спантанна ці па заданні спецыяліста, педагогам, псіхолагам, адным з бацькоў або мастаком, скульптарам, мультыплікатарам і г.д. Напрыклад, “Намалюй прыгоды лялькі…”, “Ствары калаж на тэму “Мара лялькі…”, “Якія падабенствы ты бачыш у ляльцы і ў вобразе… на карціне мастака…?” і г.д. Важна, каб дзіця само выбірала ляльку-эмоцыю, пра якую яно будзе складаць гісторыю.

Педагог-псіхолаг можа прачытаць або расказаць дзецям лялечную гісторыю, увасобленую ў форму казкі, байкі, гісторыі, апавядання, прыпавесці, верша, анекдота, прыпеўкі і інш. Гісторыя складаецца спецыялістам загадзя ці экспромтам або падбіраецца з крыніц мастацкай, псіхолага-педагагічнай літаратуры. Малодшаму школьніку даступна самастойнае стварэнне і напісанне лялечнай гісторыі. Стварэнне гісторыі пачынаецца з тэматычнай назвы або па казачным зачыне, які неабходна працягнуць. Напрыклад, “Прыдумай гісторыю пра тое, як Плакса стала Весялуш­кай або Баяка стаў Смельчаком”.

Лялечная гісторыя ў форме драмы (спектакля, эцюда, гульні, песні і інш.) можа быць паказана экспромтам, прычым суправа­джацца вусным расказам або маўклівымі маніпуляцыямі лялькай, што актуальна для замкнутых дзяцей, якія мала размаўляюць. Магчыма прайграванне лялечнай гісторыі па загадзя падрыхтаваным тэксце названай вышэй вербальнай формы. Напрыклад, “Я прачытаю табе верш (апавяданне, казку, байку)…, а ты пакажы, што адбывалася з лялькай”.

Выкарыстанне “Эмацыянальных лялек” у дзіцячых інсцэніроўках, спектаклях дазваляе фарміраваць вопыт сацыяльных навыкаў паводзін, спрыяе развіццю эмпатыі, дазваляе дзіцяці вырашаць многія праблемныя сітуацыі апасродкавана, ад асобы лялькі. Гэта дапамагае пераадольваць нясмеласць, няўпэўненасць у сабе, сарамлівасць.

Выкарыстанне розных каналаў успрымання зручнае для ўлік­у індывідуальных магчымасцей дзіцяці-візуала (арт-аб’екты), а­ўдзіяла (візуальныя гісторыі), кінестэтыка (драма).

Змяненне лялечнай гісторыі суправаджаецца “ператварэннем” адной лялькі ў другую літаральна адначасова. У гэтай уласцівасці “Эмацыянальных лялек” — іх галоўная перавага перад іншымі відамі лялек. Яркая эмацыянальная рэакцыя ў адказ на змяненне аднаго вобраза лялькі на другі дазваляе надоўга прыкаваць увагу малодшага школьніка да тэмы заняткаў, захаваць цікавасць. Магчымасць шматразова праводзіць “таямнічае ператварэнне” адной рысы характару лялькі ў другую забяспечвае тэрапеўтычнае замацаванне рыс, якасцей асобы, якія адпрацоўваюцца.

“Эмацыянальныя лялькі” выкарыстоўваюцца на музычных занятках. У час праслухоўвання музычных твораў дзеці ў адпаведнасці з характарам музыкі суадносяць, пра якую эмацыянальную ляльку гэтая кампазіцыя, тым самым сімвалізуючы эмацыянальны водгук, які ў іх узнік.

З мэтай эфектыўнага выкарыстання гульнявога дапаможніка “Эмацыянальныя лялькі” быў распрацаваны тэматычны план, а таксама гульні і практыкаванні рознай накіраванасці.

Такім чынам, выкарыстанне гульнявога дапаможніка “Эмацыянальныя лялькі” ў карэкцыйна-выхаваўчай рабоце педагога-псіхолага дазваляе эфектыўна вырашаць праблемы малодшых школьнікаў у цікавай псіхалагічна камфортнай бяспечнай форме, а самому спецыялісту наладжваць даверлівыя ўзаемаадносіны з выхаванцамі.

Дадатак

Псіхалагічныя гульні

Лялечная казка

(з выкарыстаннем гульнявога дапаможніка “Эмацыянальныя лялькі”)

Мэта: развіццё фантазіі, маўлення. Усведамленне сваіх станоўчых якасцей, павышэнне самаацэнкі.

Дзіцяці прапануецца выбраць любую ляльку, якая падобна да яго (на думку самога дзіцяці), і прыдумаць казку пра яе. Можна даць ляльцы такое ж імя, як у дзіцяці. Важна ў гэтай гульні — прагаварыць эмацыянальны стан лялькі, што стала прычынай такіх эмоцый. Спыніцца на станоўчых якасцях лялькі, асабліва калі адмоўная эмоцыя.

Разыгрыванне сітуацый

(з выкарыстаннем гульнявога дапаможніка “Эмацыянальныя лялькі”)

Мэта: развіццё пачуцця ўпэўненасці ў сабе, умення вало­даць мімікай, жэстамі.

Для разыгрывання розных сітуацый дзіцяці прапануецца выбраць любую ляльку-эмоцыю і ўявіць, што з ёй здарылася наступнае:

* Лялька прыйшла ў новы клас. Як яна пазнаёмілася з дзецьмі? Раскажы і пакажы.

* Некалькі лялек гуляюць на перапынку. Як твая лялька далучыцца да іх? Пакажы. Што яна скажа, што зробіць?

* Лялька забыла дома пенал з прыладамі. Як яна будзе дзейнічаць?

Сітуацыі могуць быць розныя. Важна, каб дзіця расказала, як ляльцы ў гэтай сітуацыі дапаможа (нашкодзіць) тая эмоцыя, якую яна паказвае.

Прэс-канферэнцыя

Мэта: вучыць дзяцей задаваць розныя пытанні на адну тэму, падтрымліваць гутарку. Зняцце ўнутраных заціскаў, пераадоленне сарамлівасці.

Удзельнічаюць усе дзеці класа. Выбіраецца любая, але пры гэтым добра вядомая дзецям тэма, напрыклад: “Мой рэжым дня”, “Мой дамашні гадаванец”, “Мае любімыя гульні” і г.д.

Адзін з удзельнікаў прэс-канферэнцыі — “госць” — садзіцца ў цэнтры залы і адказвае на любыя пытанні ўдзельнікаў.

Заўвага: для правядзення гэтай гульні прапанаваць дзецям толькі добра вядомыя і зразумелыя тэмы.

Добры сябар

Мэта: спрыяць развіццю сяброўства паміж дзецьмі ў класе.

Матэрыялы: папера, аловак для кожнага дзіцяці.

Інструкцыя: Падумай пра свайго добрага сябра. Гэта можа быць рэальны чалавек, з якім ты на самай справе сябруеш. Калі ж у цябе такога сябра яшчэ няма, то ты можаш яго сабе проста ўявіць. А можаш падумаць і пра тое, з кім ты толькі збіраешся пасябраваць.

Што ты можаш сказаць пра гэтага чалавека? Што вы любіце рабіць разам? Як выглядае гэты твой сябар? Што табе больш за ўсё падабаецца ў ім? Што вы робіце для таго, каб ваша сяброўства ўсё больш і больш мацнела?

Падумай над гэтымі пытаннямі. Адказы на іх ты можаш запісаць на паперы, можаш намаляваць, а можаш зрабіць і адно, і другое.

Цяпер збярыцеся ў групы па чатыры чалавекі. Калі хочаце, можаце паказаць адно аднаму свае малюнкі і сачыненні. А можаце яшчэ і расказаць, пра што вы думалі, выконваючы гэтае практыкаванне. Уважліва выслухайце, што скажуць вам астатнія дзеці з вашай чацвёркі.

Аналіз практыкавання:

— Як чалавек знаходзіць сябра?

— Чаму настолькі важныя ў жыцці добрыя сябры?

— Ці ёсць у цябе сябар у нашым класе?

Сшытак маіх дасягненняў

Мэта: дапамагчы вучням выпрацаваць у сабе звычку фіксаваць новыя поспехі ў сваім жыцці. Дзецям лягчэй настроіцца на поспех, калі яны заўважаюць свой прагрэс і адзначаюць свае новыя дасягненні.

Няхай кожнае дзіця завядзе сшытак сваіх дасягненняў і бу­дзе рэгулярна запаўняць яго як мінімум на працягу года. Гэта дапаможа дзецям даводзіць складаныя справы да канца і выпрацаваць унутраную паслядоўнасць у справах і рашэннях. Пры гэтым няма неабходнасці запісваць толькі самыя гучныя дасягненні, любы, нават самы невялікі поспех мае значэнне. Акрамя таго, мае сэнс падумаць пра тое, ці не зрабіць гэты сшытак дасягненняў нечым накшталт асабістага дзённіка, які запаўняецца толькі індывідуальна. Такім чынам, дзеці могуць навучыцца абмяркоўваць свае ідэі толькі з тымі, хто будзе ставіцца да іх з разуменнем і будзе іх падтрымліваць і падбадзёрваць. Гэта засцеражэ іх ад расчараванняў і крыўд.

Пачніце з апісання ранейшых дасягненняў дзяцей, а потым раз на тыдзень або раз на два тыдні запісвайце ці замалёўвайце ў сшытак новыя поспехі.

Калі-нікалі вы можаце прасіць дзяцей зазіраць у свой сшытак дасягненняў, каб падумаць пра такія стратэгічныя пытанні, напрыклад, як:

— Што мне больш за ўсё дапамагала дасягаць поспеху?

— Я адзін дасягаў выніку?

— Наколькі важным аказалася для мяне супрацоўніцтва з іншымі?

— У якіх галінах мае таленты больш за ўсё развіты?

Матэрыялы: для кожнага дзіцяці: адзін сшытак, папера, клей, крэйда, алоўкі, фламастары.

Інструкцыя: я хачу, каб вы завялі адзін вельмі асаблівы сшытак. Гэты сшытак прызначаны не для школьных ведаў. Ён неабходны для запісу вашых поспехаў і дасягненняў. Вы нікому не абавязаны паказваць яго. Давайце пачнём з таго, што ўпрыгожым вокладку гэтага сшытка. Вазьміце ліст паперы і напішыце на ім вялікімі літарамі: “Мае дасягненні”. Унізе падпішыце сваё імя. Калі вам прыйдзе ў галаву якая-небудзь іншая фраза, то напішыце яе. (Дапамажыце дзецям знайсці цікавыя альтэрнатывы.) Размалюйце літары, пры гэтым выбраўшы колеры, якія больш за ўсё вам падабаюцца. Калі скончыце, прыклейце гэты ліст на вокладку сшытка.

Цяпер вы можаце пачаць запаўняць першую старонку сшытка. Успомніце свой які-небудзь асабліва цудоўны поспех. Намалюйце карцінку гэтага поспеху на першай старонцы свайго сшытка.

Рэкамендацыі: падумайце пра тое, як зрабіць так, каб дзеці маглі ўклейваць у сшытак свае ўдалыя работы па розных прадметах.

Можна завесці і сшытак дасягненняў класа, які дзеці будуц­ь весці разам з класным кіраўніком. У сшытку можна адзначаць дасягненні класа ў спартыўных мерапрыемствах, унутрышкольных і г.д.

Наталля СТЭЛЬМАХ,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 161 Мінска,
кіраўнік МА педагогаў-псіхолагаў Ленінскага раёна Мінска.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *