Гэта чарговы раз засведчыла заключнае мерапрыемства рэспубліканскага праекта “Панарама педагагічнага вопыту “Музеі ўстаноў адукацыі: эфектыўныя практыкі грамадзянска-патрыятычнага выхавання”, якое днямі прайшло ў Цэнтральным Доме афіцэраў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Задача нумар адзін
Для ўдзелу ў фінальным этапе было адабрана 190 праектаў у намінацыях “Лепшая музейная экспазіцыя”, “Музейныя інавацыі”, “Школьны музей: лічбавы фармат”, “Музей у аб’ектыве”. Аўтары лепшых праектаў атрымалі дыпломы Міністэрства адукацыі, а таксама магчымасць прэзентаваць у фармаце музея ў чамадане найбольш каштоўныя прадметы сваіх экспазіцый.
Кацярына Пятруцкая ўручае дыплом пераможцы Алене Маўсясян
— У мяне была цудоўная магчымасць азнаёміцца з праектамі. Іх прадстаўлялі не толькі кіраўнікі музеяў, але і намеснікі дырэктара па выхаваўчай рабоце, усе тыя неабыякавыя людзі, якія разумеюць, як важна захаваць нашу гісторыю, абараніць гістарычную праўду, сфарміраваць у маладога пакалення беларусаў гордасць за подзвіг, які здзейснілі нашы дзяды і прадзеды ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сёння гэта задача нумар адзін, якая стаіць перад намі. Толькі працуючы ў адзінай камандзе, мы можам яе выканаць, — адзначыла намеснік міністра адукацыі Кацярына Аляксандраўна Пятруцкая.
Як паспяхова выконваць гэтую задачу, падзяліліся ўдзельнікі выставы “Школьны музей — захавальнік памяці пакаленняў”, прысвечанай 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Азнаёмімся з некаторымі экспазіцыямі.
Імя героя
Наталля Шэпелевіч расказвае пра подзвіг Пятра Купрыянава
Пра асноўны напрамак дзейнасці музеяў, размешчаных у школах, якія носяць імёны герояў Вялікай Айчыннай вайны, здагадацца нескладана. Гэта даследаванне жыццёвага шляху знакамітага земляка або чалавека, які сваім подзвігам здабыў для нас 80 гадоў назад мірнае неба. Менавіта так можна сказаць пра музей баявой славы сярэдняй школы № 1 імя П.І.Купрыянава Жодзіна.
Па словах яго кіраўніка Наталлі Міхайлаўны Шэпелевіч, стваралася экспазіцыя ў 1970-я гады, калі яшчэ жыла маці Пятра Іванавіча Настасся Фамінічна. Менавіта яна перадала ў музей самыя каштоўныя экспанаты — пахаванку на свайго сына, а таксама яго апошні ліст з фронту. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае і макет, зроблены настаўнікамі і вучнямі, на якім адлюстраваны момант подзвігу Пятра Купрыянава. У лістападзе 1944 года на тэрыторыі Латвіі ўраджэнец Жодзіна накрыў сабой амбразуру варожага дота. За гэты ўчынак яму было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Гераізмам падчас Вялікай Айчыннай вайны вылучыліся ўсе сыны Настассі Фамінічны. Але не толькі тэма жыцця і подзвігу сям’і Купрыянавых займае цэнтральнае месца ў аповедзе экскурсаводаў. Цяпер Наталля Міхалаўна разам з вучнямі даследуюць гісторыю школы, найстарэйшай у Жодзіне, робяць цікавыя адкрыцці. Так што завітаць у музей гэтай установы адукацыі ў нас з чытачамі яшчэ будзе нагода.
Бастынская памяць
Музей “Памяць” Бастынскай сярэдняй школы Лунінецкага раёна нельга аднесці да самых багатых музеяў устаноў адукацыі па колькасці прадстаўленых тут прадметаў. Затое кожны экспанат надзвычай каштоўны, а некаторыя даволі рэдкія.
З прадметамі музея “Памяць” знаёміць Вера Мельянец
— Наш музей быў створаны ў 1990 годзе як музей воінаў-інтэрнацыяналістаў, але першы яго раздзел прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. Экспазіцыя невялікая, але вельмі запатрабаваная. Тут мы пастараліся размясціць экспанаты і інфармацыю, якія раскрываюць асноўныя старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў нашым краі. Напрыклад, пра пачатак вайны, акупацыйны рэжым сведчаць прадметы, якія тычацца генацыду беларускага народа. У нашай школе праводзіцца даследчая работа, у выніку якой мы паведамілі прадстаўнікам раённай пракуратуры пра месцы пахавання мірных жыхароў вёскі. Пасля раскопак нам прадаставілі фрагменты абутку і рэчаў ахвяр генацыду. Цяпер гэтыя прадметы захоўваюцца ў музеі. На тэрыторыі Лунінецкага раёна быў разгорнуты актыўны партызанскі рух, вяліся баі “рэйкавай вайны”. Пра партызанскую старонку нашай ваеннай гісторыі нагадваюць копіі архіўных дакументаў, партызанскі ліхтарык, а таксама патэфон. Яго падчас экскурсіі абавязкова заводзяць вучні-экскурсаводы. Такім чынам наведвальнікі музея могуць акунуцца ў атмасферу ваеннага часу. Сучасныя дзеці здзіўляюцца, што патэфон працуе без батарэек, электрычнасці і што яго можна было слухаць нават у партызанскіх зямлянках. Юныя экскурсанты цікавяцца і іншымі прадметамі, — паведаміла кіраўнік музея Вера Сцяпанаўна Мельянец.
Лучын над Дняпром
З музейным пакоем Лучынскай базавай школы Рагачоўскага раёна “Лучын на Дняпры” чытачы “Настаўніцкай газеты” знаёміліся неаднойчы. Каб падрабязна расказаць пра ўсе прадметы экспазіцыі, пра тую вялікую пошукавую работу, якая праводзіцца кіраўніком музея Святланай Іванаўнай Варыкавай сумесна з педагогамі і вучнямі, трэба як мінімум некалькіх газетных разваротаў. Спынімся на некаторых момантах, а дакладней, на тых экспанатах, якія Святлана Іванаўна разам з калегамі, у тым ліку адміністрацыяй установы адукацыі, прывезлі ў сталіцу на выставу.
— Наша школа знаходзіцца ў невялікім населеным пункце, але мы ганарымся, што яго гісторыя пачынаецца з глыбокай старажытнасці. Таму нам ёсць пра што расказаць і што паказаць. Сёння ж мы прывезлі прадметы экспазіцыі “Вялікая Айчынная вайна”. Экспанаты адлюстроўваюць унікальнасць нашай ваеннай гісторыі. Калі гаварыць пра вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, то варта адзначыць, што ў гісторыі вёскі Лучын гэтая радасная падзея адбывалася двойчы. У 1941 годзе Чырвоная Армія ажыццявіла паспяховы контрудар, таму наша вёска адзначае даты вызвалення двойчы: 26 чэрвеня мы святкавалі 80-годдзе, а 13 ліпеня будзем адзначаць 83-годдзе вызвалення, — паведаміла Святлана Іванаўна.
Святлана Варыкава і Яўген Чагаеў
Сярод прывезеных “у чамадане” прадметаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны — кавалак пензенскай газеты з фотаздымкам камісара Рудкоўскага (магчыма, байца 63-га стралковага корпуса, які ў ліпені 1941 года ажыццявіў контрудар) і яго асабістыя рэчы, часова перададзеныя музеем “Лёс салдата” Рагачоўскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі ў экспазіцыю музейнага пакоя “Лучын на Дняпры”. Падчас правядзення палявых работ былі знойдзены каска-халкінголка і эбанітавы пенал, дзе была запіска салдата Якава Піліпавіча Вагнера. Настаўнікі і вучні высветлілі, што імя гэтага чалавека не было ўвекавечана на брацкай магіле, і 9 мая гэтая несправядлівасць была выпраўлена.
— Падчас пошукавай работы мы з вучнямі выявілі яшчэ 19 імён і змясцілі іх на асобнай шыльдзе брацкай магілы. Наогул, наша вёска знакамітая сваімі ўраджэнцамі. Вашай увазе мы прадстаўляем асабістыя рэчы Леаніда Сяргеевіча Лемяшкова — унікальнай творчай асобы. Ён не толькі добра ваяваў (пачынаў з радавога, а скончыў вайну ў званні капітана), але і рабіў выдатныя замалёўкі, складаў песні, вершы. Пасля вайны працаваў педагогам. Ураджэнцам Лучына быў і лётчык Герой Савецкага Саюза Пётр Андрэевіч Пілютаў, пахаваны ў Санкт-Пецярбургу. Гэты факт дазволіў нам устанавіць сувязь з расійскім падлеткава-маладзёжным цэнтрам “Лігава” і клубам “Бераг”, дзяржаўнай бюджэтнай установай “Буравеснік”. Іх навучэнцы прыязджаюць да нас у Лучын, мы абменьваемся вопытам. Падчас аднаго з візітаў яны прывезлі з сабой копію партрэта Пятра Андрэевіча, ключы ад яго пісьмовага стала, а таксама кнігі, падпісаныя дачкой Тамарай Пятроўнай, якой цяпер 92 гады, — расказвае кіраўнік музея.
Сярод унікальных экспанатаў і сапраўдная блакадная скарыначка хлеба вагой 125 грамаў. Нельга не звярнуць увагу і на драўляны макет храма. Па словах Святланы Варыкавай, гэта макет Свята-Мікалаеўскай царквы, якую фашысты ў 1943 годзе разабралі для будаўніцтва моста праз Днепр. Але адзін з мясцовых жыхароў занатаваў схему храма (замалёўкі захоўваюцца ў музеі), і ўжо ў нашы дні яго сын па схеме бацькі стварыў макет. Захавалася і апісанне храма.
Цяпер Святлана Іванаўна Варыкава разам з настаўнікам інфарматыкі Яўгенам Уладзіміравічам Чагаевым працуюць над напаўненнем экспазіцыі віртуальнага музея.
Папулярызаваць вопыт
Як адзначыла на ўручэнні дыпломаў пераможцам рэспубліканскага праекта Кацярына Аляксандраўна Пятруцкая, прадстаўлены вопыт варта папулярызаваць на ўзроўні краіны, каб педагогі з розных рэгіёнаў маглі вывучаць яго, а таксама прэзентаваць свой. Дзейнасць у гэтым напрамку дапаможа зрабіць нашы музеі лепшымі і прыцягнуць да музейнай работы яшчэ больш навучэнскай моладзі.
А наша выданне і надалей будзе знаёміць чытачоў з дзейнасцю школьных музеяў, якія справядліва называюць захавальнікамі памяці пакаленняў.
Ігар ГРЭЧКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА