З 2015/2016 навучальнага года пачаўся паэтапны пераход на навучанне школьнікаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі па абноўленых вучэбных праграмах. Першымі сталі вучыцца па новых праграмах вучні 1 і 5 класаў. Сёлета па такіх праграмах займаюцца чацвёртакласнікі і васьмікласнікі. Новаўвядзенні прызваны спрасціць змест адукацыі, прывесці яго ў адпаведнасць з узроставымі пазнавальнымі магчымасцямі школьнікаў. Пра тое, як абнавіліся вучэбныя праграмы, якія змяненні адбыліся і яшчэ адбудуцца ў выкладанні вучэбных прадметаў, нашаму карэспандэнту расказала намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Вольга Уладзіміраўна ЗЕЛЯНКО.
— Асноўная мэта змен, што адбыліся ў апошнія гады ў вучэбных праграмах, — зніжэнне вучэбнай нагрузкі на навучэнцаў. У Нацыянальным інстытуце адукацыі былі створаны рабочыя групы, якія складаліся з навукоўцаў, метадыстаў, настаўнікаў-практыкаў. Перад імі былі пастаўлены наступныя задачы: па-першае, выявіць кампаненты, якія перагружаюць і ўскладняюць змест адукацыі, па-другое, спрасціць вучэбныя праграмы, абнавіць састарэлы і неактуальны матэрыял.
У праграмах па ўсіх вучэбных прадметах канкрэтызаваны і ўдакладнены фармулёўкі зместу вучэбнага матэрыялу, якія выключаюць магчымасці адвольна трактаваць вучэбную праграму. Сфармуляваны патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў, што дазваляе рэгламентаваць аб’ём матэрыялу і арыентуе настаўніка ў вызначэнні патрабаванняў да вучняў.
— Вольга Уладзіміраўна, раскажыце, калі ласка, пра змяненні больш падрабязна. Ці з’явіліся ў вучэбных праграмах новыя тэмы для вывучэння?
— У вучэбных праграмах адбыўся шэраг змен. Па-першае, выключаны асобныя элементы зместу навучання. Напрыклад, з праграмы па грамадазнаўстве выключаны такія тэарэтычныя пытанні, як “Асноўныя падыходы да вывучэння грамадства”, “Фармацыйны і цывілізацыйны падыход да вывучэння гісторыі”. Па беларускай літаратуры ў 9 класе скарочаны змест аглядных тэм (“Літаратура эпохі Сярэднявечча”, “Літаратура эпохі Адраджэння”, “Барока. Класіцызм. Асветніцтва” і інш.); тэкстуальна не вывучаюцца творы Кірылы Тураўскага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Кастуся Каліноўскага. Акрамя таго, скарочана колькасць літаратурных твораў для завучвання на памяць, вызначаны аб’ём тэкстаў для завучвання.
У праграмах выключана складаная тэрміналогія. Напрыклад, значна скарочана колькасць абавязковых для засваення гістарычных паняццяў. Па беларускай літаратуры выключаны некаторыя пытанні тэорыі літаратуры (паэма-эпапея, павучанне як жанр старажытнай літаратуры, палемічная літаратура як жанр публіцыстыкі і іншыя (9 клас).
Па-другое, складаны для разумення і засваення вучэбны матэрыял перанесены ў старшыя класы. Напрыклад, па матэматыцы тэма “Лінейная залежнасць” перанесена з 6 класа ў 7 клас, што дазволіла сістэмна вывучаць лінейныя ўраўненні, функцыі і няроўнасці. Пачатак вывучэння фізікі перанесены з 6 класа ў 7 клас у адпаведнасці з міжнароднай практыкай. Тэма “Хістальны рух” з праграмы па фізіцы для 9 класа перанесена ў 11 клас. Па рускай літаратуры апавяданне Кліфарда Саймака “Калі ў доме адзінока” перанесены з 7 класа ў 8 клас; аповесць Барыса Васільева “А золкі тут ціхія…”, апавяданні Васіля Шукшына “Крыўда”, “Зрэзаў” перанесены з 8 класа ў 9 клас; твор М.В.Гогаля “Мёртвыя душы” перанесены з 9 класа ў 10 клас. З вучэбнай праграмы па хіміі ў 9 класе выключаны тэмы па арганічнай хіміі і перанесены ў 10 клас, што звязана з узроставымі пазнавальнымі асаблівасцямі дзевяцікласнікаў і адпавядае пажаданням настаўнікаў.
Па-трэцяе, частка тэарэтычнага матэрыялу перанесена на практычны ўзровень засваення. Гэта не патрабуе ад навучэнцаў засваення тэрмінаў і паняццяў, іх азначэнняў, а нацэльвае на выпрацоўку практычных уменняў і навыкаў, неабходных у штодзённым жыцці (працаваць з інфармацыяй, наладжваць эфектыўную камунікацыю, аргументаваць уласнае меркаванне, выконваць правілы здаровага ладу жыцця, клапаціцца пра захаванне прыроды і г.д.). Напрыклад, у вучэбных праграмах па фізіцы зроблены акцэнт на практычнай значнасці і экалагічнай небяспецы шэрага фізічных з’яў, асабліва ў галіне фізікі атама і ядра. Гэта актуальна ў сувязі з будаўніцтвам і эксплуатацыяй у будучыні АЭС.
У вучэбную праграму па матэматыцы ўключана рашэнне практыка-арыентаваных задач, якія апісваюць рэальную (або набліжаную да рэальнай) сітуацыю, а таксама задач з міжпрадметным зместам, што дапамагае навучэнцам паспяхова вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць у штодзённым жыцці.
У 2019/2020 навучальным годзе па новых праграмах пачнуць вучыцца дзевяцікласнікі. У выніку ў 2020 годзе, дзякуючы новай лінейцы вучэбных праграм, будзе рэалізаваны прынцып адноснай завершанасці зместу адукацыі на другой ступені. Гэта азначае, што выпускнік 9 класа атрымае цэласнае ўяўленне аб асновах навук, авалодае ведамі, уменнямі і навыкамі, неабходнымі для вырашэння жыццёвых задач і дастатковымі для працягу адукацыі.
Частка матэрыялу пераведзена на ўзровень азнаямлення (прадстаўлення), што не прадугледжвае кантроль ведаў і ўменняў па гэтым матэрыяле. Напрыклад, у вучэбнай праграме па біялогіі гэта пытанні аб хімічным складзе клеткі, аб пабудове і функцыях сенсорных сістэм смаку, нюху, раўнавагі, дотыку (9 клас).
У вучэбнай праграме па рускай літаратуры з пераліку твораў для абавязковага вывучэння ў спіс для дадатковага чытання перанесены “Павучанне” Уладзіміра Манамаха, “Разважанні ля параднага пад’езда” Мікалая Някрасава (6 клас), “Песня пра купца Калашнікава” Міхаіла Лермантава (7 клас) і інш.
— Літаральна некалькі гадоў назад незадаволенасць у настаўнікаў-практыкаў выклікалі недастатковасць рэалізацыі міжпрадметных сувязей і дубліраванне матэрыялу ў вучэбных праграмах па розных прадметах. Якая сітуацыя назіраецца зараз?
— Вучэбныя праграмы па розных прадметах пазбавіліся дубліравання матэрыялу. Асаблівая ўвага ўдзяляецца рэалізацыі міжпрадметных сувязей, за кошт чаго адбываецца скарачэнне матэрыялу, які вывучаецца, забяспечваецца апора на веды па розных вучэбных прадметах для больш поўнага разумення сутнасці розных фактаў, законаў, з’яў, працэсаў. Так, літаратурныя творы, якія патрабуюць пэўных гістарычных ведаў, вывучаюцца пасля знаёмства з адпаведнымі тэмамі па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі. Да моманту прачытання “Слова пра паход Ігаравы” ў 9 класе вучні ўжо знаёмы са старажытнарускай гісторыяй, да часу вывучэння рамана “Вайна і мір” — з вайной 1812 года.
Веды, атрыманыя пры вывучэнні хіміі аб каталізатарах, кіслотнай, шчолачнай і нейтральнай рэакцыях асяроддзя, навучэнцы прымяняюць пры вывучэнні пластычнага і энергетычнага абмену па вучэбным прадмеце “Біялогія”. Пры фарміраванні паняцця аб цепларэгуляцыі арганізма (біялогія, 9 клас) прадугледжана апора на веды аб цеплаправоднасці і выпарванні, атрыманыя пры вывучэнні фізікі ў 8 класе.
Пры зніжэнні вучэбнай нагрузкі на навучэнцаў важна разумець, што ў школе ім неабходна атрымаць асновы тых ведаў, якія спатрэбяцца для паўнавартаснага жыцця ў грамадстве і для працягу адукацыі. Акрамя таго, бацькі навучэнцаў павінны ўсведамляць: атрыманне адукацыі для школьніка — гэта няпростая праца, якая патрабуе значных інтэлектуальных і валявых намаганняў. Трэба памятаць аб тым, што развіваецца дзіця тады, калі пераадольвае пэўныя цяжкасці.
— Вольга Уладзіміраўна, як наладжана зваротная сувязь з настаўнікамі? Ці атрымлівае Нацыянальны інстытут адукацыі водгукі педагогаў аб абноўленых праграмах?
— Пытанні, звязаныя з укараненнем абноўленых вучэбных праграм і вучэбных дапаможнікаў, мы пастаянна вывучаем і аналізуем. На нацыянальным адукацыйным партале створаны раздзелы “Новыя вучэбныя праграмы: вывучаем, абмяркоўваем”, “Новыя падручнікі: вывучаем, абмяркоўваем”, дзе кожны зацікаўлены можа напісаць свае прапановы па ўдасканаленні і праграм, і падручнікаў. Падчас доследнай праверкі мы праводзім анкетаванне педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў — вывучаем іх меркаванні аб якасці новых падручнікаў. У снежні 2018 года мы правялі анкетаванне настаўнікаў, каб даведацца іх меркаванне аб абноўленых вучэбных праграмах для 2—4, 7 і 8 класаў. У ім прынялі ўдзел больш за 31 тысячу педагогаў з усіх рэгіёнаў краіны. Пасля апрацоўкі вынікі анкетавання будуць разгледжаны ў рабочых групах, якія распрацоўвалі абноўленыя праграмы, на пасяджэннях прадметных секцый навукова-метадычнага савета, стануць тэмай для абмеркавання на розных семінарах з педагогамі.
А што думаюць педагогі-практыкі наконт абноўленых вучэбных праграм? Прапануем вашай увазе некаторыя меркаванні.
Іван Уладзіміравіч МУХІН, настаўнік фізікі гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна:
— Асноўная мэта вучэбнага прадмета “Фізіка” на раннім этапе навучання — азнаямленне навучэнцаў з элементарнымі паняццямі прыроды рэчаў. У вучэбнай праграме 7 класа гэта рэалізуецца ў поўнай меры: уводзіцца класіфікацыя фізічных з’яў і велічынь, асноўныя прынцыпы эксперымента, вывучаецца будова рэчыва, віды і прычыны руху, асаблівасці дзеяння газаў і вадкасцей, асобная ўвага ўдзяляецца атмасфернаму ціску. Завяршаецца курс увядзеннем паняцця энергіі, што дазваляе ажыццявіць лагічны пераход да вучэбнага матэрыялу 8 класа.
У 8 класе вывучаюцца практычна ўсе фізічныя з’явы: цеплавыя, электрамагнітныя, аптычныя. Узровень складанасці вучэбнай праграмы 8 класа значна перавышае ўзровень складанасці 7 класа. Гэта непазбежна і звязана з тым, што падключаецца ў большай ступені матэматычны апарат (значна больш разліковых фізічных задач). Тым не менш фізіка ў 8 класе вельмі разнастайная і дазваляе значна пашырыць кругагляд дзяцей. Такім чынам, вучэбная праграма па фізіцы ў сярэднім звяне адпавядае сучасным тэндэнцыям рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў адукацыі.
Зінаіда Іванаўна МАРОЗ, настаўніца фізікі сярэдняй школы № 19 імя Янкі Купалы Мінска:
— Змест вучэбнага прадмета “Фізіка” ў 7 і 8 класах прадстаўлены на ўзроўні фізічных з’яў, структуруецца на аснове разгляду розных форм руху матэрыі ў парадку іх ускладнення (механічныя з’явы, цеплавыя з’явы, электрамагнітныя з’явы, светлавыя з’явы). У 9 класе вывучаецца механіка, вучэбны матэрыял канцэнтруецца па генеральных лініях: асновы кінематыкі, класічны прынцып адноснасці; законы руху Ньютана; законы захавання ў механіцы. Змест вучэбнага прадмета з’яўляецца адносна завершаным на этапе атрымання базавай адукацыі.
Частка матэрыялу (з раздзела “Сілы”) з праграмы 7 класа перанесены для вывучэння ў 9 клас. Змест праграмы адлюстроўвае цэласнасць сістэмы вучэбнага матэрыялу і дазваляе ўбачыць яго паўнату і ўнутраныя сувязі.
У гэтай вучэбнай праграме адзначаны актуальнасць, навізна мэт і задач курса фізікі для 7—8 класаў на базавым узроўні, апісана вучэбна-пазнавальная дзейнасць навучэнцаў, іх інфармацыйна-камунікатыўная, рэфлексіўная дзейнасць, а таксама прагноз чаканых вынікаў і асноўныя патрабаванні да вучэбнай дзейнасці вучняў. Змест праграмы суадносіцца з мэтамі адукацыі на сучасным этапе, садзейнічае развіццю ў вучняў самастойнасці мыслення, здольнасці да самаарганізацыі, фарміраванню гатоўнасці да творчага навучання.
Хацелася б адзначыць звязнасць і лагічнасць структуравання вучэбнага матэрыялу. Патрабаванні, якія прад’яўляюцца да ведаў і ўменняў вучняў у выніку вывучэння кожнага раздзела праграмы, апісаны падрабязна і грунтоўна, што дапамагае настаўніку кантраляваць якасць засваення матэрыялу. Зыходзячы з вопыту работы, можна адзна-чыць абгрунтаванасць запланаванага вучэбнага часу для вывучэння тэм, раздзелаў курсаў фізікі.
Вельмі важным для навучэнцаў з’яўляецца фарміраванне агульнавучэбных уменняў і навыкаў у вырашэнні практычных задач, звязаных з выкарыстаннем фізічных ведаў. Навучэнец можа і павінен умець разлічыць энергаспажыванне ў кватэры, разумець, адкрываючы кран з вадой, чаму і як вада падымаецца на 9 або 20 паверх дома.
З вопыту работы мяне і маіх калег магу сцвярджаць, што нашым вучням цікавы прадмет “Фізіка”. Яны з лёгкасцю авалодваюць уяўленнямі аб фізічнай карціне свету, імкнуцца да разумення ролі фізікі ў жыцці грамадства, узаемасувязі развіцця фізікі і іншых навук (у прыватнасці, матэматыкі), тэхнікі, сучасных тэхналогій, развіцця грамадства. Школьнікі зацікаўлены ў дадатковых занятках на павышаным узроўні, каб годна выступіць на алімпіядах, прыняць удзел у конкурсах.
Зоя Яўгенаўна ВІНАГРАДАВА, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 1 Лагойска Мінскай вобласці, настаўнік-метадыст, член клуба “Крыштальны журавель”:
— У аснове зместу вучэбных праграм па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі тры падыходы: храналагічны, краіназнаўчы і параўнальна-гістарычны. Гэта дазваляе вывучаць як гісторыю асобных народаў, краін, рэгіёнаў, так і вылучаць асаблівасці іх развіцця, падводзіць навучэнцаў да разумення агульных і асобных тэндэнцый развіцця чалавецтва. Пры гэтым праграмы не перагружаны фактычным матэрыялам.
У вучэбнай праграме па сусветнай гісторыі (2017) заяўлены кампетэнтнасны падыход. Характарыстыка яго прыводзіцца ў тлумачальнай запісцы, а сутнасць падыходу раскрываецца ў патрабаваннях да вынікаў вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў. І гэта вельмі важна для настаўніка. Прычым у патрабаваннях да вынікаў вучэбна-пазнавальнай дзейнасці прасочваецца ўзрастанне яе складанасці. Такім чынам, яны паказваюць кірунак развіцця вучняў у працэсе вывучэння гісторыі.
Падчас работы па новых вучэбных праграмах ужо выявіліся некаторыя недахопы: некарэктнасць некаторых фармулёвак, розныя падыходы да вывучэння гісторыі заходніх і паўднёвых славян (7—8 клас), суадносіны гадзін на вывучэнне раздзелаў; нязначная колькасць факталагічных памылак; недастатковая прапрацаванасць патрабаванняў да вынікаў вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў 7—8 класаў.
Усе гэтыя недахопы лёгка выправіць. Вялікую праблему, на мой погляд, уяўляе тое, што для паспяховага ажыццяўлення міжпрадметных сувязей неабходна прадугледзець, як суадносіцца матэрыял, які вывучаецца ў ходзе вывучэння беларускай і рускай літаратуры, геаграфіі і гісторыі.
Таццяна Валер’еўна ШЫМАНОВІЧ, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 125 Мінска:
— Новыя праграмы па рускай мове і літаратуры складана назваць абсалютна новымі. На нацыянальным адукацыйным партале, у творчых групах пры Міністэрстве адукацыі і ў многіх школах прайшло абмеркаванне прадугледжаных змен.
Праграма па рускай мове зведала найменшыя змены: педагогі і метадысты адзначылі лагічнасць, выразнасць, сістэмнасць яе пабудовы, адпаведнасць узроставым асаблівасцям навучэнцаў. Па просьбах настаўнікаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаванні праектаў праграм, былі скарэкціраваны гадзіны, адведзеныя на вывучэнне асобных цяжкіх для засваення вучнямі тэм і на развіццё маўлення, канкрэтызаваны віды работ, прапанаваныя для замацавання і кантролю асваення моўнай, маўленчай, камунікатыўнай і лінгвакультуралагічнай кампетэнцый.
Як педагог з дваццацігадовым стажам хачу адзначыць, што новая, ужо дзеючая праграма па мове садзейнічае фарміраванню ў навучэнцаў сістэмы ведаў пра мову і маўленне (тэарэтычныя веды падаюцца на навуковай аснове ў адпаведнасці з узростам навучэнцаў і рыхтуюць трывалую платформу для набыцця навыкаў); стварае ўмовы для навучання школьнікаў эфектыўнаму выкарыстанню рускай мовы ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці (больш увагі ўдзяляецца рабоце з тэкстам — сачыненні-апісанні, сачыненні-апавяданні на II ступені, сачыненні-разважанні на III ступені; пераказы з дадатковымі заданнямі).
У праграме па рускай літаратуры прадстаўлены творы высокамастацкія, правераныя часам, якія спрыяюць фарміраванню ў навучэнцаў агульначалавечых маральных і эстэтычных каштоўнасцей, накіраваныя на выхаванне грамадзянскасці, патрыятызму, павагі да іншых народаў, асобы чалавека, міласэрнасці, душэўнай чуласці. Выразна прасочваецца пераемнасць этапаў літаратурнага навучання.
З мэтай рэалізацыі прынцыпу завершанасці базавай адукацыі ў праграме па літаратуры былі таксама скарэкціраваны тэрміны і аб’ём вывучэння некаторых твораў, адрэдагаваны спісы твораў для дадатковага чытання, дакладна пазначаны пералік і аб’ём твораў для завучвання на памяць.
У адпаведнасці з сучаснымі ўмовамі, для эфектыўнага засваення зместу адукацыі па прадмеце ў праграме па літаратуры больш увагі ўдзяляецца пытанню ўвасаблення літаратурных твораў у іншых відах мастацтва, што дазваляе часцей выкарыстоўваць аўдыявізуальныя і электронныя сродкі навучання пры вывучэнні многіх твораў і тым самым актывізаваць пазнавальную і літаратурна-творчую дзейнасць навучэнцаў.
Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара і з асабістага архіва В.У.Зелянко.