Школьныя старты

У гэты суботні дзень настаўнікі сярэдняй школы № 23 Гродна змянілі дзелавы дрэс-код на спартыўную форму і адправіліся ў спартыўную залу і на стадыён здаваць нарматывы Дзяржаўнага фізкульурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь.

23-я гродзенская школа мае добрыя спартыўныя традыцыі. На працягу апошніх гадоў займае першыя і другія месцы ў круглагадовай спартакіядзе сярод малакамплектных школ горада. Тут створаны спартыўныя класы па гандболе, вучні якіх выступаюць у складзе гандбольнага клуба “Гараднічанка”. У 2017 годзе ў школе адкрылі футбольны клас.

— У нас працуюць вельмі добрыя настаўнікі фізічнай культуры і здароўя, ды і астатнія педагогі павінны ва ўсім быць прыкладам для вучняў, у тым ліку ў прынцыпах здаровага ладу жыцця, — гаворыць дырэктар школы Аліна Фядуцік. — На старты ДФАК выйшлі больш за 90 чалавек: настаўнікі, тэхнічныя работнікі, нават тыя, хто ўжо дасягнуў пенсіённага ўзросту. Канечне, добра прадэманстраваць высокую спартыўную форму, але галоўнае — пераадолець сябе, паўдзельнічаць у гэтых стартах.

Настаўнік працоўнага навучання Юрый Грышчук сёлета падрыхтаваў чатырох удзельнікаў раённай алімпіяды, і на стартах ДФАК таксама прадэманстраваў добрыя вынікі — быў адным з лепшых у сваім калектыве. Так што спорт рабоце толькі дапамагае.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.