Шлях да душы дзіцяці — дабрыня і павага

Напэўна, кожны выхавальнік дзіцячага сада скажа, што яго прафесія — гэта не проста род заняткаў, а нешта большае — стыль жыцця, а дзіцячы сад, без перабольшання, другі дом. Работнікі ясляў-сада № 4 Кіраўска Магілёўскай вобласці накіроўваюць свае сілы, веды і вопыт на тое, каб стварыць спрыяльную атмасферу для развіцця сваіх выхаванцаў, іх характару, асобасных якасцей, якія дапамогуць ім зрабіць першыя крокі ў дарослае жыццё. Узначальвае ўстанову на працягу 11 гадоў таленавіты педагог і клапатлівы кіраўнік Таццяна Віктараўна Арцюхова. У гэтым годзе калектыў 10 раз запар стаў пераможцам раённага спаборніцтва сярод устаноў дашкольнай адукацыі на лепшую арганізацыю работы.

Таццяна Віктараўна родам з вёскі Баравіца Кіраўска­га раёна Магілёўскай воб­ласці. Пасля заканчэння Ма­гі­лёўскага педагагічнага вучылішча імя К.Д.Ушынскага больш за 14 гадоў працавала выхавальнікам у дзіцячым садзе Барчычаў Кіраўскага раёна. Скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова, з’яўляецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў.

“Наш дзіцячы сад — гэта сапраўдны аазіс сярод жылога масіва Кіраўска, які ўключае ў сябе двухпавярховы добраўпарадкаваны будынак, што летам патанае ў зеляніне і кветках, — расказвае Таццяна Віктараўна. — Нават не верыцца, што больш за 40 гадоў назад установа размяшчалася ў старым прыстасаваным памяшканні, што знаходзілася на тэрыторыі цяперашняй гульнявой пляцоўкі. Я трэці кіраўнік дзіцячага сада, і мне былі цікавыя яго гісторыя, станаўленне, традыцыі. Інфармацыю збірала па крупінках, па ўспамінах ранейшых работнікаў установы. Пазнаёмілася з папярэднімі кіраўнікамі, чый вопыт быў для мяне каштоўным. Я цвёрда пераканана, што поспех любой справы — у супрацоўніцтве, апоры на каманду — моцную, дружную, згуртаваную, адказную. Работа ў камандзе дае магчы­масць рэалізаваць прафесійныя задумы, ствараць спрыяльны клімат у калектыве, эфектыўна ўзаемадзейнічаць з бацькамі і шэфамі. Разам мы працуем як зладжаны механізм, якому па сілах выра­шыць многія задачы. Дэвіз нашай установы — “Шлях да душы дзіцяці — дабрыня і павага!”. Я ж кіруюся наступнымі словамі: “Калі жадаеце дасягнуць у жыцці поспеху, зрабіце настойлівасць сваім лепшым сябрам, вопыт — мудрым дарадцам, асцярожнасць — старэйшым братам, а надзею — анёлам-ахоўнікам”.

Зараз у калектыве ясляў-сада № 4 Кіраўска 24 супрацоўнікі, з іх 11 педагогаў, пад апекай якіх — 80 выхаванцаў. У цэнтры іх увагі пры рабоце з дзецьмі — пытанні здаровага ладу жыцця, бяспекі жыццядзейнасці, удасканаленне розных форм развіцця малых. У якасці прыкладу можна прывесці цеснае ўзаемадзеянне ўстановы са Свята-Пакроўскай царквой Кіраўска. Дарэчы, асновы гэтай работы былі закладзены другім кіраўніком установы Т.А.Пугачовай. Сярод прыярытэтных напрамкаў работы — умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, добраўпарадкаванне тэрыторыі з новымі архітэктурнымі формамі. Двор дзіцячага сада радуе кветнікамі, “казачнымі” куткамі вольнага часу для дзяцей.

Асаблівую ўвагу педагогі ўдзяляюць набыццю выхаванцамі ведаў аб малой радзіме: праводзяць дыдактычныя гульні “Я — Кіраўск, ты — мая часцінка”, “Віды горада”, завочныя падарожжы і віртуальныя экскурсіі па горадзе. Педагогі штогод становяцца пераможцамі раённага конкурсу фотаработ “Мая малая радзіма Кіраўшчына”. Ва ўстанове рэалізуецца абласны праект “#Мая_Зямля_Прыдняпроўе”, у рамках якога прой­дзе конкурс “Вандроўка ў мінулае”. Выхаванцы ўжо пазнаёміліся з нацыянальным кутком (у форме вуснага часопіса “Беларуская скарбонка”), вывучылі найбліжэйшае прыроднае асяроддзе сваёй установы.

Педагог — гэта прызванне, якое праяўляецца ў таленце, жаданні тварыць, любові да сваёй справы і пастаянным самаразвіцці. У 2020 годзе намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ўстановы Наталля Мікалаеўна Хахлова перамагла ў абласным конкурсе на лепшую публікацыю на экалагічную тэматыку, выхавальніца Алена Мікалаеўна Лукашова стала пераможцай раённага конкурсу прафесійнага майстэрства сярод выхавальнікаў устаноў дашкольнай адукацыі. Выхавальніца Марына Мікалаеўна Пархамовіч у мінулым годзе перамагла на раённым фестывалі для педагагічных работнікаў “Сучасныя сродкі навучання: ад ідэі да ўвасаблення” і раённым этапе рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў “Зялёная школа”. На раённым фестывалі “Бяспечнае дзяцінства” педагог атрымала дыплом І ступені за дыдактычны дапаможнік з гульнямі для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту ў выглядзе пажарнай машыны. Летась выхаванец Марыны Мікалаеўны Цімафей Дударэнка ўдзельнічаў у конкурсе творчых работ сярод дзяцей “Я ў ратавальнікі б пайшоў!”. З дапамогай дарослых яму ўдалося з дзіцячага веласіпеда зрабіць узор арыгінальнай пажарна-выратавальнай тэхнікі. Цімафей быў узнагароджаны дыпломам І ступені раённага і дыпломам ІІІ ступені абласнога конкурсу.

Выхаванцы ясляў-сада № 4 Кіраўска атрымліваюць узнагароды на раённых конкурсах даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзро­сту “Я — даследчык”, на працягу 2020 года заваявалі 32 дыпломы ў творчых конкурсах. Так, Уладлена Кашталенка ўзнагаро­джана дыпломам ІІІ ступені абласнога адкрытага творчага конкурсу малюнкаў “Усе фарбы жыцця для цябе, мама” ў намінацыі “Падарунак маме”, Ксенія Белаглазава атрымала сертыфікат VII Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Нашы выхаванцы былі актыўнымі ўдзельнікамі творчых конкурсаў Бабруйска-Быхаўскай епархіі БПЦ, конкурсу дзіцячых малюнкаў “Прабег. Мінскі паўмарафон вачыма дзяцей” Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

Надзея ЦЕРАХАВА.