Шлях да мары — па-за зонай камфорту

- 12:15Адукацыйная прастора

Кацярына Сяргееўна Ярмолік з дзяцінства марыла стаць настаўнікам, і яе жаданне здзейснілася. Яна выкладае беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 10 Баранавіч Брэсцкай вобласці. Прафесійную дзейнасць пачала выхавальнікам у дзіцячым садзе. Наступным доўгачаканым крокам стала школа, якую маладая настаўніца называе працай сваёй мары.

У дзіцячыя гады Кацярына больш за ўсё любіла гуляць з сябрамі ў школу. Сама пры гэтым, вядома ж, была ў ролі настаўніцы. Адметна, што гульня прымала даволі сур’ёзны абарот: былі і журнал наведвання, і адзнакі, і раздатачны матэрыял. У больш свядомым узросце сітуацыя істотна не змянілася. Дзяўчына любіла дзяліцца з сябрамі новай інфармацыяй, якая яе найбольш уразіла. І ўсё часцей уяўляла, як у будучыні будзе займацца са сваімі вучнямі.

— Я невыпадкова стала менавіта настаўнікам-мовазнаўцам, — дзеліцца сваёй гісторыяй К.С.Ярмолік. — У школьныя гады асабліва падабалася вучыць мовы, разбірацца ў іх асаблівасцях, выконваць разнастайныя заданні. Сярод іншых заўсёды вылучала родную мову. Такое стаўленне да яе мне прывіла любімая настаўніца беларускай мовы сярэдняй школы № 21 Баранавіч Вольга Вікенцьеўна Хвайніцкая. Разам з ёй мы старанна рыхтаваліся да алімпіяд, конкурсаў і станавіліся прызёрамі. Гэта быў каштоўны вопыт для мяне. Я бачыла прафесіяналізм, дабрыню, адкрытасць сваёй настаўніцы. І сёння, калі я ўжо сама педагог, гэтыя якасці сталі для мяне галоўнымі ў рабоце і ва ўзаемаадносінах з вучнямі і калегамі. 

Кацярына вучылася ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна на факультэце замежных моў па спецыяльнасці “Сучасныя замежныя (англійская, нямецкая) мовы (выкладанне)” са спецыялізацыяй “беларуская мова і літаратура”. Падчас вучобы прымала актыўны ўдзел у розных конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях, з’яўлялася членам клуба “Білінгв”. Са сваёй дыпломнай работай (навуковы кіраўнік — прафесар кандыдат педагагічных навук Валянціна Фёдараўна Сацінава), якая была выканана на аснове края­знаўчага матэрыялу, прыняла ўдзел у XXII Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў. У выніку К.С.Ярмолік стала лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.

Так склалася, што сваю педагагічную дзейнасць Кацярына Сяргееўна пачынала не ў школе, а выхавальнікам у яслях-садзе № 44 Баранавіч. Гэты вопыт аказаўся для яе вельмі карысным, дапамог адчуць высокую адказнасць за сваіх падапечных. Спачатку вельмі хвалявалася, як справіцца з новай сітуацыяй — працай у садку. Але дзякуючы любові да дзяцей, дапамозе калег, хутка адчула сябе больш спакойна і ўпэўнена. Аднак даўняя мара працаваць менавіта ў школе не пакідала яе.

— За тры гады я, безумоўна, ужо прывыкла да калектыву, добра спраўлялася са сваімі абавязкамі, — расказвае Кацярына Сяргееўна. — Але, каб не стаяць на месцы і не адмаўляцца ад сваіх мар, час ад часу неабходна выходзіць за межы зоны камфорту. Мне важна было зрабіць наступны крок, каб усё атрымалася так, як я хацела.

Сёлета для Кацярыны Сяргееўны пачаўся новы доўгачаканы перыяд жыцця. Яна стала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 10 Баранавіч. Па яе адчуваннях, у яе быццам крылы расправіліся. Хаця Кацярына Сяргееўна працуе ў школе нядоўга, яна паспела добра зарэкамендаваць сябе. З самага пачатку заняла актыўную пазіцыю, прадэманстравала жаданне развівацца, пазітыўны настрой і гатоўнасць далучыцца да любой школьнай справы. 

— Як у маладога спецыяліста ў мяне ёсць вопытны настаўнік. Гэта Валянціна Міхайлаўна Ленкавец. Звяртаюся да яе па ўсіх пытаннях адносна адукацыйнага працэсу, — расказвае К.С.Ярмолік. — У любой сітуацыі мне заўсёды дапамагаюць знайсці правільнае рашэнне дырэктар нашай школы Ірына Іванаўна Петручэня і намеснікі дырэктара Тамара Анатольеўна Пацэвіч, Святлана Іванаўна Нікалаева і Мікалай Віктаравіч Арнольбік.

Маладая настаўніца спрабуе свае сілы ў розных конкурсах. Напрыклад, нядаўна яна прымала ўдзел у конкурсе навукова-практычнай літаратуры і педагагічнага вопыту “Беларусь — мая краіна, Беларусь — мая сям’я”, дзе прадстаўляла свой праект “Хімія любові настаўніка”. Было нечакана і прыемна, калі даведалася, што ён заняў 1-е месца на гарадскім этапе ў намінацыі “Лёс чалавека ў лёсе малой радзімы”.

Зараз Кацярына Сяргееўна з імпэтам працуе над артыкулам для навукова-практычнай канферэнцыі “Баранавіцкі рэгіён на гістарычна-культурнай карце краіны”, прымеркаванай да 150-годдзя з дня заснавання горада. Вучні К.С.Ярмолік бяруць прыклад з настаўніцы і таксама прымаюць актыўны ўдзел як у афлайн-, так і ў анлайн-конкурсах. Не прымусілі сябе чакаць і першыя поспехі: пахвальны ліст за актыўны ўдзел у рэспубліканскім гістарычна-літаратурным дыстанцыйным конкурсе “Уладзімір Караткевіч”; першае месца ў гарадскім этапе рэспубліканскага інтэрнэт-конкурсу літаратурных работ “АЗБУКа пачуццяў” у рамках праекта Script.Art.by.

Маладая настаўніца арыентуецца ў рабоце на рэакцыю сваіх вучняў, вызначае, якія метады і прыёмы прыносяць найбольшы плён. На іх і робіць стаўку на ўроках. Так, заўважыла, што дзецям падабаецца працаваць не самастойна, а ў парах і групах, не выконваць руцінныя практыкаванні ў сшытках, а выкарыстоўваць электронныя сродкі навучання, вучыцца не па гатовым матэрыяле, а сумесна займацца пошукам неабходнай інфармацыі.

— Сучасныя электронныя сродкі навучання вельмі дапамагаюць на ўроках беларускай літаратуры, — расказвае Кацярына Сяргееўна. — Вучні могуць паглядзець відэаролікі аб жыцці пісьменнікаў, фрагменты фільмаў, якія былі зняты па творах, і такім чынам быццам перанесціся ў іншы час, пагрузіцца ў яго атмасферу. Зараз я больш глыбока вывучаю метады і прыёмы тэхналогіі крытычнага мыслення. Вучням яны таксама прыйшліся даспадобы. Цяпер я не знаёмлю дзяцей з гатовым новым матэрыялам, а выкарыстоўваю прыёмы “Кластар”, “Кошык ідэй”, “Сінквейн”, каб дзеці вучыліся самастойна шукаць і падбіраць інфармацыю.

Рэфлексію на сваіх уроках настаўніца таксама стараецца праводзіць разнастайна. Тут вельмі дарэчы прыёмы “Воблака тэгаў”, “Тры М”, “Інтэрв’ю” і інш. Яны дапамагаюць зрабіць урок больш цікавым, развіваюць аналітычнае мысленне вучняў, дапамагаюць ім сістэматызаваць свае веды.

Для маладой настаўніцы важна быць на адной хвалі з вучнямі, быць ім сябрам і пры гэтым не парушыць субардынацыю. Яна імкнецца вучыць правілам не толькі мовы, але і жыцця. Карыстаецца любой магчымасцю, каб рабіць гэта на сваіх прадметах і не толькі. Акрамя выкладання беларускай мовы і літаратуры, з’яўляецца кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Асновы праваслаўнай культуры”. Яна не чараўнік, але старанна вучыцца, каб вырасці ў сапраўднага прафесіянала.

Таццяна ШЫМКО.