“Шлях да поспеху” працягваецца

З верасня стартуе другі этап сумеснага сацыяльнага дабрачыннага праекта Індустрыяльна-педагагічнага каледжа ВДТУ і ўнітарнага прадпрыемства “Элект” грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”.

У мінулым годзе ў рэалізацыі праекта “Шлях да поспеху”, накіраванага на сацыяльную адаптацыю людзей з абмежаванымі магчымасцямі, была задзейнічана ініцыятыўная група, якая аб’яднала каля 30 навучэнцаў. Штотыдзень або раз у два тыдні, у залежнасці ад вучэбнай нагрузкі ў каледжы, у вячэрні час валанцёры праводзілі для слабавідушчых людзей лекцыі, практычныя заняткі і майстар-класы па касметыцы і касметычным догля­дзе, макіяжы і прычосках. Звычайна ў падгрупах займалася 9—10 чалавек, а ўсяго за навучальны год праз праект прайшло больш за 20 работнікаў “Электа”. Заняткі адбываліся непасрэдна на прадпрыемстве. Завяршыўся першы этап праекта святам з яркай канцэртнай праграмай і паказальнымі выступленнямі ўдзельнікаў. 

— Намі была распрацавана спецыяльная адукацыйная праграма, яна потым увайшла ў зборнік па праекце, — расказвае дырэктар каледжа Святлана Лапухіна. — Перад тым як адправіцца весці заняткі, навучэнцы праходзілі псіхалагічныя трэнінгі, каб максімальна добра падрыхтавацца да работы з нетыповай мэтавай аўдыторыяй. Праект удаўся, прадпрыемства задаволена і задаволены нашы навучэнцы, таму што атрымалі вялікі сацыяльны вопыт. Мы плануем развіваць гэтую ініцыятыву, але крыху змяніць фармат праекта. Цяпер паспрабуем праводзіць заняткі на базе каледжа, дзе значна лепшая рэсурсная база і ёсць усё неабходнае абсталяванне. Магчыма, так зможам зрабіць іх яшчэ больш даступнымі, эфектыўнымі і карыснымі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.