Шлях да поспеху, ці Як выхаваць пераможцу алімпіяды

- 11:04Адукацыйная прастора

Настаўніца гісторыі гімназіі № 6 Маладзечна Алена Ігнацьеўна Мацкевіч на жнівеньскай канферэнцыі педагагічных работнікаў Мінскай вобласці была адзначана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі. Высокую ўзнагароду яна атрымала за добрасумленную, плённую працу, творчы падыход, поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення. Вялікай радасцю для Алены Ігнацьеўны заўсёды былі перамогі яе вучняў, сярод якіх пераможцы розных этапаў, у тым ліку і заключнага, рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.

Настаўніца са сваім навучэнцам Аляксеем Топалем.

Заўважыць і павысіць цікавасць

У свой час Алена Ігнацьеўна сярод іншых школьных прадметаў выбрала для сябе гісторыю. З цеплынёй і ўдзячнасцю яна ўспамінае першага дырэктара сярэдняй школы № 6 (зараз гімназіі № 6) Маладзечна, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Сцяпана Цімафеевіча Дзямешка і педагога Уладзіміра Эдуардавіча Рудзіка, якія паўплывалі на сферу яе інтарэсаў і выбар прафесіі. Абодва педагогі выкладалі гісторыю і рабілі гэта так, што хацелася вывучыць як мага больш інфармацыі па гэтым важным, захапляючым прадмеце, дакрануцца да таямніц гісторыі.

Ужо 30 гадоў Алена Ігнацьеўна, як і некалі яе настаўнікі, стараецца працаваць так, каб  вучні не заставаліся абыякавымі, імкнецца разварушыць іх, выклікаць цікавасць, жаданне разабрацца ў тым, што адбывалася ў свеце ў розныя часы. З самага пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці яна працуе ў той жа ўстанове, дзе вучылася сама. На момант заканчэння гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта гэта было адзінае вакантнае месца па яе спецыяльнасці ва ўстановах адукацыі роднага горада. І для А.І.Мацкевіч яно стала адзіным працоўным месцам на ўсё жыццё. З самага пачатку вельмі хацелася адпавядаць усім прафесійным патрабаванням, тым больш што побач былі педагогі, якія вучылі і выхоўвалі яе. Алена Ігнацьеўна стала іх дастойнай пераемніцай, аднак пра ўласныя поспехі яна згадвае вельмі сціпла. Затое вельмі ахвотна і падрабязна расказвае пра сваіх вучняў.

— Прыемна, што мая праца высока ацэнена, — адзначае Алена Ігнацьеўна. — Аднак больш за ўсё я радуюся поспехам маіх вучняў, іх любым дасягненням і перамогам. Мне важна, што для многіх гісторыя стала адным з любімых прадметаў, што ў іх з’явілася жаданне быць дасведчанымі, шукаць інфармацыю, аналізаваць яе. Некаторыя па маім прыкладзе нават вырашылі звязаць з гэтым прадметам свой лёс і паступілі на гістарычны факультэт. Сярод навучэнцаў і выпускнікоў ёсць прызёры алімпіяд рознага ўзроўню, а таксама стыпендыяты спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Кожны поспех дзіцяці, якога я вучу, — найвялікшая радасць для мяне і лепшае натхненне на далейшую дзейнасць.

З першага ўрока Алена Ігнацьеўна імкнецца выклікаць у пяцікласнікаў цікавасць да свайго прадмета і пры гэтым заўважыць тых, у каго асабліва “загарэліся” вочы, каму недастаткова таго, што напісана ў падручніку. Затым крок за крокам настаўніца акуратна накіроўвае такіх дзяцей, каб агеньчык іх цікавасці не згас, а наадварот, у разы павялічыўся. Аднак вопытная настаўніца папярэджвае: нельга спрабаваць сілком павярнуць вучня ў бок свайго прадмета. Дзіця павінна зрабіць выбар свядома і самастойна, каб пасля ў яго не было расчараванняў і шкадаванняў аб тым, што час і сілы былі патрачаны не на тое.

— Не варта думаць, што пяцікласнікаў яшчэ рана рыхтаваць да ўдзелу ў алімпіядным руху, — дзеліцца сваімі думкамі настаўніца. — Вялікае заўсёды вырастае з малога. Важна з самага пачатку павышаць цікавасць да свайго прадмета, не пакідаць зацікаўленае дзіця без увагі, акуратна весці за сабой, паступова прапаноўваючы яму ўсё больш складаныя заданні. Для гэтага варта час ад часу раіць фільмы і кнігі для дадатковага азнаямлення, прыводзіць цікавыя факты.

Ствараць сітуацыі поспеху

У Алены Ігнацьеўны склалася свая сістэма работы з адоранымі дзецьмі, і настаўніца ўпэўнена: менавіта дзякуючы такому падыходу ўдаецца дасягаць поспехаў. Адзін з правераных спосабаў зацікавіць дзіця — даць яму індывідуальнае заданне: падрыхтаваць паведамленне на пэўную тэму ці правесці даследаванне. Тэма, безумоўна, павінна быць такой, каб яна зачапіла і выклікала жаданне не абмяжоўвацца школьным падручнікам. Пры гэтым важна тое, што ў выніку вучань будзе выступаць перад класам, а значыць, акажацца ў ролі эксперта для аднакласнікаў, будзе адказваць на іх пытанні. Гэта і ёсць сітуацыя поспеху, якая пакіне прыемныя ўражанні ў дзіцяці. Вельмі верагодна, што яму захочацца і далей быць паспяховым, паўтарыць такую сітуацыю зноў і зноў. І гэта менавіта той шлях, на які мудра накіроўвае сваіх патэнцыяльных алімпіяднікаў Алена Ігнацьеўна.

— З самага пачатку варта пастарацца стварыць такую сітуацыю поспеху, — раіць А.І.Мацкевіч. — Гэта тонкі псіхалагічны момант. Пасля ў дзяцей, якія перажылі падобную сітуацыю, з’яўляецца імкненне лепш вучыцца, старацца. Яны адчуваюць павагу з боку педагога і аднакласнікаў, падтрымку бацькоў. Выкананая імі работа прыводзіць да станоўчых вынікаў, і гэта не толькі высокая адзнака, але і ўласнае задавальненне.

Акрамя таго, асобна займацца менавіта з зацікаўленымі дзецьмі дазваляюць факультатывы. Алена Ігнацьеўна арганізоўвае работу так, каб заняткі праходзілі ярка і цікава. Тут патрэбны новыя факты, трактоўкі, дакументы і кнігі, даследаванні. Адна з асноўных задач — здзівіць вучняў інфармацыяй. Таксама абавязкова трэба абмяркоўваць цікавыя звесткі, вучыць аналізаваць інфармацыю, рабіць уласныя вывады.

У залежнасці ад тэмы факультатыўных заняткаў настаўніца выбірае пэўную форму іх правядзення. Часам гэта факультатывы-лекцыі ці заняткі з элементамі праектнай дзейнасці. Таксама вучням даспадобы факультатывы з элементамі тэхналогіі крытычнага мыслення, на якіх ім даводзіцца працаваць з тэкстамі і ілюстрацыямі, складаць кластары.

Здзівіць і даць свабоду

Год за годам Алена Ігнацьеўна назірае перамены: сучасных вучняў здзівіць усё складаней. Сёння інфармацыя больш даступная, часта яе так многа, што цяжка прыцягнуць увагу дзяцей да матэрыялу. Таму варта шукаць новыя падыходы да яго падачы. Адным з удалых варыянтаў, на які нярэдка робіць стаўку Алена Ігнацьеўна, стала стварэнне праектаў. Дзеці, як правіла, з задавальненнем займаюцца такімі міні-даследаваннямі. Пры гэтым яны могуць самі прыдумаць тэму ці выбраць з таго, што прапануе настаўніца. Таксама яны самастойна вырашаюць, працаваць над праектам індывідуальна ці ў парах. Алена Ігнацьеўна ў гэтых пытаннях ідзе насустрач пажаданням навучэнцаў, галоўнае, каб у іх было імкненне паспяхова, з максімальным вынікам рэалізаваць распачаты праект. На канчатковым этапе, падчас выступлення перад класам, абавязкова прадумваецца візуальны рад, у які могуць уваходзіць фотаздымкі, малюнкі, фрагменты фільмаў і інш. Дзякуючы гэтаму, праект ярка і запамінальна прэзентуецца аднакласнікам-слухачам, яны атрымліваюць новыя веды, а выступоўцы — вопыт эфектыўнага прадстаўлення свайго праекта.

У старшых класах можна практыкаваць дыскусіі, абмеркаванні. Аднак Алена Ігнацьеўна заўважыла, што гэтыя формы ўжо не вельмі эфектыўныя ў параўнанні з мінулымі гадамі. Сучасным дзецям больш складана выказваць і перад усімі абараняць свае думкі. Ім больш прывычна працаваць з гаджэтамі, а не доўга гаварыць. У такіх ўмовах варта рабіць стаўку на найбольш вострыя тэмы дыскусій, паступова, пачынаючы з пятага класа, прывучаць дзяцей выказвацца вусна і разважаць уголас.

У сярэдніх класах настаўніца актыўна выкарыстоўвае на сваіх ўроках гульнявыя тэхналогіі, асабліва падчас абагульнення па пэўных тэмах. Дзецям вельмі палюбілася “Свая гульня”, якая ладзіцца па прыкладзе папулярнай тэлеперадачы. Да яе настаўніца папярэдне рыхтуе прэзентацыю з пытаннямі.

— Найбольш эфектыўна такія ўрокі право­дзіць у 5—6 класах, — адначае А.І.Мацкевіч. — Клас дзеліцца на некалькі груп ці каманд. Безумоўна, кожнай камандзе хочацца перамагчы, адчуваецца моцная канкурэнцыя, і дзеці становяцца больш актыўнымі. Такія ўрокі прахо­дзяць вельмі эмацыянальна і гучна, час для ўсіх пралятае непрыметна.

У 11 класе таксама ёсць месца гульнявым момантам. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Асновы працоўнага права” па грамадазнаўстве, якое таксама выкладае Алена Ігнацьеўна, старша­класнікі з задавальненнем мадэлю­юць розныя сітуацыі: субяседаванне з прэтэндэнтам на вакантнае месца, працоўныя спрэчкі і інш.

Зацікавіць вучняў гісторыяй добра дапамагае і краязнаўчы матэрыял. Для самой Алены Ігнацьеўны менавіта гісторыя роднага краю — адна з любімых тэм, і свае асаблівыя адносіны яна імкнецца перадаць вучням. Старонкі гісторыі для іх ажываюць, калі разам з настаўніцай яны адпраўляюцца на экскурсіі па родным горадзе. Яны даведваюцца, дзе і якія будынкі раней стаялі, якія важныя, цікавыя падзеі адбываліся ў знаёмых месцах. Напрыклад, ля вёскі пад Маладзечнам быў знойдзены пояс князя Вітаўта. Побач з чыгуначным вакзалам месціцца будынак канца XIX — пачатку XX стагоддзя, у якім у міжваенны перыяд была турма. Не пакідаецца без увагі мемарыяльны комплекс “Шталаг-342” — помнік ахвярам канцлагера і іншыя памятныя месцы.

Алена Ігнацьеўна практыкуе як экскурсіі, так і завочныя падарожжы. Традыцыйна ла­дзіць урокі “Іх імёнамі названы вуліцы нашага горада”. Пра знакамітых асоб, дзейнасць якіх прыпадае на пэўныя перыяды, расказва­юць вучні. Асабліва цёплая атмасфера пануе на ўроках, калі дзеці дэманструюць фотаздымкі з ўласных сямейных альбомаў. Аднойчы прынеслі нават здымак, зроблены 9 мая 1945 года, на якім была выдатна адлюстравана вялікая радасць ад доўгачаканай навіны аб перамозе.

Падчас такіх момантаў сухія факты ажываюць, здаецца, да іх можна літаральна дакрануцца. Як правіла, пасля ў вучняў узнікае жаданне ўзяцца за праекты, звязаныя з гісторыяй роднага краю. Тэмы яны таксама часта прапаноўваць самі, выбіраючы тое, што ім найбольш блізка. Некаторым дзецям хочацца больш даведацца пра гісторыю вёскі, у якой жывуць яны ці іх сваякі. Так, адна з вучаніц вырашыла даследаваць тэму “Генацыд у гады Вялікай Айчыннай вайны” на прыкладзе сваёй вёскі Краснае Маладзечанскага раёна. Яна з цікавасцю апыт­вала мясцовых жыхароў, якія маглі памятаць аповеды сваіх родных. Атрымалася па-свойму ўнікальная работа, з якой з цікавасцю азнаёміўся ўвесь клас.

Сакрэт — у сістэмным падыходзе

Алена Ігнацьеўна з радаснай усмешкай расказвае пра перамогі сваіх вучняў на рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе ў розныя гады. У іх ліку некалькі лаўрэатаў прэміі спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў: Філіп Некрашэвіч (у 2006 годзе), Іван Палачанін (у 2011-м), Аляксей Варонін (у 2015-м). Усе яны пастаянныя ў­дзельнікі і пераможцы алімпіяд, за што і былі адзначаны. Так, Іван Палачанін з 8 і па 11 класы прымаў удзел у алімпіядах па гісторыі, не прапускаючы ніводнай. Аляксей Варонін на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве заваяваў дыплом ІІ ступені.

Сярод апошніх пераможцаў Аляксей Топаль, ужо таксама лаўрэат названага спецфонду. Настаўніца ганарыцца сваім вундэркіндам: два апошнія навучальныя гады ён займаў І-е месца на абласной алімпіядзе па гісторыі. І гэта пры тым, што юнак ішоў з апярэджваннем і выступаў за 10 клас, калі вучыўся ў 8-м і 9-м. На жаль, мінулай вясной з-за пандэміі не праводзіўся заключны этап алімпіяды для 10 класаў. Аляксею вельмі зацелася паспрабаваць свае сілы і там. Як бы ні склалася яго жыццё і якую б прафесію ён ні выбраў, гісторыя заўсёды будзе яго цікавіць, бо застанецца прага да ведаў і таямніц.

— Асаблівых педагагічных сакрэтаў поспехаў сваіх алімпіяднікаў я назваць не магу, — гаворыць Алена Ігнацьеўна. — На мой погляд, самае галоўнае — сістэмны падыход, пастаянная, карпатлівая праца і жаданне вучыць дзяцей максімальна эфектыўна. Трэба увесь час быць на сувязі не толькі з адоранымі дзецьмі, але і з іх бацькамі. Падбадзёрваць, унікаць у цяжкасці, старацца разам іх пераадолець. Як правіла, калі дзіця пачынае ўдзельнічаць у алімпіядным руху, свядома рыхтуецца да гэтага іспыту, то ўжо становіцца больш самастойным і зацікаўленым і ў ведах, і ў лепшым выніку. І тут варта пастаянна дапамагаць яму, накіроўваць і ў той жа час даць больш свабоды, каб вучань разумеў, што многае ў яго руках і залежыць ад яго самога.

Алена Ігнацьеўна з гордасцю расказвае пра тое, што ў яе і іншых педагогаў маладзечанскай гімназіі № 6 склалася эфектыўная сістэма работы з адоранай моладдзю. Рэалізуецца праграма “Інтэлект. Творчасць. Талент”, дзе агаворваюцца ўсе аспекты работы і ўзаемадзеяння з адоранымі вучнямі і іх бацькамі. Заўсёды перад алімпіядамі некалькі разоў на тыдзень з гімназістамі праводзяцца індывідуальныя заняткі. Пры неабходнасці з вучнем займаюцца не толькі па прадмеце, па якім ён будзе прадстаўляць установу адукацыі на алімпіядзе, але і па іншых, напрыклад, беларускай ці рускай мове. Акрамя таго, калектыўныя і індывідуальныя заняткі ладзіць псіхолаг. Вучні ведаюць, што любы запыт не будзе пакінуты без увагі, іх заўсёды падтрымаюць. У канцы года па рашэнні папячыцельскага савета пераможцы і прызёры атрымліваюць прэміі.

Алена Ігнацьеўна ўпэўнена: кожнаму настаўніку трэба знайсці свой шлях, уласны стыль выкладання. Варта падыходзіць да ўсяго індывідуальна, не проста фармальна капіраваць чыйсці вопыт, а адчуваць кожную сітуацыю, сваіх вучняў і працаваць так, каб і самому было цікава. Настаўнік захапляе, калі ён шчыры, справядлівы і апантаны ўласнай справай!

Таццяна ШЫМКО.