Шлях да прафесійнага майстэрства пачынаецца ў школе

“Найважнейшая задача ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі — сфарміраваць устойлівую матывацыю на далейшае навучанне, атрыманне прафесійных навыкаў і ведаў, якія дапамогуць сённяшняму школьніку ў далейшым развівацца як прафесіяналу, чалавеку, грамадзяніну”, — адзначыў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка падчас сустрэчы са старшакласнікамі Аршанскага раёна.

У адкрытым дыялогу з моладдзю, які адбыўся ў Аршанскім дзяржаўным механіка­эканамічным каледжы, таксама прынялі ўдзел старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Сяргей Сачко, начальнік упраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі, прадстаўнікі органаў кіравання адукацыяй і педагогі. Героямі дня сталі прызёры па JuniorSkills на 45­м Міжнародным чэмпіянаце прафесійнага майстэрства WorldSkills Kazan — 2019. З прысутных юнакоў і дзяўчат многія ўжо вызначыліся з прафесійным выбарам, камусьці яшчэ трэба яго ­здзейсніць.

— Прафесійнае самавызначэнне — складаны выбар, бо мы выбіраем не проста спосаб зараб­ляць сродкі на жыццё, але і лад жыцця, — звярнулася да моладзі метадыст упраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Таццяна Віктараўна Хаткевіч. — Вельмі цяжка выбраць прафесію, што бу­дзе заўсёды падабацца. Легкадумны прафесійны выбар (напрыклад, “сябар пайшоў і я за ім”) — неапраўдана рызыкоўны эксперымент, які можа дорага каштаваць не толькі вам, але і дарагім для вас людзям, грамадству ў цэлым.

Як не памыліцца? Універсальнага гатовага рашэння няма, бо яно для кожнага сваё. Уласным вопытам выбару з навучэнцамі дзяліліся іх равеснікі, якія ўжо зрабілі першыя крокі да прафесійнага майстэрства, і паспяховыя прафесіяналы. Сучасная вытворчасць патрабуе рашэнняў на сумежжы тэхналогіі і творчасці. З падобнымі задачамі даводзіцца спраўляцца не толькі вопытным дыпламаваным спецыялістам, але і таленавітым пачаткоўцам — ­удзельнікам руху WorldSkills. Пра тое, як праходзіў чэмпіянат у Казані, крытэрыі спаборніцтва, прапанаваныя заданні, магчымасці сучаснага высокатэхналагічнага абсталявання і новыя прафесіі ХХІ стагоддзя моладзі расказаў міжнародны эксперт па кампетэнцыі “Такарныя работы на станках з праграмным кіраваннем” дырэктар філіяла РІПА “Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе” Арцём Яўгенавіч Рыбак.

— Найноўшае абсталяванне ёсць у рэсурсным цэнтры, адкрытым на базе Аршанскага дзяржаўнага механіка­эканамічнага кале­джа, — сказаў Арцём Яўгенавіч. — Як за мяжой, так і ў Беларусі работадаўцы стаяць у чарзе за выпускнікамі, якія прайшлі навучанне ў рэсурсных цэнтрах. Так што ўсе магчымасці для якаснай падрыхтоўкі па сучасных стандартах і паспяховай прафесійнай самарэалізацыі ў вас ёсць. Астатняе ў вашых руках.

З чаго пачыналася захапленне тэхнічнай творчасцю, якія гурткі ў гэтым дапамаглі? Якія адборачныя этапы трэба прайсці, каб удзельнічаць у рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах па JuniorSkills? Хто падтрымаў і дапамог на шляху да перамогі? Аршанцы літаральна засыпалі пытаннямі гасцей. Тыя адказвалі шчыра. Так, уладальнік сярэбранага медаля ў кампетэнцыі “Эксплуатацыя беспілотных авіяцыйных сістэм” Максім Парфяновіч прызнаўся, што ў дзяцінстве цікавіўся шмат чым. Потым заняўся мадэляваннем, у 2017 годзе запісаўся на гурток авіямадэльнага спорту — і гэтае захапленне пераважыла ўсе астатнія. 

— Да выбару будучай прафесіі трэба аднесціся вельмі ўважліва і сур’ёзна, — параіў равеснікам сярэбраны прызёр у кампетэнцыі “Інтэграцыя робатасістэм” Ілья Мельнікаў. — На сваім прыкладзе магу сказаць, што з дзяцінства займаўся тэхнікай і разумеў: паступлю на тэхнічную спецыяльнасць. Бліжэй да 9 класа пачаў шукаць каледж, пасля прагляду многіх варыянтаў выбраў аптымальны — і ніводнага разу не пашкадаваў. Алгарытм перамогі ў любой сферы дзейнасці, я думаю, падобны: трэба шу­каць сябе, эксперымента­ваць, не ленавацца і многа працаваць.

Сярэбраны прызёр у кампетэнцыі “Тэхналогія графічнага дызайну” Максім Цароў з усіх гімназічных мерапрыемстваў адразу ўпадабаў конкурсы па графічным дызайне. Поспеху паспрыялі як заняткі па інфарматыцы, так і вучоба ў дзіцячай школе мастацтваў.

— У руху JuniorSkills, WorldSkills кожны малады чалавек можа знайсці штосьці блізкае, важнае і патрэбнае для сябе, — упэўнены Максім. — Удзел у рэспубліканскім этапе спаборніцтва дапамог мне пераканацца: графічны дызайн, творчасць — гэта маё. Дакладна з прафесіяй я не вызначыўся, але ў напрамку цяпер не сумняваюся. Выбар падмацавала перамога ў Казані: калі ты ў чымсьці моцны і табе цікава, трэба ісці далей.

Здольнасці Мікіты Штрауса на практычных занятках на 1 курсе каледжа заўважыў педагог Сяргей Падабед, а падрыхтавацца да чэмпіянату ў Казані дапамог трэнер Міхаіл Ляшкевіч. “Мы заставаліся праца­ваць пасля пар у маі, потым працягнулі падрыхтоўку на канікулах, з раніцы да вечара, часам нават па суботах, — згадаў Мікіта. — Дзякуючы кіраўніцтву нашай установы адукацыі, мне ўдалося пастажыравацца ў Маскве, абмяняцца вопытам з маімі равеснікамі. Дома перад спаборніцтвамі засталося толькі абагульніць веды”. Вынік выдатны: “серабро” ў кампетэнцыі “Полімеханіка і аўтаматызацыя”. На меркаванне Ільі Калько (бронзавы медаль у кампетэнцыі “Вэб­тэхналогіі”), для перамогі на JuniorSkills мала ведаў і творчых здольнасцей, неабходны інжынерны падыход.

— Увесь адукацыйны працэс у школе нацэлены на тое, каб навучэнцы праявілі свае кампетэнцыі, асабістыя якасці ў падрыхтоўцы па прадметах, — адзначыў Ігар Васільевіч Карпенка. — Агульнаадукацыйныя прадметы ва ўсёй іх разнастайнасці ляжаць у аснове будучай прафесійнай дзейнасці. Важныя ўменні сканцэнтравацца ў адукацыйнай прасторы, засвоіць практычныя навыкі ў вывучэнні прадметаў — якраз яны і ствараюць перадумовы таго, каб свядома прыйсці да пэўнай прафесіі. Больш шырокія магчымасці адкрываюць прафесійная падрыхтоўка і профільнае навучанне ў старшых класах. Запатрабаваны прафесіянал павінен умець прымяняць свае веды на практыцы і вало­даць пэўным комплексам асабістых якасцей. Для сучаснага работадаўцы істотныя не толькі рэйтынг установы прафесійнай адукацыі, дзе вучыўся выпускнік, спецыяль­насць і кваліфікацыя, але і яго лідарскія, арганізатарскія, камунікатыўныя здольнасці, уменне рашаць працоўныя задачы ў калектыве. Пры прыёме на работу дадатковым бонусам на карысць кандыдата будуць і наяўнасць вадзіцельскага пасведчання, валоданне камп’ютарам і сучаснымі гаджэтамі, веданне замежнай мовы. На сустрэчах школьнікі часам у мяне пытаюцца: “Навошта выву­чаць літаратуру, калі я збіраюся паступаць на фізічны факультэт?” Гэта няправільны падыход, дадатковую эрудыцыю не варта недаацэнь­ваць, у тым ліку па гуманітарных прадметах. Чым больш рознабакова развіты малады чалавек, чым больш разнастайныя яго кампетэнцыі, тым больш ён канкурэнтны на рынку працы.

Асобна міністр адукацыі спыніўся на пытаннях падрыхтоўкі кадраў пад патрэбнасці рэгіёнаў на прыкладзе Аршаншчыны, уключаючы змяненні ў структуры спецыяльнасцей і спецыялізацый, перспектывы адкрыцця падрыхтоўкі кадраў для Аршанскага авіярамонтнага завода і мэтазгоднасць стварэння ў Оршы ўстановы вышэйшай адукацыі ці філіяла такой установы. У завяршэнне сустрэчы Ігар Карпенка ўручыў пяцярым прысутным прадстаўнікам нацыянальнай юніёрскай зборнай на WorldSkills Kazan — 2019 па­дзякі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.