Шлях да сумеснага поспеху вучня і настаўніка

“Наша моладзь любіць раскошу, яна дрэнна выхавана, яна насміхаецца з начальства і ніколькі не паважае старых. Нашы цяперашнія дзеці сталі тыранамі. Яны не падымаюцца, калі ў пакой уваходзіць пажылы чалавек, грубіяняць сваім бацькам. Папросту кажучы, яны вельмі дрэнныя”. Не паверыце, але прыведзенае выказванне належыць Сакрату, які жыў у 470—399 гадах да нашай эры.

Пагадзіцеся: адным з устойлівых меркаванняў у педагагічнай супольнасці з’яўляецца тое, што якасць вучняў з кожным годам пагаршаецца. Колькі разоў мы чуем ад настаўнікаў: “Вось мае выпускнікі 1990 года складаную задачку рашылі б хутка, а цяперашнія…” Я ўпэўнена, што цяперашнія дзеці не горшыя, яны проста моцна адрозніваюцца ад нас з вамі.

Якая школа, якія ўрокі патрэбны сучасным дзецям? Паспрабую акрэсліць некалькі думак, чаму вучэбны працэс павінен змяніцца і ў якіх напрамках. У сучасных дзяцей іншая сям’я, іншы вопыт, іншыя паводзіны. У іх іншая гісторыя. Улічваючы гэта, адной з галоўных тэндэнцый школьнай адукацыі з’яўляецца вынас урока за сцены класнага пакоя. Гэтыя звышактыўныя дзеці не могуць вучыцца, седзячы адзін за адным. Неабходна пераасэнсаваць урок, ператварыўшы яго ў экскурсію новага тыпу, надаўшы яму характар гульні, квеста, прыгоды. Найбольш актуальным стратэгічным напрамкам развіцця сістэмы адукацыі на сённяшні дзень з’яўляецца асобасна арыентаванае навучанне, дзе на п’едэстал ставіцца асоба дзіцяці, яе самабытнасць, самакаштоўнасць, суб’ектны вопыт кожнага вучня.

Рэалізацыя (поўная або частковая) асобасна арыентаванай адукацыі магчыма толькі праз урок, які застаецца галоўнай формай навучання. Усё астатняе ў школе адыгрывае хоць і важную, але дапаможную ролю, дапаўняючы і развіваючы ўсё, што закладваецца на ўроках. Ацэньваючы работу вучняў, настаўнік тым самым ацэньвае і сваю. Адным з асноўных паказчыкаў паспяховай работы педагога з’яўляецца якасць ведаў вучняў, уменне імі распараджацца. Дасягнуць якасных паказчыкаў у сумеснай творчасці педагога і вучня дазваляе захаванне асноўных падыходаў асобасна арыентаванага навучання:

* рознаўзроўневы падыход — арыентацыя на розны ўзровень складанасці праграмнага матэрыялу, даступнага вучню;

* дыферэнцыраваны падыход — вылучэнне груп вучняў на аснове дыферэнцыяцыі па ведах, здольнасцях, тыпу адукацыйнай установы;

* індывідуальны падыход — размеркаванне дзяцей па аднастайных групах паспяховасці, здольнасцях;

* суб’ектава-асобасны падыход — стаўленне да кожнага дзіцяці як да ўнікальнасці, непаўторнасці.

Дарэчнае выкарыстанне падыходаў, спалучэнне элементаў розных тэхналогій мы ўбачылі, наведаўшы адкрытыя ўрокі настаўнікаў школы, якія традыцыйна праводзяцца ў рамках конкурсу “Настаўнік года”. Урокі настаўнікаў-пераможцаў былі накіраваны на фарміраванне навыкаў аналітычнага чытання, уменне лагічна выкладаць свае думкі. На ўроках рэалізоўваліся наглядны, практычны, слоўны метады навучання, ужывалася тэхналогія фарміравання тыпу правільнай чытацкай дзейнасці. Для развіцця мыслення вучняў выкарыстоўваўся прыём стварэння праблемных сітуацый. Ажыццяўляўся падбор заданняў, якія фарміруюць параметры разумовых аперацый (параўнанне, аналіз, абагульненне, канкрэтызацыя, сістэматызацыя) і ствараюць умовы для развіцця творчага мыслення. Выкарыстанне разнастайных сродкаў навучання дазволіла стварыць адпаведны настрой у дзяцей, забяспечыць уздзеянне на розныя сферы іх дзейнасці (эмацыянальную, уяўленне, асэнсаванне зместу).

Вучні ўсталёўвалі міжпрадметныя сувязі з гісторыяй, геаметрыяй, літаратурай, музыкай. На ўсіх уроках вялася работа па ўзбагачэнні мастацкага светапогляду, слоўнікавага запасу вучняў. Усе дзеці атрымалі магчымасць выказаць сваё меркаванне, зрабіць выснову. На працягу ўрока гучалі пытанні і заданні, якія падахвочвалі, арганізоўвалі, абуджалі, стымулявалі думкі вучняў. У выніку пастаўленыя мэты ўрокаў былі рэалізаваны поўнасцю.

У сучасным свеце становіцца вельмі важна ўмець вучыцца, а хтосьці павінен гэтаму вучыць. Як угаварыць 30 чалавек (і нават больш) дзейнічаць у адным кірунку? Вельмі проста: трэба быць добрым настаўнікам і памятаць асноўныя прынцыпы навучання.

Таццяна СЦЯПУРА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 23 Гродна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *