Асветніцкую акцыю “Памяць — шлях да талерантнасці” ў рамках Тыдня ўстойлівага развіцця правялі сумесна Гомельскае абласное аддзяленне Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА” і музей гісторыі Гомеля.
Мерапрыемства было накіравана на пераасэнсаванне маладымі людзьмі гістарычнага і сацыякультурнага ўкладу прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей, якія пражывалі на тэрыторыі Гомельшчыны. Перад удзельнікамі акцыі выступілі старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА Уладзімір Александронец, дырэктар музея гісторыі Гомеля Юлія Купрэева, каардынатар Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі па Гомельскай вобласці Дзяніс Залатароў, а таксама рабін абшчыны прагрэсіўнага іудаізму Рэспублікі Беларусь Рыгор Абрамовіч.
Тут неабходна адзначыць, што гісторыя Гомеля і яго развіццё цесна пераплецены з яўрэйскай дыяспарай. У першай палове 20-х гадоў мінулага стагоддзя яўрэі складалі каля 44% насельніцтва абласнога цэнтра. Яны працавалі ў самых розных сферах: дзяржаўных і навучальных установах, на фабрыках і заводах, значная іх частка была занята ў каапераванай саматужнай прамысловасці. Да Другой сусветнай вайны ў горадзе дзейнічалі дзяржаўныя школы на ідыш.
Пра гісторыю фарміравання яўрэйскай дыяспары Гомеля, мінулае і сучаснасць яўрэйскай адукацыі горада расказалі старшыня Гомельскай абшчыны прагрэсіўнага іудаізму “Кадзіма” Леанід Казімірскі і дырэктар Гомельскага гарадскога дзіцячага сада — школы № 68 “Аціква” Наталля Краўчанка, а навучэнцы гэтай установы падрыхтавалі творчае выступленне, праз якое ўдзельнікі акцыі маглі лепш зразумець яўрэйскую культуру. “Аціква” — адзіная ў Гомелі школа, дзе дзеці вывучаюць іўрыт і жывуць па яўрэйскім календары.
Замацаваць атрыманыя падчас асветніцкай акцыі веды юнакам і дзяўчатам было прапанавана з дапамогай інтэрактыўнай гульні “Па шматнацыянальным Гомелі”, дзе яны адказвалі на пытанні па гісторыі яўрэйскай дыяспары Гомеля.
— Фарміраванне талерантнасці ў грамадстве з’яўляецца важнай умовай яго ўстойлівага развіцця, — лічыць Уладзімір Александронец. — І, вядома ж, вельмі важна, каб фарміраванню каштоўнасцей культуры міру спрыяла ўсведамленне і знаёмства людзей з гістарычнымі і этнакультурнымі асаблівасцямі прадстаўнікоў тых нацыянальнасцей, якія пражывалі і пражываюць у Гомельскай вобласці.
Асветніцкая акцыя “Памяць — шлях да талерантнасці” — гэта стартавае мерапрыемства адукацыйнага праекта “Гомельшчына шматнацыянальная = талерантная”, які Гомельскае абласное аддзяленне Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА рэалізуе ў партнёрстве з зацікаўленымі арганізацыямі і ўстановамі.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.