Шлях у бязмежны свет магчымасцей

- 11:45Вышэйшая школа

У Год малой радзімы на ўрачыстыя лінейкі, прысвечаныя пачатку новага навучальнага года, свае родныя ўстановы адукацыі наведалі кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, прадстаўнікі розных органаў улады. Намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Ляшэнка пабываў на ўрачыстай лінейцы ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны, які скончыў больш як 20 гадоў назад.

Сёлета Гомельскі дзяржуніверсітэт адчыніў свае дзверы для больш як 8 тысяч студэнтаў. Самымі шчаслівымі сярод іх, канечне, можна назваць першакурснікаў, бо выпрабаванне экзаменамі і залічэнне ва ўніверсітэт — гэта іх першы крок да здзяйснення мары.

— Сваёй працай вы заслужылі права стаць студэнтамі адной з лепшых вышэйшых навучальных устаноў краіны — Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, — звярнуўся да моладзі Ігар Васільевіч. — З гэтага дня перад вамі адкрываюцца дзверы ў бязмежны свет магчымасцей. У гэтых сценах вы раскрыецеся як асобы, цвёрда вызначыцеся са сваімі жыццёвымі мэтамі, адчуеце гонар ад першых сур’ёзных поспехаў і перамог.

Пасля ўрачыстасцей намеснік прэм’ер-міністра сустрэўся са студэнтамі і прафесарска-выкладчыцкім складам эканамічнага факультэта. Разам яны абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння ўстаноў вышэйшай адукацыі з вытворчасцю, разважалі аб падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў, гаварылі таксама аб інавацыях у эканоміцы і прыярытэтах развіцця яе асобных галін.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.