Шлях у педагогіку: бачу мэту — не бачу перашкод

- 12:15Выбар прафесіі

Спрэчкі аб прэстыжнасці ці непрэстыжнасці педагагічнай прафесіі — адвечная тэма, кропку ў якой паставіць вельмі няпроста. Асабліва калі большасць апанентаў адстойвае пункт гледжання, што ў настаўнікі ідуць толькі тыя, каму не хапіла балаў або тыя, каму няма куды дзявацца. Аднак нават у такіх спрэчках ёсць людзі, якія ўласнай гісторыяй пераконваюць у тым, што педагогіка — выбар лепшых.

Марына Горбат спыніла выбар на спецыяльнасці “Алігафрэнапедагогіка”. Скончыўшы сярэднюю школу № 3 Капыля з залатым медалём, для паступлення ў БДПУ імя Максіма Танка дзяўчыне трэба было прайсці сумоўе.

Што будзе працаваць з дзецьмі, яна адчула яшчэ ў дзяцінстве. Нехта з равеснікаў гуляў у “краму” ці “дочкі-маці”, а маленькая Марынка заводзіла класны журнал, прыдумвала трапныя прозвішчы і выклікала лялек адказваць. Нават у пачатковым звяне, расклаўшы на стале падручнікі, дзяўчынка адкрывала перад ахвочымі дзверы ўласнай школы.

— Навокал мяне заўсёды былі настаўнікі, — расказвае студэнтка. — Найперш матуля (дэфектолаг) і старэйшая сястра (сацыяльны педагог). Гэта, напэўна, таксама паўплывала на выбар. Цяпер у нашай сям’і разам са мной тры педагогі. Заўсёды было неверагодна радасна, калі нехта з аднагодкаў ці знаёмых добра адгукаўся аб працы матулі, напрыклад, пра выпраўленне з яе дапамогай вымаўлення нейкага гуку. Мне таксама хацелася стаць такім памочнікам для дзяцей. Гэты фактар, як і любоў да дзяцей, прывялі мяне ва ўніверсітэт. Апошнія два гады я мэтанакіравана разглядала кірунак дэфекталогіі. Шчыра кажучы, пакуль я мала знаёма з прафесіяй, хоць і заўсёды знаходзілася ў акружэнні педагогаў. Зараз вельмі хочацца запоўніць гэты прабел: я стараста групы, сябра студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі. Трэба назапашваць вопыт.

Калі Марына расказвае, дзе вучыцца, многія дзівяцца: нехта недарэчна ўсміхаецца, не ведаючы, пра што ідзе размова, а хтосьці, наадварот, адабрае незвычайны выбар. На пытанне, чаму менавіта спецыяльнасць “Алігафрэнапедагогіка”, дзяўчына, не задумваючыся, адказвае: “Таму што гэта адказна”.

— Не кожны можа раздзяліць адказнасць працы з асаблівымі дзецьмі, — заўважае першакурсніца. — Бываюць і такія выпадкі, калі людзі проста імкнуцца атрымаць дыплом. Але мне хочацца працаваць менавіта з такімі вучнямі, дапамагаць ім і іх бацькам пераадольваць няпростыя сітуацыі.

Марына адзначае, што спецыялісты яе профілю павінны быць стрыманымі ў праяўленні сваіх пачуццяў і эмоцый у дачыненні да людзей з асаблівасцямі. Зараз, пасля некалькіх месяцаў навучання, едучы ў метро ці наземным транспарце, яна заўважае скіраваную цікавасць у іх бок, што, па яе словах, не заўсёды добра адбіваецца на гэтых людзях. Знаёмячыся з рознымі нестандартнымі выпадкамі, студэнты вучацца падыходзіць да ўсяго з разуменнем. Дапамагае ж ім у гэтым выкладчык агульнай псіхалогіі Марына Краўцова.

— Марына Віктараўна практык: на занятках яна заўсёды прыводзіць прыклады са свайго жыцця. Яна вельмі дапамагае раскладваць усё па палічках і ўводзіць нас у прафесію. Цяжка знайсці такіх людзей, якія больш за Марыну Віктараўну былі б захоплены сваёй працай, адданы ёй.

Кожны этап знаёмства са спецыяльнасцю Марына Горбат праходзіць сама. Па словах першакурсніцы, ніхто не перашкаджае настаўленнямі. Толькі ў моманты, калі ўсё няпроста і заблытана, маці выступае ў ролі кансультанта: то патлумачыць нейкую з’яву, то навучыць правільнаму вымаўленню мудрагелістага тэрміна. Але робіць гэта вопытны педагог адмысловым чынам: яна накіруе ў патрэбны бок, а адказ павінна знайсці дачка. У сям’і не прынята выконваць работу за іншых.

— Падтрымка з боку сям’і, добразычлівых людзей — гэта адзін са складнікаў фарміравання выбітнага спецыяліста. Другі — асоба выкладчыка і калектыў, дзе ніхто не баіцца перапытваць. Трэці — уменне задаваць пытанні. У нашай прафесіі, як вядома, дробязей няма, — упэўнена дзяўчына.

Ангеліна Дадзеркіна скончыла педагагічны клас з філалагічным ухілам школы № 11 Пінска. Яна патрапіла на другі год увядзення спецыялізаваных класаў, і падобная практыка прыйшлася дзяўчыне даспадобы. Пра гэта сведчыць сярэдні бал першакурсніцы — 9,5. Як выпускніца педагагічнага класа, дзяўчына паступала ў БДПУ імя Максіма Танка без уступных экзаменаў.

— У межах звычайных класаў адкрывалі групы, прадстаўнікі якіх цікавіліся педагогікай. Нас сабралася пяцёра, і ў выніку ўсе паступілі на педагагічныя спецыяльнасці. Самы нізкі бал сярод нас быў 9, — адзначае дзяўчына. — Пры паступленні мне было прасцей за многіх: я даўно вызначылася, што буду філолагам. У школе ўдзельнічала ў шматлікіх конкурсах, пісала навуковыя працы, а пасля даведалася, што выпускнікі педагагічных класаў праходзяць па конкурсе сярэдняга бала, таму сумненняў у тым, што паступлю, амаль не было. І я змагла звярнуць больш увагі не толькі на прадметы цэнтралізаванага тэсціравання, але і на астатнія. А падчас уступнай кампаніі прысутнічала толькі невялікае хваляванне.

Натхняльнікам у школе Ангеліна лічыць настаўніцу рускай мовы Жанну Урбан. “Яна вельмі жывая”, — лаканічная фраза студэнткі належным чынам характарызуе педагога, на якога дзяўчына хацела б раўняцца. А ва ўніверсітэце ўвагай першакурсніцы завалодала выкладчык сучаснай рускай мовы Вольга Гарбацэвіч, у якой дзяўчына бачыць рысы свайго першага педагога.

Прыйсці ў педагогіку Ангеліне Дадзеркінай дапамог лагер “Зубраня”. Першы раз дзяўчына адправілася туды ў 14 гадоў валанцёрам і выконвала абавязкі памочніка важатага. Яна прайшла спецыяльныя анлайн-курсы, праслухала курс лекцый і адправілася знаёміцца з будучымі выхаванцамі. Па словах студэнткі, дзеці любілі старэйшых таварышаў, бо ў валанцёраў не было ўзросту.

— Калі ты з дзецьмі, не важна, колькі табе гадоў. Табе ніколі не будзе шэсцьдзясят — толькі чатыры разы па пятнаццаць, — пераканана будучы філолаг. — Трэба быць з імі на адной хвалі, старацца зразумець. Мы хацелі, каб дзеці адкрываліся. Ёсць шмат важных фактараў, але перш за ўсё трэба быць добрасумленным. У нас з дзецьмі была невялікая розніца ва ўзросце. Пасля першай змены думала, што гэта не маё. Затым была другая змена — я вырашыла, што такая дзейнасць мне падабаецца, потым трэцяя (дзяўчына смяецца)… І я нават пачала думаць пра мэтавае накіраванне адтуль. Аднак пасля перадумала: у лагеры трэба куды больш навыкаў і ведаў, чым, напрыклад, у выкладанні канкрэтнага прадмета. Гэта знясільваючая праца: дзеці забіраюць тваю энергію, хаця адразу ж вяртаюць яе ўдвая.

У дзяцінстве Ангеліна была звышкамунікабельнай і любіла выступаць у ролі прамоўцы. Мама раіла ісці ў палітыку, сама ж дзяўчына падумвала пра журналістыку. Але, па словах Ангеліны, памянялася марамі з сяброўкай Дашай. Калі ж выпускніца канчаткова вызначылася з педагогікай, яе акружэнне і педагогі падзяліліся на два лагеры: тых, хто за, і тых, хто супраць. Адны спрабавалі адгаварыць дзяўчыну “класічным наборам”: довадамі пра невялікі заробак, пастаянны галаўны боль, непапулярнасць прафесіі, непаважлівыя адносіны з боку вучняў. Іншыя гаварылі: “Хто ж, калі не ты”. А адзінаццацікласніца, у якой на ўсё ёсць уласны погляд, трымалася свайго.

— Не магу згадзіцца з некім ці не згадзіцца на 100%. Не можа быць нешта цалкам добрым ці дрэнным. Я заўсёды старалася знайсці толькі плюсы: маўляў, я магу быць рэпетытарам, а вучні ў мяне будуць добрымі і паслухмянымі, — расказвае Ангеліна. — Пераканана, што дзеці ставяцца да цябе гэтак жа, як ты да іх. Многія кажуць, што гэта цяжка. Але я ведаю, што нават калі чалавек на нешта не здольны, ён можа пераасэнсаваць гэта ў сваім жыцці. Заўсёды памятаю, што любы выбар можна змяніць — гэта ж не татуіроўка. Калі чалавек чагосьці сапраўды хоча, любыя цяжкасці падаюцца нязначнымі дробязямі.

На родны філалагічны факультэт Ангеліна Дадзеркіна забягае з радасцю (пры знаёмстве з першакурсніцай складваецца ўражанне, што знізіць хуткасць ёй не дазваляе наяўнасць толькі 24 гадзін у сутках). Тут, па словах дзяўчыны, ёй выкладаюць тое, што цікава, ад чаго віруе жыццё. Студэнтка жартуе, маўляў, нават першыя пары не хочацца прагульваць.

— Самае цікавае ва ўніверсітэце — прага да ведаў. Тут вельмі хочацца вучыцца, і мы павінны старацца рабіць гэта добраахвотна, без падштурхоўвання. Нельга прымусіць вучыцца чалавека, калі ён сам таго не хоча, — лічыць Ангеліна.

Дзяўчына не прывыкла сядзець на месцы: яна займаецца танцамі, робіць першыя крокі ў сур’ёзныя ўніверсітэцкія даследаванні. Нішто цікавае не можа прайсці міма яе. Ангеліна пераканана, што сябе варта спрабаваць у розных ролях. На яе думку, абітурыенту, які выбірае педагагічную прафесію, трэба нічога не баяцца.

— Зараз вельмі цяжка вызначыцца, паколькі глыбокіх прафарыентацыйных праектаў няшмат. Але калі некаму пашанцавала трапіць у педагагічны клас або ў праекты “Студэнт на дзень” у БДПУ ці “Студэнт на тыдзень” у БДУ, такім людзям прасцей. У выбары нельга слухаць нікаго, бо, хто б што ні казаў, усё індывідуальна. Сумненні прыходзяць заўсёды, і лепшы дарадчык у такой сітуацыі — сэрца. Добра, калі бацькі, гэтак жа, як мае, прымуць і падтрымаюць жаданне дзіцяці. Але ёсць і адваротныя выпадкі, маўляў, паступай, куды мы сказалі. Важна мець магчымасць выбіраць самастойна хаця б для таго, каб пасля, нават зрабіўшы памылку, наракаць толькі на сябе. Помніце, што ў вас усё толькі пачынаецца, — раіць сваім паслядоўнікам Ангеліна Дадзеркіна.

“Сціплая, негаваркая дзяўчынка, якая шмат усміхаецца”, — так характарызуюць яе сябры. Але за сціпласцю і маўклівай непасрэднасцю хаваецца жалезная воля і ўпартасць у дачыненні да мары. Усё гэта — пра выпускніцу сярэдняй школы №7 Смаргоні Бажэну Месячык, якая цяпер вучыцца на 1 курсе фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка.

Рашэнне стаць настаўнікам і, адпаведна, выбар установы адукацыі, як прызнаецца першакурсніца, былі не раптоўнымі, а мэтанакіраванымі. Дзяўчына скончыла школу з залатым медалём, аднак вырашыла паступаць па выніках цэнтралізаванага тэсціравання. Так яна была залічана з 352 баламі.

Бажэна згадвае, што, атрымаўшы апошнія вынікі — па фізіцы (88 балаў), моцна ўзрадавалася, бо першапачаткова ставіла перад сабой мэту пераадолець мяжу 300. Перачакаўшы першую ажыўленасць і акрыленасць, вырашыла пажартаваць з маці. Абітурыентка прыйшла да матулі і сказала: “Мама, у мяне па фізіцы больш за 10 балаў”.

— Стан матулі ў той час нельга перадаць: яна глядзела на мяне вялікімі спужанымі вачыма. А я кажу: “Мамачка, больш за 10, гэта можа быць і 50, і 60”. Калі яна даведалася, што больш за 80, уздыхнула з вялікай палёгкай, сказала, што я малайчына, — усміхаецца студэнтка.

Матуля ў дзяўчыны таксама працуе настаўнікам матэматыкі. Спачатку яна нядоўга адгаворвала дачку, а пасля сказала, што падтрымае яе выбар — галоўнае, каб будучая дзейнасць падабалася. Нават да цэнтралізаванага тэсціравання па матэматыцы яны рыхтаваліся разам.

— У сям’і ёсць яшчэ два педагогі: цётка і стрыечная сястра, — кажа Бажэна. — Але мне падаецца, што выбар прафесіі навеяны менавіта вобразам матулі. Колькі помню сябе, я ведала, што яна ў мяне настаўнік. У нас дома нават дошка была, і ўсе гульні, якія цікавілі мяне і малодшую сястрычку, былі звязаны са школай: мы вучылі адна адну па чарзе. Мне падабалася назіраць за тым, як мама працавала са сваімі вучнямі, завіхалася каля іх. Назаўсёды запомніўся выпадак, калі хлапчукі з класа, дзе яна была класным кіраўніком, на 8 Сакавіка, пераапрануўшыся ў сукенкі, віншавалі сваіх дзяўчат. Нягледзячы на тое, што я ў той час была маленькая, гэтая атмасфернасць засталася са мной.

На думку Бажэны, настаўнік павінен умець знаходзіць з дзецьмі агульную мову, быць прасунутым і сачыць за зменамі ў сваёй галіне, валодаць пачуццём гумару, бо яно дапамагае змякчыць дрэнныя сітуацыі, пазбегнуць іх, спрыяе больш даверлівым адносінам з вучнямі. Акрамя таго, важна быць зацікаўленым і захопленым сваім прадметам і ведаць яго шырэй за школьную праграму, бо калі дзіця пытаецца, а яму адказваюць, што настаўнік не валодае тэмай, то аўтарытэт педагога рэзка паніжаецца.

— Гэтая праца будзе заўсёды запатрабаванай, моднай, незалежна ад часу, — пераканана дзяўчына. — Інакш хто растлумачыць, калі не настаўнік, хто навучыць? Вучань павінен ведаць, што настаўнік яго ўважліва выслухае, калі раптам стане складана. Ёсць такія педагогі, якія бачаць, што вучню няпроста: яны просяць застацца пасля заняткаў, як роўныя гавораць з ім. І дзеці не баяцца адкрыцца педагогу, бо адчуваюць, што ім шчыра хочуць дапамагчы, што за даверлівай размовай са старэйшым таварышам яны абавязкова атрымаюць параду. Настаўнік — гэта чалавек, да якога хочацца вяртацца, той, з кім можна пагутарыць, як з сябрам. Такой добрай, вясёлай, таварыскай і адкрытай была і застаецца для мяне настаўніца англійскай мовы з маёй былой школы Таццяна Шыдлоўская.

У прафесіі Бажэну Месячык прываблівае тое, што яна зможа працаваць з дзецьмі, выхоўваць іх і, галоўнае, вучыць нечаму добраму і карыснаму. Па словах першакурсніцы, у пачатку педагагічнага шляху вопыт матулі ёй не замінае, не заганяе ў цень, а, наадварот, штурхае наперад. Бажэна адзначае, што нешта з якасцей матулі яна возьме з сабой у жыццё, а нешта “павінна быць выключна маміным”.

Вольны час першакурсніца адводзіць вязанню на прутках. Гэты занятак для дзяўчыны — цудоўная магчымасць адпачыць пасля нагрузак і вялікай колькасці атрыманай за дзень інфармацыі. Бажэна адзначае, што на шляху таго, хто збіраецца стаць педагогам, заўсёды ёсць перашкоды, але яе гэта не пужае: мара стаць настаўнікам дапамагае пераадольваць цяжкасці. На пытанне, кім яна бачыць сябе праз 5 гадоў, дзяўчына адзначае: “Тады я дакладна буду на практыцы. І да таго часу стану самастойнай — чаго зараз крыху не хапае — і абавязкова самакрытычнай. Пакуль меркаваць пра гэта цяжка, але дакладна магу сказаць толькі тое, што буду настаўніцай матэматыкі”.

— Тым, хто збіраецца паступаць на педагагічныя спецыяльнасці, хочацца сказаць: калі вы нечага жадаеце, забудзьцеся пра цяжкасці. Як кажуць, бачу мэту — не бачу перашкод.

Пасля заканчэння ўстаноў вышэйшай адукацыі педагогі нярэдка вяртаюцца выкладаць у родныя школы, гімназіі, ліцэі і каледжы. Чым кіруюцца маладыя настаўнікі ў гэты час? Што стымулюе іх жаданне крочыць педагагічным шляхам побач са сваімі былымі педагогамі? Адказы на гэтыя пытанні ведаюць у ашмянскай сярэдняй школе № 1 (тут выпускнікі складаюць палову ўсяго калектыву) і Ліцэя БДУ (чвэрць).

Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце школы № 1 Ашмян Алы Дзянісавай, маладыя спецыялісты вяртаюцца ў свае навучальныя ўстановы па розных прычынах. Частка іх — гэта выпускнікі, якія прыходзяць у школу працаваць па мэтавым накіраванні. За пяць гадоў адпрацоўкі, яны, як правіла, ствараюць сем’і і застаюцца на гэтым месцы. Але такіх спецыялістаў у калектыве не вельмі шмат. Больш сярод выпускнікоў іншых — тых, хто вярнуўся ў школу дзякуючы прыкладу настаўнікаў ці бацькоў-педагогаў. Так, пад кіраўніцтвам маці, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, сёння ў сярэдняй школе № 1 Ашмян працуе малады спецыяліст педагог-псіхолаг Аліна Лянкоўская. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ала Плявака пайшла па прафесійным шляху сваёй матулі і пазней замяніла яе. А настаўніца рускай мовы і літаратуры Наталля Рубан вярнулася ў школу, раўняючыся на асобу свайго настаўніка-прадметніка Валянціны Дробыш.

— Наш калектыў шчыра радуецца, калі на пастаянную працу да нас прыходзяць выпускнікі, — адзначае Ала Дзянісава. — Гэта добра тым, што мы ведаем іх моцныя бакі са школьных гадоў і таму хутчэй можам дапамагчы ім раскрыць свой патэнцыял, дзякуючы чаму пачуццё вучнёўства ў іх хутка мяняецца на пачуццё настаўніцтва. І самая лепшая дапамога з боку старэйшых калег у такім выпадку — аператыўнае прыняцце ў калектыў: калі вяртаюцца “нашы”, вагацца няма часу. Да таго ж у маладых спецыялістаў спрацоўвае фактар адказнасці перад былымі настаўнікамі — цяперашнімі калегамі.

Прагу да прафесіі ў Але Плявака развілі бацькі — настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Марыя Віктараўна і Леанід Міхайлавіч Каркоткі. Ала расказвае, што ў дзяцінстве заўсёды чула родную мову, чытала татавы вершы, таму сумненняў у тым, чым яна будзе займацца, калі падрасце, не было. Школьныя гады прайшлі актыўна і насычана: дзяўчына была пастаянным удзельнікам конкурсаў сачыненняў, алімпіяд і шматлікіх спаборніцтваў. Да таго ж у гэты час яна захапілася мастацтвам.

Пасля заканчэння школы Ала Плявака паступіла на факультэт беларускай філалогіі і культуры ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Скончыўшы яго, вярнулася ў родны горад: ва ўстанову, дзе выкладала маці.

— Дзякуючы вопыту матулі, я прайшла другі этап прафесійнай навукі, — гаворыць Ала Леанідаўна. — Першы быў ва ўніверсітэце, а другі — у школе. Маці дапамагала мне ва ўсім і заўсёды. Нават цяпер, калі Марыя Віктараўна выйшла на пенсію, яна нярэдка дзеліцца са мной педагагічным вопытам. Матуля для мяне — другі настаўнік.

Калега Алы Плявака з Ліцэя БДУ Наталля Краўцэвіч паступіла ў родную ўстанову ў 1989 годзе (гэта быў першы ліцэйскі набор) у беларускі філалагічны клас. Па словах настаўніцы, ёй было цікава патрапіць у вялізную супольнасць аднагодкаў розных профіляў. Неверагодным было, калі настаўнік выкладаў хімію па-беларуску, бо ён прыйшоў у беларускі клас, а іншы настаўнік тлумачыў асновы інфарматыкі без наяўнасці камп’ютараў, і вучні засвойвалі усё дасканала.

— Быць настаўнікам мне хацелася, напэўна, з 4 класа. Заўсёды ўзнікала жаданне дзяліцца сваімі ведамі яшчэ з кімсьці. Хацелася тлумачыць сваім аднакласнікам тое, чаго яны не зразумелі, а не проста даваць спісваць “дамашку”, — прыгадвае Наталля Краўцэвіч. — Гэтаму паспрыяла і тое, што баць-кі мае працавалі ў сферы адукацыі. Але найбольш уплывалі на выбар настаўніцкай прафесіі мае настаўнікі. Найперш настаўніца пачатковай школы, якая вучыла маю старэйшую сястру. Каб патрапіць у клас да Валянціны Андрэеўны Наркевіч, аднойчы я нават збегла з дзіцячага садка. Бацькі вымушаны былі прыкласці вялікія намаганні, каб я пайшла ў першы клас менавіта да гэтай настаўніцы. Канчаткова ж мой выбар сфарміравалі ліцэйскія педагогі. Да гэтага часу ўспамінаю натхненне, апантанасць і энтузіязм, той неабсяжны інтэлектуальны патэнцыял, высокі прафесіяналізм і агеньчык у вачах кожнага ліцэйскага настаўніка. Яны жылі сваёй справай, і гэтаму я навучылася ў іх.

Як настаўнік у Ліцэй БДУ Наталля Янісаўна патрапіла падчас педагагічнай практыкі на 5 курсе філалагічнага факультэта БДУ. Гэта быў першы прафесійны вопыт маладога спецыяліста. Калі дзяўчына ўвайшла ў клас і пачала ўрок, зразумела: тут утульна, цікава, сюды хочацца прыходзіць штодня, чуць безліч пытанняў, задаваць іх, а таксама вучыць дзяцей на ўсё знаходзіць правільныя тлумачэнні.

Сёння разам з Наталляй Краўцэвіч у ліцэі працуюць яе вучні: на кожнай кафедры ёсць нехта з выхаванцаў педагога (усяго ж ва ўстанове працуюць 25 выпускнікоў). Настаўніцу гэта моцна натхняе і стымулюе.

— Ліцэйскія вучні — гэта згуртаванне мэтанакіраваных, здольных, разумных, творчых, гатовых да эксперыментаў людзей, якія імкнуцца развівацца, пастаянна працаваць над сабой і ўдасканальвацца, — адзначае філолаг. — Яшчэ з часоў стварэння ліцэя ў нас склалася традыцыя ставіцца да сваіх вучняў як да педагогаў: у нас ёсць агульная праца, якую мы разам імкнёмся выканаць як мага лепш.

На думку спецыяліста, выпускнікоў ліцэя цягне ва ўстанову, з аднаго боку, менавіта настаўніцкая супольнасць: калі былыя ліцэісты вучыліся ў сваіх настаўнікаў, яны захапляліся імі, лавілі кожнае іх слова, імкнуліся быць падобнымі да іх, хацелі ста ць у адзін шэраг з імі. З іншага боку, выпускнікі ліцэя набылі ўласны вопыт, маю ць свае падыходы, навыкі і формы працы з вучнямі. І кожнае новае пакаленне выпускнікоў-настаўнікаў удасканальвае, развівае і абнаўляе ліцэйскую сістэму навучання.

— Ліцэй БДУ — гэта роўна палова майго жыцця, насычанага, цікавага, актыўнага, яскравага, разнастайнага, вельмі імклівага, — усміхаецца Наталля Янісаўна. — Гэта месца, куды мне хочацца прыходзіць заўсёды, дзе я адчуваю сябе патрэбнай, дзе набыла прафесіяналізм і працягваю яго ўдасканальваць. Ліцэй — гэта мой лёс.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіваў герояў артыкула.