Шлях у прафесію

Шлях у прафесію можа быць розным: выпадковым або ўсвядомленым, цяжкім або лёгкім, удалым або памылковым. Для Уладзіміра Уладзіміравіча Ковача гэты шлях быў адзіна правільным: ён заўсёды марыў стаць настаўнікам. Пасля заканчэння Пінскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа ён вярнуўся ў родную Даматканавіцкую сярэднюю школу настаўнікам фізічнай культуры і здароўя і працоўнага навучання.

“Вядома, мяне ахоплівала пачуццё хвалявання: прыйдзецца працаваць з маімі педагогамі. Як яны мяне прымуць, ці змагу я апраўдаць іх давер?” — праз чатыры гады з такім жа хваляваннем успамінае свой прыход у родную школу У.У.Ковач. Свой першы ўрок Уладзімір Уладзіміравіч прыгадвае з усмешкай і на пытанне, ці атрымаўся ён, адказвае: “Вядома ж, не”. Больш за ўсё настаўнік баяўся тады не ўкласціся ў 45 хвілін.

Уладзімір Уладзіміравіч стаў класным кіраўніком пяцікласнікаў. Ён адразу заваяваў павагу і аўтарытэт сярод вучняў і бацькоў. І ўжо пяты год яны як адна каманда. “Дзеці Уладзіміра Уладзіміравіча любяць, таму што ён з імі адкрыты, ведае падыход да кожнага дзіцяці”, — гавораць бацькі пра класнага кіраўніка сваіх дзяцей.

У.У.Ковач лічыць, што сучаснаму настаўніку неабходна ведаць, чым жывуць дзеці ХХІ стагоддзя, разумець іх мову. Гэта яму ўдаецца ў поўнай меры. Ён дасканала вывучае сваіх выхаванцаў не толькі падчас зносін, але і наведваючы іх старонкі ў інтэрнэце. Дзеці цягнуцца да яго, расказваюць аб патаемным.

— Яны ў мяне такія розныя, — усміхаецца Уладзімір Уладзіміравіч.

Гэтае “яны ў мяне” пра многае гаворыць. Адразу зразумела, што дзеці сталі настаўніку роднымі, што ён іх любіць і разумее. Работа ў школе прымусіла маладога педагога задумацца, чаму людзі паводзяць сябе так, а не інакш. У большасці выпадкаў ён знаходзіць адказ на гэтае пытанне. Ацэньвае ўчынак дзіцяці або дарослага і толькі пасля гэтага вырашае, як да гэтага ўчынку ставіцца. Прыняўшы рашэнне, будуе з чалавекам зносіны.

— Такая тактыка дазваляе лепш зразумець людзей. Становіцца прасцей з імі размаўляць, — расказвае Уладзімір. — Дзеці спачатку мяне правяралі на трываласць, я адразу разумеў, што яны прыдумваюць нейкія хітрыкі.

Уладзімір Уладзіміравіч яшчэ толькі робіць першыя крокі ў прафесіі, але ўжо можна лічыць гэтыя крокі ўдалымі. Ён разумее, што патрэбны дзецям кожны дзень, кожную гадзіну і нават кожную хвіліну. Варта яму з’явіцца ў школе, як яны бягуць да яго, расказваюць навіны, дзеляцца сваімі поспехамі і няўдачамі. Кожны вучань для яго — гэта цэлы свет, загадкавы і непаўторны, а таму вельмі каштоўны. Ён умее паважаць права кожнага вучня быць самім сабой, непадобным да іншых, мець свой характар, свае думкі.

У.У.Ковач — таленавіты малады педагог. Ён імкнецца ўкараняць у сваю работу навінкі адукацыі, распрацоўвае сцэнарыі ўрокаў, класных гадзін, розных мерапрыемстваў. Яшчэ ён прымяняе новыя метады і тэхналогіі ў навучанні дзяцей, такія як дыферэнцыраваны і кампетэнтнасны падыход у навучанні, метады праектнай дзейнасці на ўроках і ў пазакласнай рабоце. Дзеці з задавальненнем выконваюць творчыя работы, праекты і ўдзельнічаюць у конкурсах. Актыўную метадычную работу педагог вядзе на прасторах інтэрнэту, удзельнічае ў конкурсах, мае зносіны на форумах.

Уладзімір Уладзіміравіч не забывае пра самаадукацыю. Ён рэгулярна наведвае курсы павышэння кваліфікацыі, удзельнічае ў семінарах. Назапашаным вопытам дзеліцца з іншымі педагогамі падчас падрыхтоўкі і правядзення адкрытых урокаў, якія праходзяць некалькі разоў на год.

Працоўнае навучанне, як і фізкультуру, звычайна лічаць лёгкім урокам. Але гэта толькі здаецца. У майстэрні шмат колючых і рэжучых інструментаў — тэхніка бяспекі тут на асаблівым кантролі. “Ніколі ў мяне не было такога, каб дзіця адмовілася працаваць на ўроку”, — кажа настаўнік і прыводзіць прыклад з практыкі: — У 5 класе тлумачу вучням, як забіваць цвікі. А яны мне: “Ой, мы ўжо шмат разоў гэта рабілі”. Пачынаем разбіраць, як правільна трымаць малаток, падбіраць цвік у залежнасці ад загатоўкі. І ў іх адразу цікавасць: “Столькі ўсяго!” Бывае, вядома, пярэчаць: “Мой тата робіць інакш”. Прашу — апішы. Калі гэта бяспечна, падтрымліваю”.

Вось ужо пяты год доўжыцца педагагічная дзейнасць Уладзіміра Уладзіміравіча Ковача. Зараз ён і яго вучні — два полюсы аднаго магніта. Два берагі адной ракі. Яны розныя, але не існуюць адзін без аднаго. І гэта вялікае шчасце.

Заўсёды прыветлівы, энергічны, добразычлівы, гэты настаўнік узбагачае сваіх вучняў ідэямі, зараджае аптымізмам, верай у свае сілы, прадвызначаючы тым самым іх поспехі ў навучанні. Гэта чалавек, надзелены выдатнымі якасцямі: эрудзіраванасцю, адкрытасцю ў зносінах, бескарыслівасцю, гатоўнасцю заўсёды прыйсці на дапамогу, а галоўнае — ён вельмі патрабавальны да сябе. Уладзімір Уладзіміравіч у педагогіцы не па пасадзе, а па прызванні і поклічы душы. Прынцып яго работы — асцярожна і беражліва дапамагчы юнаму таленту раскрыцца, адчуць сваю самакаштоўнасць, усяліць у яго упэўненасць.

У гэтага настаўніка залатыя рукі. За якую б справу ён ні браўся, усё робіць акуратна і з густам.  

У.У.Ковач — артыстычная натура. У вольны час ён любіць іграць на гітары, часта выступае ў ролі вядучага на вялікіх школьных і раённых святах.

Яго паважаюць калегі: з якой бы просьбай да яго ні звярнуліся, ён ніколі не адмовіць і дапаможа. А яшчэ яго ведаюць у раёне як дасведчанага настаўніка, які працуе на карысць сваёй малой радзімы і школы. 

“Молада — гэта не заўсёды зелена”. Сапраўды, малады — не значыць нявопытны, бо сталасць выяўляецца не ў павуцінцы маршчын ля вачэй, а ідзе знутры ў выглядзе ўласных думак, высакародных учынкаў. Сярод педагогаў не сустрэнеш выпадковых людзей. І У.У.Ковач — яркае пацвярджэнне гэтага.

Ірына САЛАТА, 
настаўніца беларускай мовы і літаратуры, старшыня ППА Даматканавіцкай сярэдняй школы Клецкага раёна.