Шлях вучонага — цярністы шлях

- 10:32Вышэйшая школа, Рознае

16 верасня на базе Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта стартаваў IX Міжнародны эканамічны форум маладых вучоных.

Актыўная дзейнасць пачалася з самай раніцы. Таленавітай моладзі была прадастаўлена магчымасць паўдзельнічаць у круглых сталах. Сёлета іх было чатыры: “Бухгалтарскі ўлік і аналіз. Фінансы і грашовы кругаварот”, “Маркетынг, менеджмент і лагістыка”, “Сацыяльна-гуманітарныя аспекты эканамічнага развіцця. Дзяржава і права”, “Эканоміка і інавацыі”. Потым адбылася прэзентацыя Дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь і ўрачыстае адкрыццё форуму, пасля чаго прайшло ток-шоу “Магчымасці эканомікі, права, соцыуму: міф ці рэальнасць?”. Адным з сюрпрызаў мерапрыемства стаў канцэрт і ўзнагароджанне пераможцаў ранішніх круглых сталоў.

Пад вечар маладых і перспектыўных вучоных чакала адна з самых інфарматыўных і карысных частак форуму — майстар-класы. Для тых слухачоў, якія яшчэ не знайшлі свайго месца ў навуцы, быў арганізаваны майстар-клас “Навошта становяцца вучонымі”. На ім перад студэнтамі, магістрантамі і аспірантамі выступілі кіраўнікі навукова-педагагічных школ БДЭУ.

Кіраўнік навукова-педагагічнай школы статыстыкі Міхаіл Новікаў у сваім дакладзе “Назапашванне ведаў — перадумова эканамічнага росту” выказаў думку, што адзіны спосаб прымусіць чалавека быць некаму карысным — зацікавіць яго. Кіраўнік навукова-педагагічнай школы сусветнай эканомікі Галіна Шмарлоўская абгрунтавала назву свайго выступлення (“Вучоныя — новая эліта”) тым, што яшчэ ў 70-я гады XX стагоддзя была зроблена наступная выснова: у грамадстве будучыні вядучым напрамкам будзе не сфера прамысловасці ці паслуг, а навука, і вядучай групай будуць навукоўцы. “Каб было лягчэй ствараць і дасягаць пэўных вышынь у тым ці іншым напрамку, трэба зразумець, якая праблема вас найбольш цікавіць. Шлях навукоўца — цярністы шлях, які праходзяць не за год”, — заўважыла Галіна Аляксандраўна. Пра дасягненні ў навуцы на сваім прыкладзе расказаў кіраўнік навукова-педагагічнай школы эканомікі і кіравання гандлем Генадзь Каралёнак. “Калі вы выбралі шлях у навуку, то павінны ісці па ім да канца”, — заявіў вучоны.

Апошняй перад прысутнымі выступіла кіраўнік навукова-педагагічнай школы фінансаў Алена Кірэева. Яна расказала пра станаўленне школы фінансаў, яе прызнанне, першых вучоных, іх грунтоўныя працы-нарысы і перспектывы далейшага развіцця.

Паралельна ва ўніверсітэце праходзіў яшчэ адзін майстар-клас “Дысертацыя: ад ідэі да паспяховай абароны”. Перад пачынаючымі навукоўцамі выступілі прадстаўнікі Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, сталыя вучоныя, саіскальнікі вучонай ступені, якія падзяліліся ўласным вопытам работы над дысертацыямі.

Пасля заканчэння майстар-класаў таленавітую моладзь чакала падвядзенне вынікаў, выдача сертыфікатаў удзельнікаў і ўрачыстае закрыццё мерапрыемства.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.