Шлях з векавой гісторыяй

Яшчэ да нашай эры ў творы “Апантаны Геркулес” філосаф Луцый Сенека пакінуў радок “Per aspera ad astra” (“Праз церні да зорак”). Сёння гэты выраз набыў новае жыццё. Такую назву носіць праект гістарычнага факультэта БДУ, прымеркаваны да стагадовага юбілею, які галоўны ўніверсітэт краіны адзначыць у наступным годзе. Калекцыя ўнікальных архіўных дакументаў з дапамогай сацыяльных сетак раскажа пра фарміраванне навуковых школ установы і прыадкрые таямніцы і невядомыя звесткі пра акадэмічнае жыццё Белдзяржуніверсітэта.

Г.Чыгір, А.Г.Каханоўскі, А.Я.Верамейчык і А.А.Яноўскі (злева направа) падчас падрыхтоўкі матэрыялаў.

Па словах аднаго з ініцыятараў стварэння праекта намесніка дэкана па вучэбнай і выхаваўчай рабоце Аліны Верамейчык, ідэя праекта ўзнікла спантанна, але прадказальна. З-за спецыфікі работы выкладчыкі і студэнты факультэта шмат часу право­дзяць у архівах, але многія са знойдзеных матэрыялаў доўгі час могуць заставацца ў запасніках даследчыкаў. І матэрыялы, прысвечаныя малавядомым аспектам навуковага жыцця БДУ, таксама доўга не маглі трапіць да шырокай аўдыторыі. Таму праект даў другое жыццё знойдзеным дакументам і разам з тым дапамог папулярызаваць гісторыю ўніверсітэта сярод аматараў.

У аснове канцэпцыі праекта — стварэнне калекцыі дакументаў і фотаздымкаў, у якіх адлюстравана гісторыя фарміравання навуковых школ БДУ. Галоўны акцэнт зроблены на імёнах вядомых гісторыкаў, у лік якіх уваходзіць першы рэктар універсітэта Уладзімір Пічэта. Па часе ініцыятыва, прадстаўленая ў сацыяльных сетках “УКантакце”, Facebook і Instagram, ахопіць 11 месяцаў: апошняя навуковая школа будзе прадстаўлена на пляцоўках у кастрычніку 2021 года.

Арганізатары расказ­ваюць, што кожны месяц на працягу года будуць асветлены такія напрамкі, як гісторыя Беларусі, славістыка, усходазнаўства, гісторыя старажытнага часу і сярэдніх вякоў, гісторыя новага і найноўшага часу, этнаграфія, археалогія, архівазнаўства, музея­логія. Таксама карыстальнікі азнаёмяцца з “электроннымі” экспанатамі, якія прадстаў­ляюць гістарычныя школы ў галіне антычнага хрысціянства, арабістыкі, усходазнаўства, германістыкі, дакументазнаўства і фарміравання музейных калекцый.

Каманда навукоўцаў-выкладчыкаў і студэнтаў, якія працуюць над праектам, налічвае больш за 70 чалавек. Кожны з іх адказвае за адпаведны напрамак і пэўную частку работы. Прафесарска-выкладчыцкі склад працуе над падрыхтоўкай кантэнту — апрацоўкай навуковых звестак, адборам фотаздымкаў і эпісталярыя. Затым кожная запланаваная публікацыя абмяркоўваецца з камандай студэнтаў. Так выкладчыкі забяспеч­ваюць навуковасць і паглыбленасць у тэму, а хлопцы і дзяўчаты абмяркоўваюць, у якім выгля­дзе яе данесці да карыстальнікаў (у працэсе абмену меркаваннямі маладыя людзі прапанавалі фармат падкастаў для “УКантакце” і зараз запісваюць іх у студыі). А навуковым кансультантам ідэі выступае загадчык кафедры гісторыі Расіі Алег Яноўскі.

Пра сацыяльныя сеткі варта сказаць асобна, таму што кожная з пляцовак адрозніваецца спосабам данясення інфармацыі, што абумоўлена рознаўзроставасцю і інтарэсамі аўдыторыі. У Facebook  большая ўвага ўдзяляецца тэксту і фотаздымкам, у Instagram — віктарынам і аўдыяфайлам, ва “УКантакце” найбольш за­дзейнічаны візуальныя сродкі і падкасты.

— У якім бы пункце свету ні знаходзіўся чалавек і якой бы справай ні займаўся, ён зможа сачыць за праектам у той форме, якая адпавядае яго патрэбам ці сітуацыі, у якой ён знаходзіцца, — тлумачыць Аліна Яўгеньеўна.

Напрамкам, які адкрыў праект, стала “Археалогія”. У гэтым блоку зацікаўленыя даведаюцца пра выбітных навукоўцаў галіны, археалагічныя экспедыцыі, адкрыцці і яркія знаходкі. Цікавыя факты пра прадстаўнікоў гэтай навуковай школы будуць папаўняцца да 7 снежня, пас­ля чаго кірунак зменіць “Этнаграфія”. Прадстаўлены ў тэматычных блоках матэрыял убярэ ў сябе звесткі пра ўніверсітэт пачынаючы з даты яго існавання. Пярлінай праекта стануць дакументы і фотаздымкі міжваеннага перыяду — самага маладаследаванага прамежку ў гісторыі БДУ. Таксама можна будзе ўбачыць асабістую перапіску і фрагменты з дзённікаў вучоных. Ідэя і зараз не перастае папаўняцца новымі звесткамі: супрацоўнікі факультэта ахвотна адгукаюцца на праект і дапамагаюць у папаўненні архіваў новай інфармацыяй.

— Хацелася б пашырыць папулярызацыю гісторыі ўніверсі­тэта далёка за межамі гістфака. Наўрад ці нехта з неспецыялістаў змог бы знайсці звесткі пра гістарычныя школы БДУ ў такім аб’ёме. Але, калі матэрыялы адразу прадстаўлены сістэмна і адаптаваны пад інтарэсы чытача, гледача ці слухача, яны абавязкова знаходзяць водгук, — перакананы стваральнікі.

Нягледзячы на ўсяго двухтыднёвую гісторыю існавання, праект паспеў абудзіць цікавасць жыхароў многіх замежных краін. Сярод іх не толькі краіны-суседкі — Расія, Украіна, Літва, Латвія, Польшча, але і Германія, ЗША, Канада, Італія і нават Аўстралія. Аліна Яўгеньеўна жартуе, што стваральнікі не маг­лі сабе ўявіць, што праект зможа “пабываць” за акіянам.

— Магчымасці сацыяльных сетак сёння вельмі шырокія. І праект даў нам гэта добра зразумець. Можна сказаць, што ён разбіў стэрэатыпы старэйшага пакалення наконт распаўсюджвання інфармацыі на электронных рэсурсах, — гаворыць Аліна Верамейчык.

Для стварэння калекцыі студэнты і супрацоўнікі гістарычнага факультэта пабывалі ў многіх музеях, архівах і бібліятэках Беларусі і Расіі. Сярод іх — Нацыянальны архіў Рэспублікі Бе­ларусь, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотадакументаў, Цэнтральны навуковы архіў НАН Беларусі, архіў БДУ, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі, Расійская дзяржаўная бібліятэка і інш.

За абнаўленнямі кірункаў у сацыяльных сетках можна сачыць па раскладзе:
* Археалогія — 02.11.2020 — 30.11. 2020;
* Этнаграфія — 07.12.2020 — 04.01. 2021;
* Антычнае хрысціянства — 11.01.2021 — 08.02.2021;
* Арабістыка — 15.02.2021 — 15.03.2021;
* Усходазнаўства — 22.03.2021 — 19.04.2021;
* Германістыка — 26.04.2021 — 24.05.2021;
* Славістыка — 31.05.2021 — 05.07.2021;
* Крыніцазнаўства — 12.07.2021 — 26.07.2021;
* Дакументазнаўства — 02.08.2021 — 16.08.2021;
* Фарміраванне музейных калекцый — 23.08.2021 — 06.08.2021;
* Айчынная гісторыя — 13.09.2021 — 25.10.2021.

— У нас ніколі не ўзнікала праблем з доступам да інфармацыі. Усюды нам стараліся дапамагаць. Дасягненні многіх беларускіх навуковых школ прызнаны ў свеце. Чаму б ні расказаць пра іх тым, хто яшчэ не знаёмы з іх спадчынай? — дзеляцца стваральнікі.

Напярэдадні старта праекта “Праз церні да зорак” з падачы гістфака з’явіўся комплекс ініцыятыў: сумесныя праекты з мультымедыйнай бібліятэкай; відэафільмы пра назвы вуліц, якія носяць імёны прадстаўнікоў універсітэта; пошук і добраўпарадкаванне пахаванняў вучоных і супрацоўнікаў БДУ і інш. Апошняя ініцыятыва паступова распаўсюджваецца на астатнія факультэты.

— Мы праводзім канферэнцыі ў гонар гэтых людзей, пішам дысертацыі і артыкулы па іх навуковай і творчай спадчыне, але можам не ведаць, дзе яны пахаваны. Такое станові­шча не зусім правільнае. Усе яны не проста фізікі, хімікі ці гісторыкі. Найперш яны вынаходнікі, дзякуючы якім пра Беларусь ведаюць за мяжой, — адзначае Аліна Верамейчык.

Аліна Яўгеньеўна расказвае, што ў планах факультэта — распрацоўка гарадской экскурсіі, якая зможа накласціся на маршрут сталічнага аўтобуса № 100. У яе аснову ляжа гісторыя БДУ, паколькі шмат пабудоў на праспекце Незалежнасці раней мелі дачыненне да ўніверсі­тэта. Таксама аматарам гісторыі прапануюць пешую экскурсію, якая пазнаёміць з гісторыяй установы 20—30-х гадоў мінулага стагоддзя. Яна будзе пачынацца на гістарычным факультэце (у той час — корпус № 1) і заканчвацца ля галоўнага корпуса БДУ.

— Калі думалі над назвай, разумелі, што сутнасць праекта павінна адлюстраваць нешта з класікі. І калі пачалі перабі­раць лацінскія выслоўі, зразумелі, што лепш, чым “Праз церні да зорак”, і не скажаш, — тлумачыць Аліна Верамейчык. — У гэты выраз заключаны няпростыя лёсы вучоных міжваеннага, ваеннага і пасляваеннага перыя­ду. Калі спачатку прыходзілася дабірацца да ўніверсітэта пад абстрэлам, захоўваць фонды, а пасля — наладжваць работу ўніверсітэта, аднаўляць яго. Іх шлях — гэта, сапраўды, дарога праз перашкоды і ліхалецці да адкрыццяў.

Другакурсніца Ганна Чыгір — адна са студэнтаў, якія ра­зам з выкладчыкамі працуюць над праектам. Пра магчымас ць ста ць часткай ініцыятывы дзяўчына даведалася ўлетку.

— Мы задумаліся над тым, што рабіць з тэкстамі, каб звычайны фармат падачы інфармацыі не здаваўся сухім. Хацелася, каб праект зацікавіў не толькі студэнтаў, але таксама старэйшае і малодшае пакаленні. Таму вырашылі ў кожнай сацсетцы выкарыстоў­ваць інструменты, дзякуючы якім матэрыял станавіўся б максімальна займальным. Працуючы над праектам, я зразумела, што калі чалавек атрымлівае веды ва ўніверсітэце, то ён павінен умець расказаць пра яго, — расказвае Аня. — У перыяд работы найбольш запомніліся дзіцячыя фотаздымкі выкладчыкаў. Глядзіш на ад зін — бачыш дзяцей, якія ўдзельнічаюць у раскопках, бярэш другі — і гэтыя дзеці ўжо дарослыя буйныя вучоныя. І першае, што адчуваеш у гэты момант, — здзіўленне і захапленне.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва гістарычнага факультэта БДУ.