Шляхам адкрыццяў

- 11:46Навіны рэгіёнаў

Канферэнцыя “Вышгарад” праводзіцца з 2005 года на базе школы-інтэрната “Інтэлектуал” у Маскве і запрашае да ўдзелу школьнікаў, якія цікавяцца гуманітарнымі навукамі. Мерапрыемства штогод становіцца пляцоўкай, дзе юныя таленты сустракаюцца для інтэлектуальных зносін. Работа канферэнцыі прадугледжвала работу секцый гісторыі, краязнаўства, эканамічнай геаграфіі, лінгвістыкі, філалогіі, літаратуразнаўства, рэлігіязнаўства, культуралогіі, этнаграфіі, эканомікі, сацыялогіі і права, псіхалогіі.

У лік лепшых выступоўцаў на канферэнцыі ўвайшлі і навучэнцы Мінскай вобласці. Дыпломамі І ступені ўзнагароджаны дзве прадстаўніцы Жодзіна: Алена Ляшкевіч, навучэнка сярэдняй школы № 6, і Валерыя Сцепанцова, навучэнка гімназіі № 1. Яшчэ дзве жыхаркі горада машынабудаўнікоў атрымалі дыпломы ΙІІ ступені: Настасся Міхаленка, навучэнка Жодзінскай жаночай гімназіі, і Валерыя Нацэўская з сярэдняй школы № 5. Ульяна Прасняк, якая вучыцца ў Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна, атрымала дыплом ІІ ступені.

Пахвальных грамат удастоены тры юныя даследчыкі: Марыя Смольская, навучэнка сярэдняй школы № 8 Жодзіна, Віталіна Віннік, якая вучыцца ў Сноўскай сярэдняй школе Нясвіжскага раёна, Вераніка Няхай, навучэнка МДАЛ.

Яшчэ больш узнагарод прывезлі юныя жыхары Міншчыны з Усерасійскага адкрытага конкурсу юнацкіх даследчых работ імя У.І.Вярнадскага. Ужо чвэрць стагоддзя сюды штогод запрашаюцца аматары даследаванняў. Першы тур чытанняў завочны. На другі — вочны — тур юныя даследчыкі адпраўляюцца ў Маскву, каб абараніць свае работы падчас стэндавага прадстаўлення.

Конкурс маштабны: працавалі 27 секцый прыродазнаўчага і гуманітарнага кірункаў, а на першы этап было заяўлена 1625 работ. Нягледзячы на такую колькасць, журы не пакінула без увагі і ўзнагарод даследаванні юных беларусаў. Дыпломаў І ступені ўдастоены больш за дзесяць хлопцаў і дзяўчат. Гэта Мілана Волкава і Іван Ражкоў, навучэнцы Уздзенскай раённай гімназіі, Дзіяна Віўчар, навучэнка гімназіі № 1 Любані, Марыя Прыткова і Аляксандр Бабій, навучэнцы гімназій № 10 і № 3 Маладзечна, Вікторыя Мурашова, навучэнка гімназіі Лагойска, Дзмітрый Макарыч і Данііл Каляда, навучэнцы гімназіі № 1 Слуцка, якія сваё даследаванне здзейснілі разам з Юліяй Краўчанка, вучаніцай гімназіі № 2 Оршы. Сярод уладальнікаў дыпломаў І ступені шмат прадстаўнікоў Нясвіжскага раёна — Мікіта Цыуля, навучэнец Грыцкевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы, Аляксандра Сямашка з сярэдняй школы № 2 Гарадзеі, Кацярына Мацкевіч, навучэнка Нясвіжскай гімназіі, навучэнцы сярэдняй школы № 4 Нясвіжа Ксенія Мамчыц, Аляксей Сідаровіч, Уладзіслаў Долмат, Вольга Макарэвіч і Уладзіслаў Сцяпура.

Таксама прадугледжваліся ўзнагароды ў розных намінацыях. Так, у намінацыі “Лепшы даклад” былі адзначаны работы Аляксандры Сямашкі, Уладзіслава Сцяпуры, Валерыі Махлай, навучэнкі гімназіі № 1 Слуцка. Акрамя таго, Валерыя была ўзнагароджана граматамі “За самую актыўную работу на секцыі” і “За віртуознае інтэграванне і эксперымент”. Лепшым эксперыментальным даследаваннем прызнана работа Дзіяны Віўчар, а найбольш актуальным даследаваннем — работа Міланы Волкавай. Уладзіслаў Долмат узнагароджаны за вывучэнне сацыяльна важных аб’ектаў.

Юныя даследчыкі выбралі для сябе шлях адкрыццяў і ўпэўнена крочаць па ім. Жадаем ім сустрэць на гэтым шляху як мага больш цікавага і добрага!

Дар’я РЭВА.
Фота з архіва ўдзельнікаў конкурсу.