Шляхам Багіні…

На пачатку гэтага тыдня Беларусь наведала французская апавядальніца, пісьменніца, арт-тэрапеўт Ганна Лазоўскі. І хаця яе візіт не быў звязаны з ХХVІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставай-кірмашом (яна прыбыла ў Беларусь 3 лютага па запрашэнні Пасольства Францыі ў Беларусі па ўласным творчым графіку, а назад у Парыж адлятала ўжо раніцай 6 лютага за некалькі гадзін да ўрачыстага адкрыцця ХХVІ ММКВК), гэта быў якраз той выпадак, калі розныя, але засяроджаныя на адных і тых жа рэчах з’явы як бы знаходзяць адна адну, загадзя пра гэта не дамаўляючыся: яшчэ за некалькі дзён да адкрыцця Мінскага кніжнага форуму кнігі сталі тэмай топавых беларускіх навін. Якраз у гэты час адбыўся візіт французскай пісьменніцы ў нашу краіну.

Дыпламаваны гісторык, Ганна Лазоўскі доўгі час працавала экспертам культурнай спадчыны ў Францыі і Эфіопіі, перш чым цалкам прысвяціць сябе творчай і навуковай працы, звязанай з даследаваннем міфаў, архетыпаў і сімвалаў, спрадвечнай мудрасцю казак розных народаў свету і са стварэннем аўтарскіх твораў ды спектаклей у жанры казкі. І ўжо на працягу многіх гадоў, кіруючыся выключна поклічам уласнага сэрца, яна выконвае свае спектаклі ў Францыі і іншых краінах, праводзіць адмысловыя тэрапеўтычныя майстар-класы, закліканыя найперш перадаць жанчынам шматграннасць паняцця жаноцкасці і раскрыць у іх гэтую самую жаноцкасць. Сваю метадалогію Ганна Лазоўскі сімвалічна называе “шляхам Багіні”, і гэтым шляхам ужо ідуць па яе прыкладзе тысячы жанчын ва ўсім свеце, знаходзячы сваё жаночае шчасце. Адначасова актыўна друкуецца. Публікуе свае тэрапеўтычныя казкі і артыкулы ў французскіх спецыялізаваных выданнях, на працягу апошніх гадоў выдала шэраг аўтарскіх анталогій, прысвечаных культурным спадчынам і прыдуманым сусветам розных краін (“Казкі славянскіх мудрацоў”, “Казкі скандынаўскіх мудрацоў” і інш.). У сакавіку ў французскім выдавецтве “Сей” выйдзе яе новая кніга “Казкі мудрацоў — захавальнікаў мораў” — свайго кшталту паэтычны зварот з заклікам берагчы акіяны.

За некалькі дзён знаходжання ў нашай краіне Ганна Лазоўскі паспела выканаць усе пункты сваёй дастаткова насычанай праграмы: у Гродне сустрэцца з чытачамі Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага і адкрыць там тыдзень французскай кнігі, а ў Мінску выступіць перад франкафоннымі слухачамі (пераважна навучэнскай і студэнцкай моладдзю) у французскай медыятэцы ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С.Пушкіна і ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, а таксама даць некалькі інтэрв’ю прадстаўнікам айчыных СМІ, у тым ліку “Настаўніцкай газеце”. Што тычыцца нашага выдання, Ганна Лазоўскі вырашыла сумясціць, так бы мовіць, прыемнае з карысным. Раніцай 5 лютага наш карэспандэнт у суправаджэнні перакладчыкаў з ліку студэнтаў МДЛУ меў са спадарыняй Лазоўскі прыблізна 20-хвілінную нетаропкую прагулку ад гасцініцы “Юбілейнай” да Траецкага прадмесця, падчас якой французская госця змагла агледзець гістарычны цэнтр нашай сталіцы, штосьці пафатаграфаваць, а заадно адказаць на шэраг пытанняў.

— Спадарыня Ганна, у вас славянскае прозвішча…

— Гэта польскае прозвішча. Я нарадзілася ў Парыжы, але маю польскае паходжанне і значную частку дзяцінства правяла ў Польшчы. У польскім варыянце я — Lazowska, а ў французскім — Lazowski з націскам на апошні склад.

— Ваша захапленне казкамі з вашага польскага дзяцінства?

— Так. Мне расказвала іх мая бабуля, можна сказаць, што я вырасла на яе казках. Крыху пасталеўшы, я нават прасіла яе мне іх зноў пераказваць, каб запісаць іх на касеты. Таксама ў бабулі было многа прыгожых кніг з казкамі, аздобленых шыкоўнымі ілюстрацыямі. Потым у Францыі я заўважыла, што там такіх прыгожых кніг для дзяцей, як у Польшчы, не выдаюць.

— Дык, можа быць, ваша ўлюбёная тэма жаноцкасці ўпершыню адкрылася вам менавіта ў казках?

— Мне здаецца, што я заўсёды шукала гэтую тэму, ішла да яе. І, памятаю, мяне вельмі напалохаў спачатку першы ўсвядомлены мной як выразна жаночы казачны вобраз. Канечне ж, гэта была Баба Яга. Пазней мне пачалі адкрывацца іншыя казачныя жанчыны, найперш — прынцэса ў розных іпастасях і варыянтах. І больш за ўсё мяне захапіла тое, як можа яна эвалюцыяніраваць у адной і той жа казцы. Гэтая эвалюцыя і ёсць самае галоўнае ў казцы. І гэтая эвалюцыя, умоўна кажучы, ад жабы да прынцэсы, павінна адбывацца з жанчынай і ў жыцці.

— А што гэта такое — жаноцкасць? Як разумееце гэтае паняцце менавіта вы?

— Гэта галоўная асаблівасць жанчыны. Асаблівасць, якая мае мноства граней: мацярынства, пачуццёвасць, інтуітыўнасць, спакуслівасць, міласэрнасць, мудрасць, уменне збіраць і расказваць гісторыі, перадаваць вопыт і многія іншыя. Гэта не значыць, што той жа інтуіцыяй ці пачуццёвасцю не могуць валодаць мужчыны. У іх яны ёсць таксама, але крыху іншыя. Жаночае і мужчынскае вельмі цесна пераплецены паміж сабой. Ёсць жаночае ў мужчынскім, а ёсць мужчынскае ў жаночым. Мы ўсе, жанчыны і мужчыны, жывыя людзі і маем патрэбу адно ў адным. Пытанне не ў тым, што ёсць жанчыны і ёсць мужчыны, а ў тым, што яны павінны падтрымліваць адно аднаго — псіхалагічна, маральна, прафесійна, нарэшце, проста па-чалавечы.

— Сярод мноства архетыпаў жанчыны (прынцэсы, гаспадыні, Афрадыты і іншых), архетып жанчыны-ведзьмы яшчэ жывучы?

— Безумоўна! Хаця ён не такі жывучы, як раней, калі людзі баяліся ведзьмаў па той простай прычыне, што тыя валодалі ведамі, не даступнымі для большасці людзей. А сёння ўсе сталі разумныя.

— Як вы ставіцеся да такой з’явы, як фемінізм? Яна яшчэ не страціла сваёй актуальнасці ў сучасным свеце?

— Яна ёсць. Але сёння феміністы часта збіраюцца разам проста для таго, каб прыцягнуць да сябе ўвагу.

— Каго з класікаў ці сучасных аўтараў, на ваш погляд, можна было б назваць самым праўдзівым выразнікам жаноцкасці ў літаратуры?

— О, на гэтае пытанне мне вельмі цяжка адказаць… Усе мае любімыя аўтары — і жывыя, і мёртвыя — гэта мае самыя лепшыя сябры. І мне не хацелася б пакрыўдзіць кагосьці з іх.

— У вас ужо склалася нейкае ўражанне пра беларускіх жанчын?

— Так. Яны элегантныя і жаноцкія. І вельмі дагледжаныя. Прычым бачна, што яны самі сябе даглядаюць, што робіць ім вялікі гонар.

— Калі ласка, адкажыце на невялікае бліцапытанне. Якая самая жаночая ў свеце нацыя?

— Усе. Нежаночых не бывае.

— Якая самая жаночая ў свеце фраза, выраз, які найчасцей кажуць жанчыны? Магчыма, “жэ тэм”?

— На жаль, не. Прынамсі, у Францыі. Найчасцей жанчыны кажуць у нас: “Гэта не важна…” А яшчэ: “Нічога страшнага”. (Смяецца.)

— Якое самае жаночае імя?

— Імя? Ну, безумоўна, Ганна!

— Спадарыня Ганна, праз месяц мы будзем адзначаць Міжнародны жаночы дзень — 8 Сакавіка. Як ставяцца да гэтага свята ў Францыі, наогул у Еўропе? Як ставіцеся да яго асабіста вы?

— Сёння ва ўсім свеце назіраецца дастаткова моцны рух супраць гвалту і жорсткасці ў дачыненні да жанчын, згадаць хоць бы каласальную хэштэг-кампанію #MeToo супраць сексуальных дамаганняў і харасменту ў адносінах да жанчын, якая пачалася ў сувязі з абвінавачваннямі ў гэтым вядомага галівудскага прадзюсара Харві Ванштэйна. І таму я рада, што такое свята існуе. Але я назвала б хутчэй парадоксам тое, што ў жанчын ёсць толькі адзін афіцыйны жаночы дзень у годзе. Такіх дзён павінна быць значна больш! У Францыі любяць гэтае свята, але, што, можа быць, вам падасца дзіўным, на дзень 8 Сакавіка жанчыны самі купляюць сабе кветкі, а вось 14 лютага, на Дзень закаханых, кветкі ім дораць мужчыны.

— Што б вы пажадалі беларускім жанчынам?

— Адчуваць сябе павіншаванай з 8 Сакавіка. Кожны дзень.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.