Як правесці лета? Можна бязмэтна бадзяцца тры доўгія летнія месяцы па вуліцах горада, можна спаць да абеду, “завісаць” у сетцы або меланхалічна пераключаць каналы ТБ … А можна насыціць кожны летні дзень яркімі падзеямі, ўражаннямі і добрымі справамі! Такую магчымасць прадаставіў вучням 8-х і 9-х класаў гадовы валанцёрскі лагер з кругласутачным знаходжаннем “Будаўнік”, які дзейнічаў на базе сярэдняй школы №1 Ганцавіч.
Адкрыццё лагера прайшло ў гульнявой форме. Абсалютнай нечаканасцю для дзяцей стаў дождж з пялёсткаў жывых кветак ўперамешку з цукеркамі, уладкованы ім важатымі. А кампазіцыя “Па шляху дабрыні” была аднадушна абраная гімнам змены. На наступны ж дзень валанцёры адправіліся ў Ганцавіцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, на базе якога дзейнічае аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Пасля таго, як кіраўнік установы, Галіна Мікалаеўна Кахавец, прадставіла нам работу цэнтра, гаспадары аддзялення запрасілі ўсіх гасцей на сяброўскае чаяванне. Але мэтай нашай сустрэчы былі не толькі зносіны. Асноўнай задачай візіту было “напрасіцца” на работу. І мы атрымалі адрасы адзінокіх хворых людзей, якім сапраўды патрэбна наша дапамога.
Каб зарадзіцца энергіяй веры і любові наш валанцёрскі атрад наведаў Свята-Ціханоўскі царкву, дзе пасля пазнавальнай гутаркі і міні-экскурсіі, хлопчыкі і дзяўчынкі размеркавалі паміж сабой тэрыторыю вакол царквы, каб ачысціць тратуарную фігурную плітку ад пустазелля і моху.
Валанцёрская работа таксама ўключае ў сябе збор макулатуры, пластыка, шкла і металалому. Папаўненнем школьнага калектара другаснай сыравіны і займаліся члены нашага атрада на працягу змены. Акрамя гэтага, дзеці прынеслі з дому больш за два дзясяткі пакетаў, запоўненых адзеннем і абуткам, якія былі ў выкарыстанні, але знаходзяцца ў добрым стане. Усе рэчы былі дастаўлены ў цэнтр сацыяльнага абслугоўвання. Спадзяемся, што гэты невялікі запас адзення парадуе хлопчыкаў і дзяўчынак, якія жывуць у прытулку і малазабяспечаных сем’ях.
З мая 2017 года СМІ і інтэрнэт-парталы Беларусі заклікаюць грамадзян нашай краіны да ўдзелу ў народным творчым конкурсе “Курапаты — народны мемарыял”, які праходзіць пад дэвізам “Праз Курапаты — да пакаяння”. Курапаты сталі адным з сімвалаў трагічнай гісторыі Беларусі. Дзеля адраджэння гістарычнай памяці беларусаў і быў аб’яўлены вышэйназваны конкурс, задачай якога з’яўляецца распрацоўка праектаў мемарыяльных аб’ектаў на тэрыторыі помніка. Нашы дзеці прынялі ўдзел у гэтай рабоце. Прысутныя на мерапрыемстве дарослыя былі ўражаны, наколькі ўважліва і ўдумліва ўспрымалі малыя складаную ў многіх адносінах інфармацыю, як дружна адгукнуліся на прапанову лектара.
22 чэрвеня — сумная дата ў гісторыі краіны. Прыняўшы ўдзел у мітынгу-рэквіеме ў памяць загінуўшых у першыя дні вайны, атрад наведаў ГДК, дзе адбылася прэм’ера спектакля “А золкі тут ціхія …” паводле аднайменнага рамана Барыса Васільева ў выкананні народнага тэатра “Мы”.
Што, па-вашаму, дапамагае згуртаваць калектыў? Сумесная праца? Безумоўна! Роўна, як і сумесны вольны час. Асабліва, калі гэта экскурсійная паездка, насычаная яркімі падзеямі і станоўчымі эмоцыямі. Менавіта такіой стала паездка ў Пінск.
На працягу ўсёй змены важатыя спрабавалі пераканаць выхаванцаў, што акрамя камп’ютарных гульняў, ёсць свет гульняў рухомых і настольных, якія не менш прывабныя, але, у адрозненне ад першых, ўключаюць жывыя зносіны з аднагодкамі і ўсе бонусы рухальнай актыўнасці. Штодня важатыя арганізоўвалі вечары рухомых і настольных гульняў Так, на вялікі жаль, далёка не ўсе дзеці могуць дазволіць сабе адпачынак на моры. Важатыя лагера зрабілі так, што мора само прыйшло да нас. Яны распрацавалі і правялі займальную камандную гульню на марскую тэматыку. Выпрабаваць свае фізічныя магчымасці падлеткі здолелі падчас малых Алімпійскіх гульняў на тэрыторыі лагера.
9 дзён і 8 начэй правялі хлопчыкі і дзяўчынкі ў нашым лагеры па сістэме “ўсё ўключана”. Пры мінімальных матэрыяльных выдатках, яны штодня атрымлівалі багатую ежу — і фізічную, і духоўную. Але момант растання непазбежны … Вы можаце папракнуць мяне ў залішняй сентыментальнасці, але ўжо 7-ю змену запар, меркай поспеху змены для мяне з’яўляецца наяўнасць … слёз пры расставанні. Калі дзеці плачуць падчас фінальнага вечара, значыць, усё склалася — яны пасябравалі, калектыў з’яднаўся, з’явіліся новыя сябры ў рэальным, а не ў віртуальнай, свеце. Гэта значыць, што багаж эмоцый і пачуццяў папоўнены, і гэтыя 9 дзён застануцца маленькай светлай засечкай у іх юных душах.
Юлія ЗАБАРОЎСКАЯ,
важатая лагера. Брэсцкая вобласць.