Шляхам спроб і памылак

“Дасягнуць поспеху можна толькі шляхам спроб і памылак!” — пад такім дэвізам працуе настаўніца нямецкай мовы вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Галіна Андрэеўна Крывецкая, якая 18 гадоў сваёй прафесійнай дзейнасці прысвяціла вучням гімназіі № 2 Пінска.

Педагог — выпускніца тагачаснага Мінскага дзяржаўнага інстытута замежных моў — мае высокі ўзровень тэарэтычнай і метадычнай падрыхтоўкі, дасканала валодае праграмным матэрыялам, пастаянна павышае прафесійнае майстэрства шляхам самаадукацыі, сочыць за дасягненнямi педагагiчнай навукi і эфектыўна выкарыстоўвае iх у практычнай дзейнасцi.

Сваю работу Галіна Андрэеўна выбудоўвае такім чынам, каб вучні паспяхова авалодвалі ўсімі відамі маўленчай дзейнасці. Урокі педагога вылучаюцца камунікатыўнай накіраванасцю, творчым характарам, дакладнай прадуманасцю і нагляднасцю. У арсенале настаўніцы шмат розных прыёмаў і метадаў развiццёвага характару. Г.А.Крывецкая актыўна звяртаецца на занятках да сучасных педагагічных тэхналогій і электронных сродкаў навучання.

Галіна Андрэеўна — надзвычай кампетэнтны педагог, які ахвотна дзеліцца сваім вопытам не толькі з калегамі з Беларусі, але і з замежжа. Па словах Г.А.Крывецкай, найвялікшае шчасце для настаўніка — бачыць першыя поспехі і перамогі выхаванцаў, назіраць, як яны набываюць упэўненасць ва ўласных сілах і паспяхова самарэалізоўваюцца ў жыцці. Для педагога вельмі важна адчуваць сябе карысным і патрэбным сваім вучням. Імкнучыся да ўсяго новага, Галіна Андрэеўна памятае, што найлепшы спосаб развіваць творчыя здольнасці дзяцей — гэта самому быць творчай асобай, таму яна шмат увагі ўдзяляе рабоце з высокаматываванымі вучнямі. Выхаванцы педагога — пераможцы ўсіх этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове.

За высокія вынікі ў алімпіяднай рабоце Г.А.Крывецкая тройчы станавілася лаўрэатам прэміі Брэсцкага аблвыканкама і двойчы ўзнагароджвалася прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

На працягу многіх гадоў Галіна Андрэеўна плённа супрацоўнічае з Федэральным упраўленнем школьнай адукацыі за мяжой у рамках ініцыятывы “Школы — партнёры будучыні” і міжнароднай валанцёрскай службай у сферы знешняй палітыкі ў галіне культуры і адукацыі. Настаўніца курыруе падрыхтоўку вучняў да атрымання шпрах-дыпломаў нямецкай мовы і міжшкольны абмен паміж гімназіяй № 2 Пінска і гімназіяй Альтэна (Германія), прымае вусныя экзамены на атрыманне дыпломаў на веданне нямецкай мовы I і II ступені і сертыфікатаў удзельнікаў міжнароднай параўнальнай работы ўзроўню А1.

У людзях Галіна Андрэеўна цэніць адданасць, шчырасць, добразычлівасць, узаемавыручку і неабыякавасць. Педагога вылучаюць павышаная адказнасць, аптымізм, мэтанакіраванасць і паважлівыя адносіны да калег.

У вольны час Г.А.Крывецкая шмат чытае. Фразу Эркюля Пуаро, літаратурнага персанажа англійскай пісьменніцы Агаты Крысці, лічыць сваім прафесійным крэда: “Чалавек можа ўпарта працаваць, каб, адышоўшы ад спраў, забяспечыць свой вольны час, а затым зразумець, што ён сумуе па актыўным жыцці і ранейшых занятках, якія марыў з радасцю пакінуць”.

Таццяна ЛІПАЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 2 Пінска.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *