Шляхам успамінаў

- 13:28Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

У гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі Ваенна-навуковае таварыства пры Цэнтральным доме афіцэраў і Мінская гарадская бібліятэка №1 імя Л.М.Талстога арганізавалі выставу кніг “Байцы ўспамінаюць дарогі вайны” і “Маршал Г.К.Жукаў на беларускім п’едэстале”, аўтарамі якіх з’яўляюцца члены таварыства.

Удзельнікі прэзентацыі — навучэнцы Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі, прадстаўнікі Федэральнага агенцтва па справах СНД, суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой, і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве (Рассупрацоўніцтва).
Выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталля Аляксандраўна Чыжова расказала пра зверствы фашыстаў у гады акупацыі Мінска, пра тое, што яна бачыла, калі са сваёй маці сувязной 1-й Мінскай партызанскай брыгады Лідзіяй Пятрэнка выконвала даручэнні партызан і наладжвала сувязі з мінскімі падпольшчыкамі. Былы баец партызанскага атрада “Барацьба” брыгады “Народныя мсціўцы” імя В.Т.Варанянскага кандыдат гістарычных навук Васіль Пятровіч Даўжонак падзяліўся ўспамінамі пра барацьбу з фашыстамі ў тыле ворага і ўдзел у парадзе партызан у Мінску 16 ліпеня 1944 года. Са сваім апяваданнем “Іду шляхам успамінаў, дарогамі вайны” выступіў былы радыётэлефаніст 1-га Беларускага фронту Мікалай Уладзіміравіч Іваноў. Калі пачалася вайна, Мікалаю, ураджэнцу Падмаскоўя, было няпоўных 15 гадоў. І толькі ў жніўні 1944 года ён быў прызваны ў дзеючую армію і ўдзельнічаў у вулічных баях у Берліне, а 26 красавіка 1945 года быў паранены. Пра свае франтавыя шляхі-дарогі Мікалай Уладзіміравіч расказаў вершамі. Ад аўтара кнігі “Маршал Г.К.Жукаў на беларускім п’едэстале” генерал-маёра ў адстаўцы Уладзіміра Аванэсавіча Аванэсава навучэнцы пачулі кароткую біяграфію маршала Перамогі, пра яго службу на беларускай зямлі, пра ўвекавечанне памяці палкаводца нашымі землякамі.
Выступленні ветэранаў змяняліся музычнымі нумарамі. У выкананні спявачак — студэнтак БДУКіМ Кацярыны Давідовіч, Анфісы Данілавай і суправаджэнні канцэртмайстра лаўрэата міжнародных конкурсаў Н.А.Чыжовай гучалі “Арыёза маці” з паэмы А.Новікава “Нам патрэбен мір”, знакамітая “Кацюша”, “Дзве каліны”.

Іван АРХІПАЎ,
член савета Ваенна-навуковага таварыства.
Фота Васіля КУЛІКОВА.