Шматгалоссе культур у ГРОДНЕ

- 16:52Апошнія запісы, Культура, Рознае

Х Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які адбыўся 6—8 чэрвеня ў Гродне, стаў юбілейным і прайшоў сёлета ў горадзе, які аб’яўлены культурнай сталіцай Беларусі. Удзельнікаў фестывалю, гасцей і жыхароў горада над Нёманам чакала захапляльная праграма. Гэта і цікавыя тэматычныя выставы, і тэатралізаванае шэсце прадстаўнікоў розных культур, і канцэрты, якія праходзілі на шматлікіх пляцоўках, і магчымасць пазнаёміцца з прадстаўнікамі розных дыяспар, убачыць асаблівасць іх культур на нацыянальных падворках.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Х Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Анатоль Ліс прачытаў прывітальны зварот Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі да ўдзельнікаў фестывалю, у якім падкрэслівалася роля такіх форумаў у захаванні культурнай спадчыны шматлікіх нацый і народнасцей, якія жывуць у згодзе на беларускай зямлі. Таксама звярнуўся да прысутных намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік, які адзначыў, што ў Беларусі праводзіцца палітыка па стварэнні ўмоў для жыцця ўсіх нацыянальнасцей і гэта спрыяе ўмацаванню сацыяльнай стабільнасці ў краіне.

Да святочных дзён было прымеркавана адкрыццё фотавыставы апарату Упаўнаважанага пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь па справах рэлігій і нацыянальнасцей “Беларусь шматнацыянальная”, якое адбылося ў Цэнтры культуры Гродна. Цікавасць у гледачоў выклікала яшчэ адна фотавыстава — “У аб’ектыве — старонкі гісторыі фестывалю нацыянальных культур”, якая была размешчана пад адкрытым небам у парку імя Жылібера. У Каложскім парку адбылося ўрачыстае адкрыццё Алеі дружбы, дзе прадстаўнікі розных нацыянальнасцей пасадзілі дрэвы.
Адметнай падзеяй фестывалю стала адкрыццё ў прысутнасці каталіцкіх і праваслаўных святароў, а таксама дыпламатаў, грамадскасці памятнага знака на месцы страчанага ў 1961 годзе храма — Фары Вітаўта, якая была заснавана ў XIV стагоддзі і на працягу сваёй гісторыі ў розны час была як каталіцкім, так і праваслаўным храмам. Памятны знак, работа гродзенскага скульптара Сяргея Більдзюка, выкананы ў выглядзе дзвюх арак з каталіцкім і праваслаўным крыжамі.
Кульмінацыяй свята сапраўды можна назваць тэатралізаванае шэсце ўдзельнікаў фестывалю па вуліцах горада. Прычым большасць прадстаўнікоў дыяспар ішла ў нацыянальных строях, з песнямі і танцамі. Разам з дарослымі было мноства дзяцей: вось маленькі джыгіт танцуе лезгінку, побач дзяўчынка-цыганка кружыць у хвалях шырокай спадніцы, а хлопчык-беларус у саламяным капелюшы ідзе ўпрысядкі. Сапраўды, гэта добры ўрок талерантнасці і сяброўства для дзяцей і моладзі нашай шматнацыянальнай краіны.

Другі дзень фестывалю быў адметны магчымасцю вандроўкі па 22 нацыянальных падворках, кожны з якіх здзіўляў як прысмакамі нацыянальнай кухні, так і музыкай, песнямі, танцамі. Можна было назіраць і такую карціну: разам з танцорамі ў нацыянальных строях ідуць у скокі і гродзенцы, і госці горада — такія інтэрнацыянальныя танцавальныя ансамблі імправізавалі амаль на кожным падворку.
Асаблівую цікавасць выклікаў так званы паштовы падворак “Гродзенская пошта са старажытных часоў да сучаснасці”, які, дарэчы, адкрыўся ўпершыню на юбілейным фестывалі. Тут можна было наведаць невялікую экспазіцыю, прысвечаную гісторыі пошты, а таксама набыць паштоўкі і пагасіць іх юбілейным штампам фестывалю — здаецца, такія паштоўкі будуць карыстацца вялікім попытам у аматараў посткросінгу.

На працягу фестывальных дзён горад ператварыўся ў сапраўдны цэнтр шматгалосся культур. Працавалі выставы мастакоў, рамеснікаў, нават вырабаў кавалёў. На розных пляцоўках радавалі гледачоў спевакі з гродзенскімі каранямі — Тэа, Галіна Шышкова, Герман, Саша Нэма, а таксама беларускія артысты розных нацыянальнасцей: Гюнеш, Тарыел Майсурадзэ, Шыр і іншыя. Цікава, што і расійская зорка Андрэй Разін, які выступаў з гуртам “Ласкавы май”, прызнаўся, што нарадзіўся ў Гродне. Сваю любоў да мэтра расійскай эстрады Льва Лешчанкі публіка выказала шчырымі апладысментамі, а калі спявак выконваў “Дзень Перамогі”, усе прысутныя ўсталі і тым самым аддалі даніну павагі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны.
Але спявалі і танцавалі на фестывалі не толькі зоркі. Яскрава прайшлі свята нацыянальнага харэаграфічнага мастацтва “Танцы і рытмы розных народаў”, гала-канцэрт творчых калектываў нацыянальных суполак “У карагодзе сяброў”, танцавальна-забаўляльная праграма “Мы — разам!”. А юныя спевакі і танцоры прадэманстравалі свае таленты на свяце дзіцячай нацыянальнай творчасці “Вясёлы калейдаскоп”.
Увечары першага дня фестывалю ўсіх захапіў святочны феерверк, а напрыканцы другога дня гродзенскае неба было ўпрыгожана лазернай 3D-праекцыяй, якая дэманстравала гістарычнае мінулае.
Свята, якое яднае, атрымалася! Да новых сустрэч — ужо на ХІ Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у горадзе над Нёманам.

Наталля ЧАРКЕС,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
cярэдняй школы № 1 Скідаля Гродзенскага раёна.