Шосты школьны дзень

У Навагрудскім раёне стала добрай традыцыяй праводзіць раённыя школьныя суботы. Апошняя прайшла ў мінулую суботу ў сярэдняй школе № 7 Навагрудка. Менавіта тут было шматлюдна і весела. Кожны змог знайсці сабе занятак па душы. Акрамя работы дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў, факультатываў і аб’яднанняў па інтарэсах, пазаўрочных мерапрыемстваў, якія падрыхтавалі педагогі школы, заняткаў для кадэтаў, у нашай школе прайшоў шэраг маштабных мерапрыемстваў для школьнікаў горада.

Суботні дзень сабраў у нашых сценах акцябрат усіх школ горада на квэст-гульні “Падарожжа з беларусачкай”. Дзеці падарожнічалі па сямі станцыях, разгадвалі рэбусы, спявалі, танцавалі, пісалі пажаданні. Гульня прайшла весела і цікава. У выніку перамагла дружба!

Наш музей “Назад у СССР” чарговы раз прымаў гасцей. Гэтым разам гэта былі навучэнцы з спецшколы-інтэрната. Хлопчыкі і дзяўчаты атрымалі магчымасць акунуцца ў эпоху Савецкага Саюза, адчуць сябе стараннымі савецкімі школьнікамі, пазнаёміцца з побытам радавога савецкага грамадзяніна, пагуляць у цацкі, у якія некалі гулялі іх бабулі і дзядулі, мамы і таты. Дзеці з задавальненнем разглядалі прадметы, якія сталі сімваламі савецкай эпохі.

Для навучэнцаў 7-х класаў гарадскіх школ правялі віктарыну “Адгадай прафесію”. Навучэнцы больш даведаліся пра асобныя прафесіі, выконваючы заданні: “Прафесіі ў загадках і ребусах”, “Прафслоўнік”, “Анаграмы”, “Прафесіі ад А да Я”, “Што гэта за прафесія?”, “Назаві прафесію”.

У школе была праведзена спартландыя “Спорт і я — лепшыя сябры” з удзелам каманд школ горада. Па выніках праведзенага мерапрыемства пераможцам стала каманда сярэдняй школы № 7. Дзеці спаборнічалі ў спартыўных эстафетах: “Кенгуру”, “Не ўпусці мяч”, “Пераправа”, “Пакаці гарошак”, “Скараход” і інш.

Для навучэнцаў усіх катэгорый суботнім днём зладзілі гадзіну зносін “Талерантнасць — дарога дабра”. Хлопцы і дзяўчаты пазнаёміліся з паняццем “талерантнасць”, падчас гульні “Павуцінка” вучні разважалі, што адчувае той, хто стаў аб’ектам кпінаў. Гульня “Кампліменты” стварыла добразычлівую атмасферу, што шмацавала давер унутры групы.

Навучэнцы 6—9 класаў Навагрудскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, парушэннямі псіхічнага развіцця (цяжкасцямі ў навучанні) змаглі паўдзельнічаць у майстар-класе “Дзіўны свет фарбаў”, паглыбіцца ў свет мастацтва і стварыць у розных тэхніках маленькія шэдэўры.

У шосты школьны дзень валанцёрскі атрад “Сузор’е надзей” узяў актыўны ўдзел у акцыі “Клопат” па аказанні дапамогі пажылым грамадзянам, якія пражываюць у мікрараёне школы.

А скончылася раённая школьная субота дыскатэкай, дзе ўсе змаглі атрымаць асалоду ад добрай музыкі і патанцаваць.

Вольга КУР’ЯН,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 7 г. Навагрудка.