Шосты. Школьны. Наш

Чым школе зацікавіць дзіця ў суботу? Як зрабіць гэты дзень незабыўным? Што трэба для таго, каб кожнае дзіця зноў і зноў чакала канца тыдня, каб прыбегчы ў школу. У аўторак свае творчыя адказы на гэтыя пытанні прапаноўвалі педагогі з ўсёй краіны падчас Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня, які праводзіўся ў Мінску. Учора аўтары лепшых ідэй атрымалі свае ўзнагароды. Усяго на суд журы ў фінале быў прадстаўлены 21 праект — па тры ад кожнай вобласці і Мінска.

Адкрываючы конкурс, кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэр­ства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ларыса Васільеўна Емяльянчык адзна­чыла:

— У далёкім 2003 годзе шосты школьны дзень арганічна ўпісаўся ў сістэму выхаваўчай работы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Ні ў адной краіне на постсавецкай прасторы падобнага праекта — шостага школьнага дня — няма. Заўсёды педагогі гэтых краін з зай­здрасцю даведваюцца пра нашы суботы і пра тое, што ў нас адбываецца.

Шчыра прызнацца, седзячы ў глядзельнай зале Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, дзе і ладзіўся конкурс, я таксама зайздросціла тым, хто меў дачыненне да прадстаўленых на сцэне праектаў, бо ў мае школьныя гады па суботах вучыліся. Сёння ж, як паказаў конкурс, суботні дзень для школьніка — гэта цэлы калейдаскоп цікавых праектаў: аўтарскія вечарыны, тэатральныя пастаноўкі, гістарычныя рэканструкцыі, экскурсійныя туры, прымеркі прафесій, спартыўныя і танцавальныя спаборніцтвы — ад футбольнага фрыстайла да брэйк-данса. Сёння гутаркі пра набалелае з педагогамі і людзьмі ў пагонах удала замяняе сацыяльны тэатр і акцёры-аднагодкі. Жыццё дзяцей працягваецца ў інтэрнэт-прасторы, якая становіцца тэрыторыяй іх творчасці, анлайн-падарожжаў, інтэлектуальных спаборніцтваў. Сваю фішку ўносяць тэхналогіі дапоўненай рэальнасці, маляванне пяском, святлом, лазерныя шоу і іншае, што дзеці з задавальненнем асвойваюць.

Прыемна адзначыць, што большасць праектаў створана з непасрэдным удзелам дзяцей, таму праекты, прадстаўленыя ў фінале, не столькі распрацоўкі педагогаў, колькі іх калектыўныя знаходкі.

Падрабязней пра лепшыя праек­ты чытайце ў лістападаўскім дадатку “Шосты дзень”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.