Шпаргалкі на ўрок

- 14:01Портфолио

Сэнсавае напаўненне твора немагчыма інтэрпрэтаваць без паглыбленага аналізу тэкставай тканіны з яе моўным каларытам, моўнымі характарыстыкамі, адметнасцю аўтарскага стылю, пабудовы сказа, фразы.

Камунікатыўны складнік 

Задача фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі і выхавання моўнай культуры асобы сёння прыкметна актуалізавалася. Гэта абумоўлена тым, што кантактаванне дзяцей з мастацкім словам, на жаль, звужаецца, а веданне імі беларускай мовы, валоданне ёй вымушае жадаць лепшага. 

Настаўнік пры мадэляванні ўрока павінен клапаціцца пра яго камунікатыўны складнік. Камунікатыўнасць — не толькі ўменне перадаваць і фармуляваць уласныя думкі, але і здольнасць успрымаць, разумець і асэнсоўваць тэкст, які ўяўляе сабой змястоўна-сэнсавую структуру. 

Мной былі адабраны эфектыўныя метадычныя прыёмы, распрацавана сістэма па іх выкарыстанні, якая садзейнічае фарміраванню камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў, праяўленню іх самастойнасці, актыўнасці і ўключэнню ў зносіны з аднакласнікамі на аснове работы з мастацкім тэкстам.

Пры вывучэнні ўрыўка “Ля вогнішч начлежных” Максіма Танка (5 клас) на этапе вывучэння новага матэрыялу ўводжу прыём “Адтэрмінаваная адгадка”. Вучням прапаную адказаць на пытанне: “Ці сапраўды трэба берагчы шчасце і шчодра дзяліцца ім з астатнімі?”. Гэта дапамагае дзецям крытычна ацаніць думкі і выказванні аднакласнікаў, прыслухацца да рэкамендацый і парад настаўніка. 

На этапе замацавання вывучанага матэрыялу выкарыстоўваю прыём “Шпаргалка на ўрок”. Вучняў загадзя папярэджваю, што ад якасці іх работы будзе залежаць выніковая адзнака, і раблю акцэнт на работу з мастацкім тэкстам па схеме “выкананне задання — прадстаўленне вынікаў — вуснае выступленне”. І толькі пасля гэтага прашу запоўніць уліковую картку галоўнай гераіні Галіны па акрэсленых крытэрыях: “Імя героя — Галіна. Узрост — 16. Месца сустрэчы з ёй — ля возера Мястра ў хаце лесніка. Статус — дачка лесніка. Занятак — дапамагала бацьку па гаспадарцы. Знешні выгляд — “Хто бачыў яе, той забыцца не мог / Красы яе светлай, дзявочай, / І водсвет зары, што на твар яе лёг, / І косы, і сінія вочы”. Паводзіны — стрыманыя. Адносіны гераіні да бацькі — паважлівыя, да Васілька — каханы, да Барыны — негатыўныя. Трагічныя абставіны — забілі бацьку, спалілі родную хату, сілай забралі ў палац, смерць каханага Васілька. Чарадзейная рэч — люстэрка”. Гэта садзейнічае фарміраванню вуснага маўлення вучняў у адпаведнасці з акалічнасцямі і ўмовамі зносін, дае ім магчымасць удасканаліць навыкі работы ў групе. 

На этапе падвядзення вынікаў урока прапаную прыём “Пісьмо”. Вучням трэба ўявіць сябе паштальёнам, які падчас дастаўкі пісьма адрасату трапіў пад лівень, і ліст сапсаваўся: у ім зніклі пэўныя словы. Пяцікласнікам неабходна ўзнавіць яго змест, каб тэкст стаў зразумелы чытачу.

“Прывітанне, Галіна! 

Я зразумеў(-ла), што паміж табой і юнаком … (Васільком) успыхнула сапраўднае … (каханне). Васіль — … (майстар) на ўсе рукі. З усіх яго падарункаў я прыгадаю … (люстэрка). Яно было зроблена з цудоўнага сплаву: “з крынічных … (пясчынак), блакіту … (нябёс), з … (кахання), і … (мары), і … (славы)”. Аднак час расставіў усё на свае месцы.

Аднойчы каля … (студні лесніковай хаты) цябе сустрэў … (ненавісны) магнат … (Барына). Ён вельмі хацеў, каб нябачная … (папараць-кветка) ўпрыгожыла яго палац. Ты з гонарам яму … (адмовіла). Пан Барына не супакоіўся. Па яго загадзе быў забіты … (твой бацька). На месцы лесніковай пасады чарнела … (папялішча). 

Тваё жыццё ў … (няволі) выратаваў каханы. Васілёк заставіў пана … (адказаць) за ўсе здзекі над людзьмі. Шкада, але і гэта не выратавала ваша шчасце. Каханы нерухома ляжаў на жоўтым … (пяску). Ад чакання з рук выпала … (люстэрка). На месцы сярэбраных асколкаў утварыліся … (азёры). А ты, Галіна, ператварылася ў … (чайку), якая ўсё … (лятае, кружыць і шукае) сваё шчасце…”. Праведзеная работа садзейнічае фарміраванню ў вучняў пісьмовага маўлення, уменняў выступаць у пэўнай сацыяльнай ролі ў адпаведнасці з акалічнасцямі і ўмовамі.

З крытычным поглядам

Пры вывучэнні апавядання “Сваякі” Васіля Быкава (6 клас) на этапе вывучэння новага матэрыялу выкарыстоўваю прыём “Шалі”. Прапаную вучням раскрыць канверт, у якім знаходзяцца прыметнікі, і ахарактарызаваць Дразда, размеркаваўшы словы на шалях, абгрунтавана патлумачыўшы свой выбар.

Словы з канверта: хлуслівы, хітры, праўдзівы, жорсткі, адданы, кемлівы, чалавечны, ненавісны, ілжывы, шчодры, прагны, сквапны, злы, міласэрны, добрасумленны, чысты, гуманны, зайздрослівы. Пасля свайго выбару вучні павінны адказаць на пытанні: “Якіх прыметнікаў у вас атрымалася больш?”, “Чаму?”. Такі прыём паспрыяе ўдасканаленню ў вучняў маналагічнага маўлення, валодання спосабамі ўзаемадзеяння з суразмоўнікам, дапаможа крытычна ацаніць думкі і выказванні аднакласнікаў.

На этапе замацавання вывучанага матэрыялу ўводжу прыём “Мазаіка”. Вучням прапаную падзяліцца на групы, каб на аснове зместу твора раскрылі сэнс назвы, вызначылі асноўную тэму і падтэмы, запоўнілі апорную табліцу:

 

Сэнс назвы

Паказ цяжкага лёсу жанчыны (стома за гады ваеннага ліхалецця; перажыванні за мужа-партызана; трывога за сыноў; роздумы пра будучыню)

Асноўная тэма

Ваенная

Ідэя твора

Адлюстраванне тонкай грані паміж крытэрыямі “дабро — зло”, “жыццё — смерць”

Падтэмы апавядання

1. Чалавек і праца.

2. Узаемаадносіны бацькоў і дзяцей.

3. Вера маці ў “добрае сэрца”.

4. Чалавек і акалічнасці

 

Выкананне такога задання садзейнічае фарміраванню ў вучняў маналагічнага і дыялагічнага маўлення, удасканальвае навыкі работы ў групе.

На этапе падвядзення вынікаў урока ў канву ўводжу прыём “Дэтэктыў”. На аснове апавядання вучням прапаную ўявіць сябе літаратурнымі крытыкамі, скласці апорны кластар і растлумачыць псіхалагічны стан маці ў адпаведнасці з акрэсленымі крытэрыямі.

Праведзеная работа садзейнічае фарміраванню ўменняў вучняў выступаць у пэўнай сацыяльнай ролі і крытычна ацэньваць думкі і выказванні аднакласнікаў.

Пры вывучэнні аповесці “Жураўліны крык” В.Быкава (8 клас) на этапе вывучэння новага матэрыялу выкарыстоўваю прыём “Мянушка”. Вучням прапаную выйсці да дошкі, выбраць картку з мянушкай героя (Блатняк, Вучоны, Арыстакрат, Аднаасобнік, Зялёны хлопец, Баця), абгрунтаваць сваё меркаванне прыкладамі з твора. Такі прыём садзейнічае ўдасканаленню маналагічнага маўлення, дапамагае крытычна ацаніць думкі і выказванні аднакласнікаў. 

Індывідуальна і ў групе

На этапе замацавання вывучанага матэрыялу ўводжу прыём “Акуляры”. Прапаную вучням звярнуць увагу на рэчы (сала, акуляры, залаты гадзіннік, ПТР, парад, журавель у небе), якія будуць асацыіравацца з героямі (Пшанічны, Фішар, Свіст, Карпенка, Аўсееў, Глечык), абмеркаваць свой выбар з суседам па парце, прадставіць вынікі дзейнасці. Выкарыстанне гэтага прыёму ўдасканальвае ў вучняў навыкі дыялагічнага маўлення, работы ў пары, валодання спосабамі ўзаемадзеяння з суразмоўнікам і калектывам.

На этапе падагульнення вывучанага скіроўваю ўвагу вучняў на прыём “Гасцініца”, падчас выканання якога прапаную ўявіць сябе адміністратарам у гасцініцы, у якога на гэты дзень толькі тры свабодныя нумары: аднамесны, двухмесны і трохмесны, у якія неабходна рассяліць герояў твора. Задача для вучняў — рассяліць герояў па нумарах, растлумачыць свой выбар. Выкарыстанне такога прыёму садзейнічае не толькі ўдасканаленню навыкаў асэнсавання пэўнай сацыяльнай ролі вучнямі, але і фарміруе ў іх маналагічнае і дыялагічнае маўленне.

Пры вывучэнні драматычнай паэмы “Чорная панна Нясвіжа” А.Дударава (9 клас) на этапе вывучэння новага матэрыялу выкарыстоўваю прыём “Перакрутыш”. Вучням прапаную звярнуць увагу на фотаздымак (селянін у белай вопратцы на фоне Мірскага замка), замяніць праілюстраваны малюнак словамі-антонімамі, адгадаць назву мастацкага твора, вызначыць хранатоп разгортвання падзей у ім, запоўніць геаграфічную карту, растлумачыць, чаму падзеі, апісаныя ў творы, ахопліваюць тры краіны. Выкарыстанне гэтага прыёму ўдасканальвае ў вучняў навыкі дыялагічнага маўлення, работы ў парах, валодання спосабамі ўзаемадзеяння з суразмоўнікам і калектывам.

На этапе падагульнення вывучанага матэрыялу ўводжу прыём “Рэжысура” і прапаную вучням азнаёміцца спачатку з выказваннем Пятра Васючэнкі: “Прасветлінамі гісторыі варта лічыць і тыя яе эпізоды, у якіх халоднаму разліку, выгадзе процістаяць палкія рамантычныя пачуцці: любоў да Радзімы, ахвярнасць, каханне”, а пасля засяродзіць сваю ўвагу на рэпрадукцыі карцін Ё.Зімлера “Смерць Барбары Радзівіл”, В.Герсана “Здань Барбары Радзівіл”, Я.Мацейкі “Сігізмунд Аўгуст з Барбарай у Радзівілаўскім палацы ў Вільні”. Вучням неабходна ўважліва разгледзець творы жывапісу, апісаць іх, выказаўшы свае думкі ў групе і супаставіўшы твор мастацтва з літаратурным. Свой адказ трэба аформіць у выглядзе пяці пытанняў: “Хто?”, “Што?”, “Дзе?”, “Як?”, “Калі?”. 

Такім чынам, мэтанакіраванае ўвядзенне ў адукацыйны працэс эфектыўных метадычных прыёмаў на ўроках беларускай літаратуры пры рабоце з мастацкім тэкстам садзейнічае валоданню спосабамі ўзаемадзеяння з суразмоўнікам і спосабамі ўзаемадзеяння з групай людзей, выкарыстанню прыёмаў і сродкаў вуснага маўлення ў адпаведнасці з акалічнасцямі і ўмовамі зносін, фарміраванню маналагічнага, дыялагічнага маўлення, удасканаленню навыкаў працаваць у калектыве ці групе, выступаць у пэўнай сацыяльнай ролі, фарміраванню ўменняў крытычна ацэньваць думкі і выказванні аднакласнікаў. 

Яўген ЕСІС, 
настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 16 Мазыра,
магістр філалагічных навук, даследчык педагагічных навук.