Што дашкаляты робяць у каледжы? 

- 13:32Прафарыентацыя, Сацыяльны ракурс

Такое пытанне можа ўзнікнуць пры наведванні некаторых устаноў прафесійнай адукацыі Міншчыны. Можа, узрост прыёму настолькі знізілі? Канечне, не! Малых у каледжы і ліцэі запрашаюць для знаёмства з прафесіямі. Вось такая вельмі ранняя прафарыентацыя.

Для прафарыентацыі ніколі не рана, перакананы ў Маладзечанскім дзяржаўным каледжы. Таму падчас тыдня прафесійнага майстэрства ў госці запрасілі дашкалят. 

Безумоўна, у дашкольным узросце ў дзяцей яшчэ толькі ствараецца ўяўленне аб розных прафесіях. Калі першую сустрэчу з прафесіяй зрабіць  станоўчай, эмацыянальнай, яркай, то менавіта такі вобраз прафесіі можа надоўга застацца ў памяці і паўплываць у далейшым на прафесійны выбар. А калі гэтая работа будзе ўмела працягнута ў школе, то з прафесійным вызначэннем увогуле праблем быць не павінна. 

Сапраўднае пагружэнне ў прафесію заўсёды больш эмацыянальнае і ўздзейнічае на дзяцей мац­ней. Згадзіцеся, адна справа, калі дзіця “гуляе ў электрыка” з пластмасавымі цацкамі, і зусім іншая — “пакруціць”  нешта на вялікім стэндзе і ўба­чыць, як ад тваіх дзеянняў запальваюцца лямпачкі. 

У Маладзечанскім каледжы сустрэчы з прафесіяй для малых ператвараюць у забаўляльнае свята і абавязкова даюць ім магчымасць адчуць сябе сапраўднымі работнікамі.  Так, напрыклад, у “Падарожжа ў прафесію электрык” адправіліся выхаванцы дзіцячага сада — пачатковай школы № 15 Маладзечна і ясляў-сада № 7 Маладзечна. У каледжы малых сустрэлі клоўны, тыгр і вожык, якія загадвалі тэматычныя загадкі, танцавалі, ствараючы дружалюбную і вясёлую атмасферу. Дзеці глядзелі  мультфільм “Кошчын дом” і спачувалі галоўнай гераіні, у якой зга­рэла жытло. Каб такая бяда больш не паўтарылася, вядучыя мерапрыемства параілі кошцы ўсталяваць у яе новым доме пажарныя апавяшчальнікі. Навучэнец Георгій Чарняўскі, будучы электраманцёр ахоўна-пажарнай сігналізацыі, паказаў на стэндзе, як выглядаюць пажарныя і ахоўныя апавяшчальнікі, паведаміў аб прынцыпе іх работы. 

Навучэнцы-электрыкі расказалі маленькім гасцям пра сваю прафесію, яе ролю ў жыцці грамадства і кожнага чалавека, прадэманстравалі спецвопратку і індывідуальныя сродкі абароны, паказалі наборы інструментаў і пазнаёмілі з іх прызначэннем. Малыя і самі ўзялі ў рукі індыкатарную адвёртку, ізастужку і пласкагубцы, а таксама даведаліся, для чаго яны выкарыстоўваюцца. Асабліва ім спадабалася прымя­раць дыэлектрычныя рукавіцы, ізаляцыйныя боты і будаўнічыя каскі. А каб дзеткі ўявілі, як бяжыць электрычнасць па правадах, навучэнцы каледжа правялі для іх  пальчыкавую гімнастыку “Ток бя­жыць па правадах”.

Пра тое, навошта трэба эканоміць электра­энергію, расказаў электрык Артур Піскароў. Ён прадэманстраваў работу стэнда для вывучэння энергазберажэння, дзе кожны датчык дазваляе разумна выкарыстоў­ваць электрычнасць. Дзеткі з вялікай цікавасцю вывучалі стэнд і пад кіраўніцтвам старэйшых таварышаў самі кіравалі датчыкамі. На памяць аб сустрэчы малыя сваімі рукамі зрабілі кветкі з каляровага дроту.

Таксама дашкольнікаў пазнаёмілі з прафесіямі прадаўца, швачкі, маляра, тынкоўшчыка, сталяра, муляра, электрыка,  кухара, афіцыянта, кандытара. А завяршыўся тыдзень прафесійнага майстэрства сумесным канцэртам навучэнцаў каледжа і выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі, падчас якога гаспадары і госці абмяняліся памятнымі падарункамі, а выхаванцы дашкольных устаноў адукацыі атрымалі дыпломы за паспяховае асваенне прафесій. Самае галоўнае, што ў малых засталіся добрыя ўспаміны аб прафесіях і аб каледжы.

Дар’я РЭВА.