Што глядзець на YouTube, каб атрымаць 100 балаў на ЦТ

- 12:18Выхаванне

Таня Ключ — гэта дзве гулькі, 188 відэа і безліч удзячных абітурыентаў. Ужо больш за год студэнтка вядзе каналы на YouTube для тых, хто рыхтуецца да цэнтралізаванага тэсціравання па рускай мове і біялогіі. Мы спыталі ў Тані, якім павінен быць адукацыйны кантэнт на YouTube, як перажываць памылкі, калі вучыш іншых, і чаго чакаюць гледачы ад блогераў-настаўнікаў. 

Замест доўгіх і сумных правіл

Для сваіх падпісчыкаў Таня Ключ адначасова і рэпетытар, і сябар, і служба псіхалагічнай дапамогі. Ды яшчэ паўтара года назад нават ідэі адукацыйнага канала не існавала. Быў толькі праграміст Аляксандр Байкоў і яго задума стварыць мабільную прыладу з тэстамі па рускай мове. Яна павінна была дапамагчы школьнікам трэніравацца перад ЦТ. Не хапала Сашы толькі саміх тэстаў, таму ён стаў шукаць аўтара сярод студэнтаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Дзіўна, але ахвотны знайшоўся не сярод будучых філолагаў. Таня вучылася на журналіста, аднак ідэя з прыладай спадабалася — і дзяўчына села за работу.

Пакуль складалі тэсты, Саша і Таня паспелі добра пазнаёміцца. Даведаўшыся, што дзяўчына ўжо працуе на тэлебачанні і не баіцца камеры, Саша прапанаваў яшчэ адну ідэю — падрыхтаваць ролікі для YouTube. Так нарадзіўся канал “Руская мова з Таняй Ключ”.

— На гэтым канале мы не прос­та пераказваем падручнік па рускай мове. Мы імкнёмся ператварыць доўгія і складаныя правілы ў простыя алгарытмы, якія лёгка запомніць і выкарыстаць, — тлумачыць Таня. — Напрыклад, правапіс мяккага знака ў канцы слова. Каб правільна напісаць, прыйдзецца пагартаць падручнік па раздзелах, прысвечаных розным часцінам мовы. А мы зрабілі алгарытм, які дапамагае за 3 крокі вызначыць, ці патрэбны мяккі знак у любым слове.

Пасля пачалі здымаць і ўрокі па біялогіі. Зараз яны нават больш падабаюцца Тані: можна маля­ваць на імправізаванай дошцы складаныя схемы і структуры. Словамі ці маркерам яна тлумачыць кожны выкарыстаны тэрмін, каб вучні не згубіліся, не былі вымушаны падоўгу шукаць у падручніках забытае азначэнне. Міні-ўрокі Таня спярша тэсціруе на Сашы — ён першы вучань і крытык, і калі нешта не разумее, прыходзіцца ўсё перапісваць.

Нямала крытыкі дасталася відэаблогерам і ад гледачоў.

— Напачатку мы рабілі нямала памылак, — узгадвае Таня. — На гэта адразу рэагавалі ў каментарыях пад відэа. Першымі — рэпетытары і адукацыйныя цэнтры, якія выпраўлялі памылку, каб адразу ж заклікаць усіх не карыстацца нашым каналам і прыходзіць да іх на заняткі. Пісалі нам і выкладчыкі, якія сварыліся за тое, што мы блытаем дзяцей. 

Калі спярша ад памылак апускаліся рукі, то з часам Таня і Саша прывыклі і пачалі нават радавацца выпраўленням. Чым больш такіх правераных дасведчаным гледачом ролікаў, тым больш якасным будзе кантэнт канала ўвогуле, ды і памылкі ў вопытных блогераў сталі з’яўляцца ўсё радзей.

А вось пра тое, каб перастаць здымаць, блогеры ўвогуле не думалі.

— Любое відэа — нават самае непрафесійнае, дрэнна знятае, з памылкамі — лепш, чым нічога, — упэўнена Таня. — Мы пачыналі без нармальнага асвятлення: выстаўлялі “вежу” з крэслаў і сумак, каб наверсе замацаваць просты тэлефонны ліхтарык. Здымаць і манціраваць не ўмелі ўвогуле. А зараз у нас і добрая дошка, і абсталяванне, мы робім уласны сайт для сваіх адукацыйных каналаў.

ЦТ у прамым эфіры

Другі від кантэнту, які ства­раюць Таня і Саша, — стрымы. Гэта двухгадзінныя ўрокі, падчас якіх Таня ў прамым эфіры працуе са сваімі падпісчыкамі: тлумачыць правілы, прапануе тэсты і практыкаванні. Звычайна спецыяльна да стрыму Таня робіць прыгожыя прэзентацыі, таму на падрыхтоўку можа спатрэбіцца да двух дзён.

Стрымы асабліва палюбіліся падпісчыкам, таму зараз Таня сустракаецца з імі анлайн 2 разы на тыдзень.

— Абітурыентам цяжка прымусіць сябе сесці і пачаць адзін за адным рашаць тэсты, — расказвае пра сваіх гледачоў Таня. — Іншая справа — калі ёсць кампанія, дзе кожны спрабуе, памыляецца, выпраўляецца. Мы раней нават выбіралі “караля стрыму” — таго, хто лепш за ўсіх спраўляўся з пытаннямі. Ды зараз вырашылі больш сканцэнтравацца на вучэбным працэсе.

Падчас стрыму збіраецца не проста клас, а група падтрымкі, у якой заняткі праходзяць амаль як сяброўскія сустрэчы. Напэўна, лепш за ўсё гэтая атмасфера адчуваецца напярэдадні тэсціравання, калі Таня ладзіць стрымы не толькі пра рускую мову і біялогію, але і пра псіхалагічную падрыхтоўку да ЦТ. Аднойчы такая відэасустрэча доўжылася 7 гадзін запар: абітурыенты пыталі, як справіцца з хваляваннем і не разгубіцца. Таня цярпліва адказвала, ставіла музыку па запытах і право­дзіла гульні, каб яшчэ раз згадаць вывучаныя правілы.

Дзяўчына зразумела, наколькі яе відэа дапамагаюць іншым, калі прыйшлі вынікі ЦТ: аўтараў канала накрыла цэлая лавіна паведамленняў ад цяпер ужо студэнтаў. Тані дзякавалі за дапамогу, пераказвалі заданні, з якімі дапамаглі справіцца ролікі. А адзін з падпісчыкаў нават назваў у гонар сваёй відэанастаўніцы шчаня. Калі пачуеце, як нехта ў парку кліча сабаку Ключыка, ведайце, магчыма, гэтае імя яму падарыла наша гераіня.

— Самае прыемнае — калі цябе проста сустракаюць на вуліцах і абдымаюць! — смяецца Таня.

Ролікі пра біялогію і рускую мову аказаліся карыснымі не толькі для гледачоў у Беларусі, але і для замежных старшакласнікаў, якія рыхтуюцца, напрыклад, да адзінага дзяржаўнага экзамену. Зараз у канала столькі ж праглядаў ад жыхароў Расіі, колькі ад беларускіх школьнікаў. Таня і Саша плануюць таксама здымаць урокі па матэматыцы, фізіцы і хіміі. Гэтыя прадметы пасля можна будзе перакласці на англійскую мову і тым самым пашырыць аўдыторыю канала на замежныя краіны.

Яшчэ адна ідэя блогераў — рабіць невялікія брашуры-шпаргалкі, па якіх будзе зручна паўтараць матэрыял. Які-ніякі вопыт у гэтай справе ўжо ёсць: малюнкі з правіламі Таня рыхтуе для суполкі праекта “УКантакце” — там рускую мову разам з ёй вучыць амаль 17 тысяч чалавек. Калі брашуры спадабаюцца вучням, на атрыманыя ад продажу грошы аўтары канала змогуць абнавіць тэхніку. Адно, як запэўнілі мяне героі, застанецца нязменным: і ўрокі, і стрымы заўсёды будуць бясплатнымі для прагляду.

Парады настаўнікам-блогерам

У гутарцы з блогерамі, што абзавяліся шматтысячнай аўдыторыяй, мы не маглі не папрасіць парады для настаўнікаў, якія толькі пачынаюць узаемадзейнічаць з вучнямі праз YouTube ці збіраюцца стварыць свой адукацыйны канал.

Перш за ўсё Таня параіла, вядома, не баяцца памылак і ўспрымаць першыя відэа як спосаб навучыцца самому.

— Мне здаецца, што настаўнікі вельмі шмат клапоцяцца пра правільнасць, — тлумачыць сваю думку Таня. — Здаецца, яны думаюць, што калі скажуць нешта памылковае, то вучні і калегі будуць перадаваць гісторыю гэтай памылкі з пакалення ў пакаленне. Гэта не так. Зрабіць добры кантэнт адразу немагчыма, але калі проста рабіць, то з кожным выпускам будзе атрымлівацца лепш.

Звярнуць увагу прыйдзецца і на мову зносін з гледачамі.

— Мы першыя часы былі вялікімі фармалістамі, — смяецца Таня, — і рабілі “разумныя” відэа. Але спачатку Саша забараніў мне складаныя канструкцыі, а пасля мы склалі цэлы спіс “стоп-слоў”, якія робяць маўленне больш цяжкім для ўспрымання. Іх цяпер не ўжываю ўвогуле. Пра гэта, дарэчы, ёсць добрая кніжка “Пішы, скарачай” Максіма Ільяхава.

Зараз Таня ў кадры простая і адкрытая, пастаянныя гледачы даўно прывыклі звяртацца да яе на “ты”. Асабліва дружалюбным яе вобраз робяць какетлівыя гулькі — прычоска, якую Саша напаўжартаўліва прапанаваў рабіць для запісу кожнага выпуску, каб Таню лёгка было пазнаць. У выніку атрымліваюцца відэа, якія быццам бы зняла сяброўка гледача.

У больш дарослага чалавека можа быць іншы стыль паводзін, але правяраць лёгкасць для ўспрымання, напрыклад, на сваіх дамашніх ці вучнях, трэба абавязкова.

Яшчэ адзін важны пункт — рэгулярнасць: пакуль няма пастаянных водгукаў ад гледачоў, няпроста знаходзіць матывацыю зноў і зноў рыхтаваць відэа. Каб вырашыць гэтую праблему, Саша і Таня ператварылі адну са сцен сваёй імправізаванай студыі ў арганайзер — намалявалі каляндар і пазначылі, як і калі бу­дуць выходзіць відэа і збірацца стрымы. Кожную маленькую перамогу адлюстроўвалі на гэтым жа календары. І з часам з’явілася правіла: усё, што напісана на сцяне, мусіць абавязкова адбыцца!

Нарэшце, нічога не атрымалася б без звычайнай чалавечай падтрымкі. Саша і Таня дапамагалі адно аднаму ўзяцца за работу, нават калі вакол было шмат больш важных спраў, а ананімны глядач зноў пакідаў непрыемны каментарый. Загадзя знайсці падтрымку сярод аднадумцаў — гэта, напэўна, самая каштоўная парада, якую можна даць пачынаючаму аўтару.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота з асабістага архіва герояў.