Што хвалюе ваенрукоў?

- 9:25Авторские колонки, Мнение

Насычанай і прадукцыйнай была нядаўняя сустрэча ў фармаце круглага стала з кіраўнікамі па ваенна-патрыятычным выхаванні Петрыкаўскага раёна.

Ігар ГРЭЧКА

Не першы раз прымаю ўдзел у падобных мерапрыемствах. Ужо праз пару месяцаў пасля зацвярджэння Міністэрствам адукацыі пасады кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні рэспубліканскі семінар сабраў у Мінску не толькі школьных ваенрукоў, але і журналістаў. Добра памятаю гарачае абмеркаванне самых розных аспектаў працы новай катэгорыі педагагічных работнікаў…

Час ішоў. Праблемныя моманты вырашаліся, работа ваенрукоў паступова наладжвалася. Цяпер яна сістэмная, са сваімі традыцыямі. Ствараюцца ваенна-патрыятычныя клубы, праводзяцца курсы павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, адбыўся першы рэспубліканскі конкурс на лепшага кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Конкурс, дарэчы, выклікаў станоўчы рэзананс сярод педагагічнай грамадскасці і цудоўна засведчыў правільнасць і своечасо­васць прыняцця рашэння аб увя­дзенні ў школах, а потым і каледжах, кадэцкіх вучылішчах пасады кіраўніка ВПВ.

І ўсё ж некаторыя пытанні, ад якіх залежыць эфектыўнасць выхавання будучых абаронцаў Айчыны, патрабуюць удасканалення. Калі, скажам, пытанне метадычнай дапамогі цалкама вырашана пасля выхаду вучэбнага дапаможніка “Ваенна-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў”, то актуальным па-ранейшаму застаецца матэрыяльнае забеспячэнне заняткаў па ваенна-патрыятычным выхаванні.

Удзельнікі круглага стала, у прыватнасці, засяродзілі ўвагу на важнасці набыцця ваеннай формы.

Яна патрэбна і для ўдзелу школьных каманд у ваенна-спартыўных гульнях, і для нясення навучэнцамі вахт Памяці, і для работы сцяганоснай групы. Як і дзе знайсці сродкі? Начальнік аддзела адукацыі Петрыкаўскага райвыканкама Людміла Жукавец сярод асноўных шляхоў назвала дапамогу бацькоўскага камітэта або шэфаў, пазабюджэтную дзейнасць установы адукацыі.

Што тычыцца яшчэ аднаго матэрыяльнага аспекта (выкарыстанне на занятках вучэбнай зброі), то, па словах кіраўніка ВПВ сярэдняй школы № 2 Петрыкава Вадзіма Кавальчука, для тых устаноў, дзе не створаны належныя ўмовы яе захоўвання і няма фінансавых магчымасцей для набыцця, выхадам з сітуацыі можа стаць супрацоўніцтва з РАУС або ДТСААФ. Напрыклад, на базе РАУС у пэўныя дні пад наглядам супрацоўнікаў міліцыі можна арганізаваць правя­дзенне з вучнямі трэніровачных заняткаў па зборцы-разборцы аўтамата.

Зацікавіў удзельнікаў круглага стала вопыт стварэння на базе 2-й школы ваенна-патрыятычнага клуба “Граніт”. Яго кіраўнік адзначыў папулярнасць такога аб’яднання сярод падлеткаў. “Ці можна стварыць падобны клуб на базе сельскай школы?” — прагучала пытанне. На яго Вадзім Анатольевіч адказаў па-вайсковаму коратка: “Галоўнае — жаданне. У першую чаргу дырэктара ўстановы адукацыі і кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні”. Таксама немалаважную ролю, па яго словах, адыгрывае коль­касць навучэнцаў у канкрэтнай установе адукацыі. У сярэдняй школе № 2 Петрыкава ў гэтым плане цяжкасцей не ўзнікла. Але з імі могуць сутыкнуцца педагогі малакамплектных школ. Як варыянт, стварэнне раённага клуба, у склад якога ўваходзілі б навучэнцы некалькіх устаноў адукацыі. Заняткі можна праводзіць, напрыклад, у шосты школьны дзень.

Падчас сустрэчы быў разгледжаны шырокі спектр пытанняў дзейнасці кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Актыўны ўдзел у іх абмеркаванні прыняло і кіраўніцтва раённага аддзела адукацыі. Людміла Мікалаеўна Жукавец надае важнае значэнне ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі і асабіста вырашае праблемныя моманты.

Што ж хвалюе школьных ваенрукоў і як эфектыўна выхоўваць будучых абаронцаў Айчыны? Разгорнуты адказ на гэтыя пытанні могуць даць толькі такія сустрэчы — шчырая гутарка за круглым сталом.

Фота на прэўю з архіва рэдакцыі