Што ідзе ад сэрца, да сэрца і даходзіць

“Кожны рабочы дзень настаўніка напоўнены рознымі падзеямі, сустрэчамі,  размовамі і, вядома, урокамі, падчас якіх раскрываецца патэнцыял кожнага дзіцяці. У маім разуменні настаўнік — гэта садоўнік, які вырошчвае свой сад, — гаворыць настаўніца рускай і беларускай мовы і літаратуры Дабрынскай сярэдняй школы Ельскага раёна Гомельскай вобласці Валянціна Вячаславаўна Бяляк-Сакула. — Я прымаю кожнае дзіця такім, якое яно ёсць, імкнуся зразумець, чаму яно такое, і дапамагаю дасягнуць пэўных вышынь. Работа настаўніка — гэта не толькі свята. Трэба праяўляць строгасць і патрабавальнасць, падаваць матэрыял так, каб ён успрымаўся вучнямі ў поўным аб’ёме і з цікавасцю”. 

“Здаецца, у маёй біяграфіі няма нічога дзіўнага, але за ёй стаіць поўнае творчых пошукаў жыццё, якое складаецца з радасці і засмучэнняў, узлётаў і падзенняў, хвілін апатыі і натхнення. Калі мне добра — жыву гэтым добрым, калі дрэнна — думаю пра добрае ў будучыні, — адзначае Валянціна Вячаславаўна. — Нарадзілася я ў вёсцы Вярхі Ельскага раёна Гомельскай вобласці. Бацькі працавалі ў калгасе, у сям’і выхоўваліся чацвёра дзяцей. У сваю першую настаўніцу Ірыну Уладзіміраўну Навіцкую я была проста ўлюбёная! Дома гуляла ў школу з сёстрамі, выпраўляла чырвоным чарнілам іх памылкі. Паступіла ў Лоеўскае педагагічнае вучылішча, дзе, дзякуючы настаўніку рускай мовы і літаратуры Аляксандру Уладзіміравічу Кукара, навучылася пісаць вершы, чытаць паміж радкоў, валодаць словам. Памятаю і свой першы ўрок у беларускамоўнай малакамплектнай школе ў вёсцы Мохаў Лоеўскага раёна, як вучыла першакласнікаў пісаць літару “У” вялікую, а трэцякласнікам тлумачыла прыёмы аднімання ў межах 100. 

Пасля заканчэння вучылішча вярнулася ў родную Зашырскую сярэднюю школу настаўніцай пачатковых класаў. Першыя часы дапамагалі калегі, расказвалі, як трэба выбудоўваць адносіны з вучнямі, іх бацькамі, што мэтазгодна выкарыстоўваць на ўроках, як правільна правяраць сшыткі і г.д. Праз год я паступіла ў Мазырскі педагагічны інстытут імя Н.К.Крупскай на завочнае аддзяленне філфака. Самым прэстыжным аддзяленнем у 1993 годзе лічылася беларускае. У 2002 годзе наша сям’я пераехала ў Ельск, і лёс прывёў мяне ў Дабрынскую сярэднюю школу, дзе я і сёння працую настаўніцай беларускай і рускай мовы і літаратуры. Сумяшчаць гэта няпроста, але цікава. У гэтай школе я працягнула спасцігаць мудрасці прафесіі ў дасведчанага педагога, а пазней дырэктара школы Мікалая Мікалаевіча Дарошчанкі”. 

Настаўніца лічыць, што яе прафесія самая светлая і ахвярная, бо дае магчымасць адкрываць цуд у дзецях, дапамагаць ім адчуваць сябе таленавітымі і незвычайнымі, каб яны не страцілі ўменне здзіўляцца, каб прага пазнання не дазволіла ім быць абыякавымі да людзей, да Беларусі, да ўсяго свету, каб гэтыя, пакуль яшчэ маленькія, але сонечныя душы не патанулі ў штодзённасці, не змяшаліся з безаблічным натоўпам. 

“Настаўнік павінен быць жыццярадасным і нястомным, бо прафесія ў яго кругласутачная. Калі не ствараць, не здзіўляць, то дзецям будзе нецікава. Няма лёгкіх вучняў, усе яны патрабуюць шмат сіл і энергіі. Урок з’яўляецца працягам жыцця, а жыццё — працягам урока, — гаворыць Валянціна Вячаславаўна. — Менавіта мне трэба аб’яднаць сённяшняе пакаленне з нашымі продкамі, далучыць да векавых народных поглядаў на дабро і зло, жыццё і смерць, прадвызначанасць і волевыяўленне — усё тое, што складае сутнасць нашага этнасу. Хачу, каб мае вучні сталі паўнацэннымі грамадзянамі нашай краіны. 

Маё педагагічнае крэда — ад творчасці настаўніка да творчасці вучня. Чалавек я дапытлівы, вельмі люблю падарожнічаць. А яшчэ пішу вершы і вучу гэтаму сваіх вучняў. У 2019 годзе прымала ўдзел у форуме маладых літаратараў і аматараў літаратурнай творчасці “Слова” ў рамках міжнароднага фестывалю “Славянскія літаратурныя Дажынкі”. Узнагароджана дыпломам фіналіста абласнога літаратурнага конкурсу “Маё слова”. Падзялюся з вамі сваім вершам: “Настаўніку так многа дадзена ў жыцці:// Ён быць павінен спеваком любові,//Любові, у якой няма мяжы —//Любові да дзяцей, да іх жыцця, спакою.//І як бы ні было, настаўнік кожны год//Павінен засяваць на будучыню зерне,// І ў полі мірным тым збіраецца штогод//Вялікі ўраджай і разуменне.//Настаўнік з вучнем побач — вочы ў вочы.//І тут не схлусіш, не схаваеш душу.//Адданасць свайму лёсу днём і ноччу//Дае нам будучыню ў далонях гушкаць”. 

Толькі вывучаючы духоўную спадчыну беларускага народа, гісторыю — за што вялі барацьбу нашы продкі, якія былі ў іх ідэалы і ў што яны верылі, можна стаць сапраўдным спадчыннікам і прадаўжальнікам традыцый свайго народа. Ты беларус тады, калі табе дорага ўсё, што знаходзіцца побач: калі твая родная зямля — самая прыгожая, людзі — самыя лепшыя, добрыя, талерантныя. 

Для мяне ўрок — гэта твор мастацтва, які дае магчымасць самавыяўлення як настаўніку, так і вучню. Галоўнае на ўроку — творчае супрацоўніцтва. Памылкі дзяцей — іх асабісты шлях пазнання, але гэта і мае памылкі таксама. Таму я нічога не навязваю сваім вучням, а толькі непрыметна рэгулюю іх самастойную дзейнасць і дазваляю самім прыйсці да рашэння пытання. Я не даю дзецям вучэбны матэрыял у гатовым выглядзе, а ствараю праблемныя сітуацыі, калі яны самі знаходзяць для сябе неабходную інфармацыю. Мне бліжэй тыя прыёмы і метады навучання, якія даюць магчымасць дзецям вучыцца самім. Стараюся даваць такія заданні, якія б падводзілі да правіла, а вучні самі яго сфармулявалі. Вучу іх ацэньваць свае вынікі, заўсёды гавару ім: каб ажыццявіць мару, трэба пераадолець не адну перашкоду, прайсці па прыступках праз ланцужок пастаўленых мэт, маленькіх дасягненняў — толькі так можна дасягнуць чагосьці значнага ў жыцці. І настаўнік павінен быць шчыра перакананы, што кожнае дзіця таленавітае”.

Універсальнай тэхналогіі або методыкі, якая б падыходзіла да любой тэмы пры рабоце з любым класам, няма. Валянціна Вячаславаўна выкарыстоўвае набор шматлікіх прыёмаў і метадаў, але на кожным этапе ўрока стараецца ў першую чаргу актывізаваць пазнавальную дзейнасць навучэнцаў. Работу будуе на класічнай аснове. Усё новае педагог творча адаптуе да канкрэтных умоў: актыўна выкарыстоўвае сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі (прэзентацыі, электронныя энцыклапедыі і электронныя падручнікі, слоўнікі, табліцы, мультыборд), праблемнае навучанне, развіццё крытычнага мыслення, групавыя формы работы, тэставыя заданні, камунікатыўна-актыўныя прыёмы і метады.

“Сёння ў грамадстве выклікае трывогу абясцэньванне падрастаючым пакаленнем агульначалавечых каштоўнасцей, зніжэнне культурнага ўзроўню дзяцей і падлеткаў, недастатковасць пачуццяў у дачыненні да іншых людзей, — гаворыць педагог. — Таму вялікую ўвагу ўдзяляю пытанням духоўна-маральнага развіцця асобы. На ўроках літаратуры пры знаёмстве з літаратурнымі героямі, іх лёсамі, унутраным светам дзеці глыбей усведамляюць сваю індывідуальнасць, фарміруюць асабістае стаўленне да добрага і дрэннага, бяруць на сябе адказнасць за тыя ці іншыя ўчынкі. Добрай падмогай для мяне ў гэтым пытанні выступаюць прытчы. Навучэнцы суадносяць сэнс прытчы са сваім асабістым жыццёвым вопытам. Разгледзім для прыкладу прытчу “Аб страчаным шчасці”. Прыйшло шчасце да чалавека. Радавацца б яму, але чалавеку захацелася расказаць аб сваім шчасці ўсім. І пабег ён па свеце, расказваючы пра сваё шчасце. Калі супакоіўся, азірнуўся — шчасця няма. Кінуўся чалавек яго шукаць, але не знайшоў. Сеў і заплакаў. Па дарозе ішоў мудрэц. Ён сказаў чалавеку: “Нельга бегчы наперадзе свайго шчасця, трэба ісці побач, яго крокамі. Пра гора крычаць, а пра шчасце маўчаць, яму проста ціхенька радуюцца, таму што ў свеце шмат зайздросных людзей: чужое гора нікому не трэба, а шчасця хочацца кожнаму”.

Зацікавіць сучаснага школьніка няпроста, асабліва чытаннем мастацкіх тэкстаў. Каб прывучыць дзяцей да чытання, настаўніца раіць ім чытаць уголас па 20 мінут, на ўроках практыкуе прыём “Чытанне па ланцужку”. Гэта дысцыплінуе, вучыць канцэнтравацца. Чытаць свядома дапамагаюць і заданні тыпу “Намалюй казку”, “Намалюй верш”. На ўроках Валянціна Вячаславаўна выкарыстоўвае праблемнае навучанне і паглыбленае разуменне твора, што ўключае не толькі пераказ, прайграванне зместу, але і інтэрпрэтацыю. Вялікі ўплыў на жаданне чытаць аказвае і арганізацыя заняткаў. Калі дзецям, напрыклад, спадабаўся ўрок-знаёмства з асобай Уладзіміра Караткевіча, то і “Дзікае паляванне караля Стаха” яны прачытаюць з задавальненнем. Старшакласнікі любяць дыскусіі, а вучні сярэдняга звяна лепш засвойваюць матэрыял на эмацыянальна-вобразным узроўні. Таму на ўроках літаратуры ў настаўніцы заўсёды ёсць партрэты пісьменнікаў, ілюстрацыі, прэзентацыі або відэанарыхтоўкі, яна выкарыстоўвае метад стварэння сітуацыі пазнавальнай спрэчкі, мазаіку, метад эмацыянальнага стымулявання, тэхніку намінальных груп, педмайстэрні. 

Настаўнік павінен быць справядлівым, любіць дзяцей і быць здольным стаць на адну прыступку з імі, каб зразумець іх эмоцыі і жаданні. Іншымі словамі, настаўнік павінен дапамагаць вучням сталець. 

Дабрынская сярэдняя школа ўдзельнічала ў рэспубліканскім творчым праекце “Рэалізацыя інавацыйнай тэхналогіі этнакультурнай самаідэнтыфікацыі асобы”, з’яўлялася інавацыйнай пляцоўкай праекта “Ажыццяўленне аўтарскай праграмы развіцця ідэалагічна-каштоўнаснай выхаваўчай прасторы навучальнай установы”. Разам з калегамі Валянціна Вячаславаўна ўдзельнічала ў гэтым праекце. У 2008—2011 гадах рэалізоўваўся праект “Ажыццяўленне мадэлі выхавання будучага сем’яніна праз узаемадзеянне сям’і і школы, соцыуму”, у рамках якога настаўніца вяла сямейны клуб “Чытаем усёй сям’ёй”.

Вучні Валянціны Вячаславаўны з’яўляюцца ўдзельнікамі і пераможцамі раённых і абласных навукова-практычных канферэнцый, на якіх яны выступалі з работамі па наступных тэмах: “Маўленчы партрэт старшакласніка сучаснай сельскай школы” (Хрысціна Суханіцкая), “Тапаніміка роднага краю. Дабрынь” (Ганна Бяляцкая), “Паходжанне прозвішчаў жыхароў Дабрынскага сельскага Савета Ельскага раёна Гомельскай вобласці” (Надзея Кашэвіч), “Моўны смак эпохі: іншамоўныя словы як сродак папаўнення лексікі сучаснага беларуса” (Яна Купчанка, 3-е месца ў вобласці), “Сінанімічная разнастайнасць народна-дыялектнай мовы ў назвах жывёл Ельшчыны” (Настасся Алешка), “У палоне прымет і забабонаў” (Лізавета Яцухно). На рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых работ “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына”, які праводзіўся Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі сумесна з рэдакцыяй часопіса “Роднае слова”, Лізавета Яцухно атрымала дыплом ІІІ ступені. Пераможцамі другога этапу абласной алімпіяды па беларускай мове і літаратуры і ўдзельнікамі трэцяга этапу ў розны час станавіліся Вольга Сінгаеўская, Надзея Кашэвіч. На раённым конкурсе “Гавары са мной па-беларуску” Надзея Кашэвіч і Лізавета Яцухно неаднаразова станавіліся пераможцамі, Ангеліна Бандарчук заняла 2-е месца ў рэспубліканскім конкурсе “Слова ў пераплёце”, Надзея Кашэвіч мае 1-е месца ў раённым конкурсе твораў “Шчасце жыць у мірнай краіне” і з’яўляецца лаўрэатам абласнога конкурсу. Ганарыцца педагог сваім вучнем Аляксандрам Кузняцовым, які некалькі гадоў назад атрымаў 96 балаў падчас ЦТ па беларускай мове і паступіў у БДУІР. 

У 2005 годзе Валянціна Вячаславаўна стала пераможцай раённага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”, у 2006 годзе прымала ўдзел у абласным этапе. У 2018 годзе была лаўрэатам раённага конкурсу “Лепшы класны кіраўнік”. Больш за 15 гадоў з’яўляецца кіраўніком школьнага метадычнага аб’яднання гуманітарнага кірунку. Удзельнічае ў семінарах, дае майстар-класы на раённым і абласным узроўнях. З лютага 2021 года ўключана ў абласную творчую групу настаўнікаў па распрацоўцы і стварэнні вучэбных матэрыялаў для адзінага рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу па беларускай мове. Работа толькі пачалася, але патрабуе новых ведаў па складанні відэаматэрыялаў, тэставых заданняў. 

На працягу 29 гадоў Валянціна Вячаславаўна з’яўляецца класным кіраўніком. Яна лічыць, што для выхавання дзяцей патрэбен не вялікі розум, а вялікае сэрца, бо ўсё, што ідзе ад сэрца, да сэрца і даходзіць, таму трэба любіць, разумець, прымаць, спачуваць і дапамагаць сваім вучням. Выхаванцы Валянціны Вячаславаўны ўваходзяць у склад валанцёрскага атрада “Клопат”. Яны наведваюць педагогаў-ветэранаў, аказваюць ім пасільную дапамогу, збіраюць сродкі на дабрачыннасць, за што былі адзначаны падзякай Дабрынскага сельскага Савета. У скарбонцы дасягненняў вучняў — дыплом атрада юных інспектараў руху (2-е месца) у раённым аглядзе-конкурсе за 2017 год, дыплом ІІ ступені рэспубліканскага конкурсу фотаработ “Зямля, дзе пашчасціла нарадзіцца”, дыплом І ступені абласнога конкурсу фотаработ “Краіна мая дарагая”, падзяка за ўдзел у Свята-Пакроўскіх адукацыйных чытаннях, Тураўскіх чытаннях. 

“Наведваю ўрокі іншых настаўнікаў-прадметнікаў, прыходжу дамоў да навучэнцаў, падтрымліваю цесны кантакт з іх бацькамі, арганізую для іх педагагічныя кансультацыі, сустрэчы са спецыялістамі розных службаў раёна, — адзначае педагог. — Лічу сваім абавязкам паказаць дзецям і іх бацькам, што яны ёсць у жыцці адно аднаго, бо многія пра гэта забываюць. Стараюся стварыць умовы для таго, каб дзіця навучылася самастойна вырашаць свае асабістыя праблемы і пытанні прафесійнага самавызначэння. Дзе ж браць сілы і натхненне для ўсяго? У дзіцячых вачах, якія штодня глядзяць на цябе з захапленнем і цікавасцю. І ў дружнай сям’і — у мяне муж і дзве дачкі. Гэта мой прытулак, мая крэпасць, куды я нясу і радасць поспехаў, і горыч няўдач. Ад пачуцця дома і з’яўляюцца сілы жыць і ствараць! Мы жывём у Ельску ў прыватным доме, вырошчваем агародніну, ягады, ёсць невялікі сад. У лесе збіраем суніцы, чарніцы і грыбы. А яшчэ ў гаспадарцы ёсць трусы і козы. Такім чынам ратуюся ад прафесійнага выгарання. Зараз усе раяць вучыцца дакладна размяжоўваць работу і асабістае жыццё, але ў мяне гэта рэдка атрымліваецца”. 

Надзея ЦЕРАХАВА.