Што можа віртуальная дошка?

- 16:00Партфоліа

Ствараем даведнік па рускай мове для 3 класа для развіцця вучэбна­пазнавальнай актыўнасці і навыкаў самастойнай работы.

Сучасная адукацыя патрабуе новых падыходаў да развіцця адукацыйнага асяроддзя. Інфарматызацыя — неад’емны атрыбут вучэбнага працэсу і штодзённага жыцця. Творчы настаўнік выкарыстоўвае разнастайныя эфектыўныя формы, прыёмы і метады навучання. Сёння ву­чыць і вучыцца з цікавасцю і максімальнай эфектыўнасцю можна з дапамогай электронных рэсурсаў новага пакалення. Падобных інструментаў бязмерная колькасць, трэба толькі правільна іх адбіраць для ўвасаблення той ці іншай канкрэтнай задачы.

Пры стварэнні адукацыйнага рэсурсу перад намі стаяла задача размясціць на адной пляцоўцы графічны малюнак, тэкст, відэамалюнак, анімацыю. Набор такіх мультымедыйных сродкаў дазваляе ўкараніць элементы дыстанцыйнага і перавернутага навучання. Прааналізаваўшы шэраг віртуальных дошак, мы прыйшлі да высновы, што дошка Padlet — аптымальны выбар для настаўніка. Дзякуючы сваёй шматфункцыянальнасці, рэсурс дазваляе загрузіць усе неабходныя вучэбныя матэрыялы ў адным месцы, а навігацыя і кіраванне прасторай вельмі простыя. Як можна выкарыстоўваць віртуальную дошку на ўроках рускай мовы ў пачатковай школе, арыентуючыся на пэўныя напрамкі?

Месца для структураванага захоўвання матэрыялаў.

Падчас падрыхтоўкі да ўрокаў для настаўніка будзе вельмі карысна стварыць сваю тэматычную бібліятэку на аснове сэрвісу Padlet, у тым ліку падбіраючы матэрыял па кожнай тэме. Мы стварылі сцяну пад назвай “Даведнік па рускай мове” для 3 класа. Функцыянальнасць дошкі дазволіла напоўніць сцяну інфармацыйным, ілюстрацыйным, відэаматэрыялам, спасылкамі на вучэбныя анлайн-гульні, інтэрактыўныя практыкаванні. З часам такі набор матэрыялаў скарачае падрыхтоўку да ўрокаў да мінімуму. Асабліва зручна тое, што напрацаваны матэрыял не губляецца. Ён захоўваецца ў воблаку і заўсёды пад рукой.

Што тычыцца навучэнцаў, то яны могуць у любы момант паўтарыць асноўныя правілы, выканаць практыкаванні для замацавання, патрэніравацца ў напісанні слоўнікавых слоў, а ў выпадку неабходнасці заўсёды могуць звярнуцца да прой­дзенага матэрыялу, прагледзець інфармацыю, падрыхтаваную настаўнікам, калі заняткі прыйшлося прапусціць.

Прааналізаваўшы шэраг віртуальных дошак, мы прыйшлі да высновы, што дошка Padlet — аптымальны выбар для настаўніка.

Сродак рэалізацыі тэхналогіі “Перавернуты ўрок”.

Сутнасць такога навучання заключаецца ў тым, што навучэнцы засвойваюць новы матэрыял дома, а ў школе вучацца прымяняць набытыя тэарэтычныя веды: выконваюць практыкаванні, тэсты, удзельнічаюць у групавой і праектнай дзейнасці. Такая тэхналогія дазваляе экано­міць час і больш дэталёва адпрацаваць практычныя ўменні і навыкі.

Месца для камунікацыі настаўніка з навучэнцамі.

Для абмеркавання пэўнай інфармацыі настаўнік можа падключыць функцыю каменціравання. На гэтай платформе можна абмеркаваць з навучэнцамі пытанні, якія ўзніклі пры тлумачэнні новай тэмы па рускай мове, прадставіць дадатковыя тлумачэнні.

Самакантроль і праверка дамашняга задання.

Інтэрактыўная дошка Padlet — гэта выдатная магчымасць праверыць і замацаваць веды. Убудаваныя анлайн-практыкаванні, тэсты, апытанні даюць магчымасць навучэнцам праверыць узровень засваення вучэбнага матэрыялу. Рэсурс дазваляе праявіць творчасць і прапанаваць дзецям у якасці дамашняга задання розныя інтэрактыўныя віктарыны, крыжаванкі, а адказы могуць быць падрыхтаваны ў пісьмовай форме.

Такім чынам, прымяненне дошкі Padlet на ўроках у пачатковай школе мэтазгодна выкарыстоўваць у практычнай дзейнасці як дыстанцыйна, так і непасрэдна ў класе. Распрацоўка ўласных адукацыйных рэсурсаў на гэтай платформе садзейнічае павышэнню матывацыі навучання, забеспячэнню актыўнай вучэбнай дзейнасці, росту цікавасці да прадмета, развіццю інфармацыйнай, камунікатыўнай, вучэбна-пазнавальнай і агульнакультурнай кампетэнтнасцей, а таксама актывізуе самаадукацыйную дзейнасць навучэнцаў.

Рыхтуючыся да ўрока, стараемся падбіраць такія тэхналогіі навучання, якія не толькі будуць падахвочваць навучэнцаў засвойваць інфармацыю, але і дапамогуць развіць вучэбна-пазнавальную актыў­насць, навыкі самастойнай работы.

Марына РАК, 
Настасся ГАНЧАРЭВІЧ, 
настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 8 Барысава.