Што натхняе займацца даследчай і музейнай дзейнасцю настаўніка гісторыі Сяргея Кулаева з Быхава

- 15:10Багаж знаний

Уладальнік звання “Лепшы па прафесіі” настаўнік гісторыі Сяргей Кулаеў з Быхава актыўна займаецца музейнай справай і даследчай работай, рыхтуе пераможцаў алімпіяд, стварае з вучнямі дакументальнае кіно. Што натхняе педагога на такую рознабаковую дзейнасць, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Пяць рэчаў, на якія не шкада часу дзеля напісання даследчай работы

  1. Можам з вучнямі ахвяраваць сваім выхадным днём ці канікуламі, каб адправіцца з Быхава ў абласны цэнтр і наве­даць, напрыклад, бібліятэку імя У.І.Леніна. І там шукаць інфармацыю па тэме, якая нас цікавіць.
  2. Гатовы здзейсніць шматкіламетровы паход, каб знай­сці ўнікальныя месцы, распытаць мясцовых жыхароў аб гісторыі іх населеных пунктаў. Напрыклад, неаднаразова адпраўляліся ў вандроўкі па маршрутах Быхаў — Трасцівец — Мокрае, Быхаў — Сапежынка, у Ганькаў Роў і не толькі. Па выніках такіх падарожжаў стварылі інтэрактыўную карту вуліц Быхава, названых у гонар Герояў Савецкага Саюза.
  3. Не шкадуем часу, каб наведаць усе аб’екты малой ра­дзімы, якія звязаны з рознымі легендамі, містычнымі паданнямі. ­Адзін з іх — Баркалабаўскі жаночы манастыр, які знаходзіцца за 10 км ад Быхава. Там захоўваецца наша святыня — абраз Баркалабаўскай Божай Маці. У 1659 годзе рускі князь Іван Пажарскі, малодшы сын Дзмітрыя Пажарскага, вяртаўся пасля бітвы і ў абозе вёз абраз Божай Маці. Калі войскі праязджалі міма манастырскай брамы, коні спыніліся і ніяк не хацелі рушыцца з месца. Князь увайшоў у манастыр і папрасіў забраць у яго абраз, выказаўшы здагадку, што Маці Божая хоча тут застацца. Матушка з сёстрамі да раніцы пакінулі святыню пасярод храма, разважаючы, дзе яе ўладкаваць. Вярнуўшыся раніцай, яны ўбачылі, што абраз стаіць з правага боку ад алтара: ён сам знайшоў сабе месца.
  4. Гатовы абысці ўсе музеі, якія могуць нам дапамагчы ў напісанні даследчай работы. Пазнаёміцца з іх супрацоўнікамі, якія з ахвотай нам дапамагаюць. Дарэчы, нас ужо добра веда­юць у Магілёўскім абласным края­знаўчым музеі імя Е.Раманава, у музеі горада Магілёва.
  5. Не саромеемся звярнуцца па кансультацыю да знакамітых гісторыкаў і археолагаў, напрыклад, да прафесара кафедры гісторыі і філасофіі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Аляксандра Ула­дзіміравіча Коласава і кандыдата гістарычных навук дацэнта кафедры археалогіі Аляксея Міхайлавіча Аўласовіча.

Пяць момантаў, якія дапамагаюць матываваць вучняў

  1. Вялікая колькасць легенд і цікавых містычных паданняў, звязаных з быхаўскай зямлёй. Яны вельмі прыцягваюць увагу вучняў.
  2. Розныя змястоўныя паездкі і наведванне новых месцаў. Так, некалькі гадоў назад у Быхаўскім раёне каля вёскі Дунаёк аднавілі партызанскі лагер. Там у час вайны знаходзіліся пяць партызанскіх атрадаў і каля 12 тысяч мясцовых жыхароў, сярод якіх было шмат дзяцей і жанчын. Помнік быў усталяваны яшчэ ў 1972 годзе, і вось зрабілі зямлянкі тых часоў, каб бліжэй азнаёміць наведвальнікаў з умовамі, у якіх жылі тады лю­дзі. Мы наведалі гэтае знакавае месца. Дзеці сядзелі на драўляных ложках, зробленых са ствалоў дрэў, і не маглі зразумець, як можна на іх спаць, як увогуле тут маглі знаходзіцца людзі, асабліва зімой. На нас напалі ласіныя мухі, ледзь­ве паспявалі адбівацца ад іх. Мы гатавалі ежу на вогнішчы… Уражанні былі моцнымі, хоць насамрэч мы адчулі толькі мізэрную частку тых выпрабаванняў, якія выпалі на долю людзей ваеннага пакалення.
  3. Рамантыка вандровак і турыстычных паходаў: касцёр, прывал, паходныя песні і г.д.
  4. Прыгожая прырода Беларусі, якая акружае нас падчас даследаванняў.
  5. Атмасфера свабодных зносін і актыўных дыскусій на занятках. Для гэтага выкарыстоўваю квесты, гульні-галаваломкі, фармат “Музей у чамадане”, праводжу мазгавы штурм, круглыя сталы, майстар-класы.

Пяць момантаў у педагагічнай кар’еры, якімі больш за ўсё ганарыцеся

  1. У часы студэнцтва я прымаў актыўны ўдзел у раскопках Магілёва. Праводзіліся яны каля Паднікольскага манастыра. У даўнія часы там быў гарадскі пасад, жылі і працавалі рамеснікі. Нам удалося знайсці сярэбраную манету часоў Стэфана Баторыя і іншыя артэфакты, якія зараз з’яўляюцца часткай экспазіцыі ў ратушы нашага абласнога цэнтра.
  2. Ганаруся перамогай сына Арцёма на раённым этапе конкурсу даследчых работ малодшых школьнікаў. Ён абараняў работу пра свайго прадзеда — удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Івана Дзмітрыевіча Ку­лаева.
  3. Ганаруся сваімі вучнямі, якія цікавяцца гісторыяй і даследуюць невядомыя факты пра нашу Радзіму, удзельнічаюць у розных конкурсах. Так, Ганна Лазарава і Ірына Ціханкова, вучаніцы сярэдняй школы № 2 Быхава, сталі абсалютнымі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу “Скарбонка краязнаўчых знаходак” у рамках усебеларускай мала­дзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”. На абласным конкурсе “Магілёў — бацька Сталінграда” вучні атрымалі дып­лом І ступені на раённым этапе, сталі пераможцамі раёна ў абласным праекце “#Мой_край_Пры­дняпроўе”.
  4. Асаблівая гордасць — выхаванцы, якія пайшлі па маіх слядах і сталі гісторыкамі. Гэта Ганна Мосінава, Уладзіслаў Паджараў, Рыгор Бублікаў.
  5. Выклікае захапленне і музей Макранскай сярэдняй школы, які мы разам з дырэктарам Сяргеем Анатольевічам Лазаравым, настаўнікамі і вучнямі вярнулі да жыцця. У пачатку 1990-х ён спыніў сваю дзейнасць. Новы музей быў адкрыты ў 2016 го­дзе. Зараз ён мае гісторыка-края­знаўчы кірунак.

Пяць артэфактаў, якія зрабілі на вас вялікае ўражанне падчас стварэння музея ў аграгарадку Мокрае

  1. Наш школьны музей адносна малады, аднак ужо сабрана больш за тысячу экспанатаў. Прыемна, што многія з іх знаходзяць самі дзеці. Так адбылося з фрагментамі люлек для тытуню, якія адносяцца да XVII—XVIII стагоддзяў. Знайшлі іх на агародах каля аграгарадка.
  2. Мясцовыя жыхары перадалі ў музей нацельны крыж і амулет “Рысь” XI—XIII стагоддзяў. Гэтыя рэчы — яскравае пацвярджэнне дваяверства на тэрыторыі рэгіёна ў тыя часы. Наша даследчая работа, прысвечаная крыжу, у 2022 годзе заняла 1-е месца ў раёне і вобласці, 3-е — на рэспубліцы. У хуткім часе будзем займацца вывучэннем гісторыі амулета.
  3. Падчас паходу ў 2021 годзе знайшлі з вучнямі трак ад гусеніцы нямецкай танкеткі. Знаходка таксама стане аб’ектам нашага даследавання, у якім закранём падзеі, якія адбываліся на гэтай зямлі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
  4. Устаноўлены гістарычны факт ушанавання крыніцы святой Варвары ў вёсцы Трасцівец. Як расказалі старажылы, там стаяла каплічка і святар з Мокрага праводзіў да яе хрэсны ход.
  5. У экспедыцыях разам з маімі вучнямі знайшлі надмагільныя камяні з выявай крыжоў на могілках аграгарадка Мокрае і вёскі Холстава і камень з выявай сякеры і яшчаркі побач з гарадзішчам жалезнага веку каля вёскі Гарадзец.

Пяць рэчаў, якія натхняюць займацца даследчай і музейнай дзейнасцю

  1. Любоў да сваёй прафесіі і гісторыі. Яны даюць мне магчымасць пастаянна расці і развівацца. І хаця сам я нарадзіўся на Краснапольшчыне, быхаўская зямля з яе багатым мінулым стала для мяне роднай. Перакананы: тэмы для даследчых работ па гісторыі рэгіёна не скончацца яшчэ вельмі доўга. Дарэчы, менавіта Быхаўшчына лічыцца самай багатай на скарбы. Па афіцыйных звестках, тут ужо знайшлі 32 скарбы самых розных часоў. У нас няма такой мэты, аднак хто ведае, можа, і нам з вучнямі пашанцуе. (Усміхаецца.)
  2. Магчымасць адкрываць і даследаваць невядомыя факты. Мой кругагляд пашыраецца, а веды пастаянна папаўняюцца. Калі шэсць гадоў кіраваў унікальным ваенна-гістарычным музеем 57-й Чырванасцяжнай Смаленскай ракетнай авіяцыйнай дывізіі Балтыйскага флоту, давялося працаваць з раней засакрэчанай інфармацыяй, даведацца шмат звестак, звязаных з авіяцыяй. Дывізія базіравалася ў закрытым ваенным гарадку ў межах Быхава з 1946 года. Адметна, што на яе ўзбраенні знаходзіліся стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі, здольныя наносіць удары на вялікую адлегласць. У казематах захоўвалася ядзерная зброя. А ваенны аэрадром каля Быхава быў другім па велічыні ў Савецкім Саюзе. Для ўкрыцця самалётаў зрабілі капаніры — вялікія земляныя валы, дзе хавалі тэхніку на выпадак нечаканай атакі ворага. Дывізію расфарміравалі пасля распаду СССР. Музей з’явіўся ў 2005 го­дзе і размяшчаўся ў будынку Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 5, зараз — у гімназіі Быхава. У выставачных залах можна было ўбачыць шмат незвычайных рэчаў: прыборы самалётаў, астракомпас, радыёстанцыю далёкай сувязі, каліматарны пры­цэл, вышынямер, шлемы пілотаў, ваенную форму, узнагароды… Усяго больш за дзве тысячы экспанатаў.
  3. Работа з дзецьмі, якія за­хап­ляюцца гісторыяй свайго краю. Яны самі прапаноўва­юць новыя ідэі, з вялікай ахвотай падтрымліваюць мае ініцыятывы. Разам з вучнямі расказваем пра сваю дзейнасць і наш музей на старонках сацыяльных сетак. Гэта ім таксама вельмі падабаецца.
  4. Вопыт стварэння дакументальных фільмаў разам з вучнямі Макранскай школы. Такіх стужак ужо шмат і на самыя розныя тэмы: пра Макранскае трохкласнае народнае вучылішча, пра паходжанне назваў вуліц аграгарадка, пра спаленую вёску Гарадзец, пра святыні Быхаўскага раёна. Нашу сумесную работу высока ацанілі на конкурсах, мы атрымалі ўзнагароды раённага і абласнога ўзроўняў.
  5. Удзячнасць бацькоў вучняў, іх зацікаўленасць у развіцці сваіх дзяцей. Натхняе таксама падтрымка з боку адміністрацыі школы і кіраўніцтва раёна.

***

Сяргей Пятровіч Кулаеў з 2013 года працуе адразу ў дзвюх школах. Асноўнае месца работы — сярэдняя школа № 2 Быхава, другое па сумяшчальніцтве — Макранская сярэдняя школа. Толькі за апошнія гады вучні настаўніка атрымалі 14 дыпломаў на раённым і абласным этапах Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі і два дыпломы на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару. Педагог вядзе гурткі па інтарэсах “Юныя краязнаўцы” і “Музеязнаўства”,  кіруе музеем у Макранскай сярэдняй школе.

Ёсць у настаўніка гісторыі запаветная мара — стварыць музей народнай адукацыі на базе старога будынка Макранскай школы. Драўляная пабудова датуецца пачаткам ХІХ стагоддзя. У савецкія часы тут размяшчаўся інтэрнат для вучняў з іншых вёсак, потым — бібліятэка. Зараз, на жаль, будынак у аварыйным стане. Па задуме Сяргея Кулаева, стварэнне такога ўнікальнага музея дасць магчымасць паказаць, як мяняўся падыход да адукацыі і сама адукацыя з часоў Расійскай імперыі да сучасных дзён, якія дапаможнікі і падручнікі выкарыстоўваліся, як выглядала школьная форма і прылады, вучэбнае абсталяванне. Таксама хочацца расказаць пра падзеі з жыцця Макранскай школы, яе супрацоўнікаў і вучняў.

Марына ЖДАНАВА
Фота аўтара і з архіва героя