Што новага ў Палацы дзяцей і моладзі?

Дзень адкрытых дзвярэй прайшоў у Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі 21 жніўня. Напярэдадні новага навучальнага года каля 800 аб’яднанняў па інтарэсах запрасілі новых удзельнікаў.

— Па аўторках вадзіць буду я, а па пятніцах — ты! — задаволена тлумачыць мужу высокая жанчына: толькі што ў яе атрымалася так удала прыстроіць сына і дачку ў суполкі, якія ім спадабаліся, каб заняткі праходзілі адначасова.

Для бацькоў важныя зручнасць, якасць выкладання, карысць дадатковай адукацыі для вучобы і агульнага развіцця. А дзеці ніколі не пойдуць туды, дзе нецікава. Задаволіць патрэбы кожнага — задача, якую штогод ставяць перад сабой педагогі і метадысты палаца.

— Мы набіраем ад дашкольнікаў 2 гадоў да 30-гадовых маладых людзей, — расказаў намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Сяргей Генадзьевіч Малочнікаў. — Можна выбіраць і з калектываў, якія стваралі гісторыю і сёння высока трымаюць марку палаца, і з новых напрамкаў, якія з’явіліся толькі ў гэтым годзе.

Такія заслужаныя аматарскія калектывы, як ансамбль танца “Чабарок” і хор “Крынічка”, а таксама ўзорныя калектывы — ансамбль эстрадна-спартыўнага танца “Антрэ”, эстрадны аркестр, студыя эстраднага вакалу Forte набіраюць малышоў, якія пасля змогуць далучыцца да канцэртнага складу і працягнуць іх шматгадовую гісторыю. Акрамя гэтага, працуюць аб’яднанні па дэкаратыўна-прыкладной, выяўленчай, мастацкай, інтэлектуальнай, тэхнічнай творчасці. Педагогі прапануюць заняткі па бяспецы жыццядзейнасці і псіхалагічным выхаванні асобы.

— У гэтым годзе з’явілася нямала новых напрамкаў. Напрыклад, аб’яднанне “Майстар-стыль” прапануе дзяўчынкам ад 14 гадоў вывучаць касметалогію: правілы нанясення макіяжу, падбору прычоскі, — знаёміць Сяргей Генадзьевіч. — А хлопчыкаў захапляе праект “Тэхнапрарыў”, які з’явіўся ў мінулым годзе. У нас ужо вучацца нейрапілатаванню, прататыпаванню, 3D-мадэляванню, кіраванню беспілотнымі лятальнымі апаратамі. А з гэтага года мы запускаем аб’яднанні “НТМ-майстар”, “ЧПУ мадэляванне”, НоbbyTools для дзяцей ад 6 да 14 гадоў.

Дзіцяча-юнацкая тэлестудыя таксама абнавілася. Падлеткі змогуць вывучаць блогерную і вэб-журналістыку — напрамкі сучасныя і актуальныя. Новая студыя “Намаляваная кніга” дасць магчымасць паэксперыментаваць у галіне кніжнай графікі, мастацкага афармлення літаратурных твораў і нават стварыць свой комікс. Падтрымалі педагогі палаца і нечаканую цікавасць да аналагавай фатаграфіі: рэтра — адзін з маладзёжных трэндаў. Такая колькасць модных заняткаў наводзіць на думку, што традыцыйныя хобі — маляванне, дэкаратыўна-прыкладная творчасць — ужо не карыстаюцца папулярнасцю.

— Гэта зусім не так! — не пагадзіўся Сяргей Генадзьевіч. — Проста мяняецца падыход да арганізацыі такіх аб’яднанняў: мы прапануем комплексы з розных мастацкіх тэхнік. Напрыклад, у гэтым годзе была створана студыя “Рукатворныя цуды”, якая прапануе за год паспрабаваць бацік, аплікацыю, маляванку, валянне з воўны, папяровую пластыку, пап’е-машэ і фларыстычны калаж. Дзецям і бацькам вельмі падабаецца такая разнастайная і насычаная праграма.

Дэкаратыўна-прыкладная творчасць вабіць дзяцей яшчэ і сваёй практычнасцю: у гэтых аб’яднаннях можна навучыцца ўпрыгожваць сумкі і вырабляць аксесуары, асвоіць мастацтва складання букетаў і нават афармлення інтэр’ера.

— Мы стараемся абнаўляць усе праграмы не радзей чым раз у тры гады, — патлумачыў Сяргей Генадзьевіч. — Таму педагогі і метадычная служба пастаянна сочаць за захапленнямі дзяцей і моладзі і прапануюць адпаведныя аб’яднанні па інтарэсах. І тое, што ў палацы займаецца каля 8200 чалавек у год, паказвае, наколькі ўдала ў нас атрымліваецца трымаць руку на пульсе.

Удзел у рабоце студый, суполак, секцый, клубаў, школ юных — гэта яшчэ і ранняя прафарыентацыя. А калі мець на ўвазе, што праграмы палаца складаюцца так, каб дзеці паступова пераходзілі ад простых форм работы ў выбранай тэхніцы да больш складаных, то можна сказаць, што тут адбываецца і авалоданне азамі прафесіі. А гэта яшчэ адна прычына запісаць дзіця на дадатковыя заняткі.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.