Што рабіць, каб ЗЛЖ стаў звычкай?

Прафілактычны праект “Горад Рагачоў — здаровы горад” пачаў увасабляцца ў 2017 годзе. Тэрмін яго завяршэння — наступны год, але ўжо сёння можна гаварыць пра значны ўклад у яго рэалізацыю ўстаноў адукацыі Рагачоўшчыны. Яны многа зрабілі, каб фарміраванне здаровага ладу жыцця жыхароў адбывалася з маленства і працягвалася ўсё жыццё.

Клуб валанцёраў «Дарогай здароўя». У цэнтры — Людміла Краўцова.

Урач-валеолаг Рагачоўскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Людміла Краўцова расказвае, што работа па фарміраванні здаровага ладу жыцця ў раёне вядзецца па трох асноўных кірунках:

— Гэта абарона здароўя насельніцтва, фарміраванне ў насельніцтва здаровага ладу жыцця (зніжэнне паводзінскіх рызык для здароўя), падтрымка і ўмацаванне здароўя ў здаровай часткі насельніцтва (захаванне і падтрыманне працаздольнасці і актыўнага даўгалецця насельніцтва). Працуе клуб валанцёраў “Дарогай здароўя”. Валанцёры — старшакласнікі і навучэнцы каледжаў — прымаюць актыўны ўдзел у акцыях і днях здароўя, рэйдах па прафілактыцы тытунекурэння. Ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі пастаянна праводзяцца бацькоўскія сходы па пытаннях грамадскай і асабістай прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі, папярэджанні ўжывання псіхаактыўных рэчываў у падлеткаў. Тэматыка накшталт “Прафілактыка негатыўных з’яў сярод непаўналетніх, насілле ў сям’і. Бацькоўская адказнасць”, “СНІД — рэальнасць ці выдумка?”, “Здароўе і бяспека”…

Скандынаўскай хадзе далі ход у сярэдняй школе № 5 Рагачова. Там арганізавана спецыяльная секцыя. Навучэнцаў можна сустрэць на пешых прагулках у парках горада. Штогод у раёне праводзяцца спартыўныя спаборніцтвы, у тым ліку сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі: па валейболе, настольным тэнісе, міні-футболе, плаванні. Традыцыйным стала правядзенне раённага турыстычнага злёту, прысвечанага памяці заслужанага настаўніка БССР Васіля Кацянкова. У межах круглагадовай спартакіяды школьнікаў ва ўстановах адукацыі, раёне і вобласці летась прайшлі спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы “Шкаліяда”, у якіх прынялі ўдзел больш як 600 навучэнцаў.

— Ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі прайшло тэсціраванне навучэнцаў першай ступені па лёгкаатлетычных нарматывах “300 талентаў для Каралевы”, — расказвае Людміла Віктараўна. — Ім было ахоплена 2300 чалавек. У межах тыдня здароўя летась праведзена першынство вобласці па веславанні на байдарках і каноэ памяці заслужанага трэнера СССР Віктара Станібулы, турнір па міні-футболе памяці ўчастковага інспектара Вячаслава Сцяпанава. Школьнікі прынялі ўдзел у спаборніцтвах па рухавых відах спорту і арыентаванні, спартыўна-аздараўленчых гульнях і святах: “Чароўны мячык”, “Матэматыка і спорт”, “Здароўе і спорт”, “Ад спартландыі да Алімпіі”. Прайшла спартландыя “Мы сябруем са спортам”, матчавая сустрэча па валейболе, спаборніцтвы па футболе, настольным тэнісе, турніры па шашках сярод вучняў старшых класаў.

Першынство вобласці па веславанні на байдарках і каноэ памяці заслужанага трэнера СССР Віктара Станібулы.

У раёне працягваецца работа па заключэнні дагавораў на наведванне плавальных басейнаў у Рагачове і аграгарадку Ціхінічы навучэнцамі ўстаноў дашкольнай, сярэдняй агульнай і спецыяльнай адукацыі, супрацоўнікамі арганізацый і прад­прыемстваў. Між тым СДЮШАР № 1 устанавіла скідку для работнікаў школ. Пры двухразовым наведванні басейна другое — бясплатна. Падчас правядзення летняй аздараўленчай кампаніі было арганізавана наведванне басейна выхаванцамі аздараўленчых лагераў.

Важным доктар-валеолаг лічыць і той факт, што быў перагледжаны асартымент буфетнай прадукцыі ва ўстановах адукацыі. Прынамсі, выключаны з пераліку прадукты, шкодныя для дзіцячага здароўя. Людміла Краўцова гаворыць, што таксама было забяспечана абнаўленне і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі:

— Летась умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі Рагачоўшчыны. Да пачатку 2019/2020 навучальнага года ў харчаблоку гімназіі Рагачова была заменена плітка на падлозе ў гарачым цэху. Значныя пераабсталяванні адбыліся ў харчаблоках і іншых гаспадарчых памяшканнях Збароў­скага ясляў-сада — базавай школы, Старасельскага ясляў-сада — сярэдняй школы, ясляў-сада №№ 11, 13, 4 Рагачова, у Стаўпнянскай сярэдняй і Станькоўскай базавай школах… Вучні сярэдніх школ №№ 4 і 6 Рагачова і Збароўскага ясляў-сада — базавай школы правялі навучальны год з новай мэбляй.

Ва ўстановах адукацыі Рагачоўскага раёна праводзіцца конкурс “Самы спартыўны клас”. У сярэдняй школе № 5 Рагачова на працягу года праходзяць спаборніцтвы “Спартсмен года”. Пры падвядзенні вынікаў лепшаму спартыўнаму навучэнцу ўручаецца статуэтка, а напрыканцы навучальнага года ўзнагароджваюцца тыя школьнікі, якія дасягнулі выдатных вынікаў у розных спартыўных спаборніцтвах.

Да таго ж у школах Рагачова нярэдкія госці ўрачы-педыят­ры, афтальмолагі, хірургі, стаматолагі. Яны расказваюць вучням пра здаровае харчаванне, прафілактыку парушэнняў паставы і зніжэння вастрыні зроку, стаматалагічных захворванняў…

На сайтах арганізацый аховы здароўя, устаноў адукацыі, а таксама арганізацый і прадпрыемстваў размешчана інфармацыя пра нумары тэлефонаў арганізацый, дзе можна атрымаць кансультацыі па пытаннях прафілактыкі стрэсаў, пераадоленні крызісных сітуацый. Актыўна праводзіцца работа па прыцягненні насельніцтва да рэалізацыі інфармацыйнага праекта “Школа — тэрыторыя здароўя” пры ўдзеле раённай газеты і інтэрнэт-рэсурсаў устаноў і прадпрыемстваў.

У трох школах Рагачова — №№ 5, 6 і 2, а таксама гімназіі ўкараняецца інструкцыя “Фарміраванне здароўе­зберагальнага асяроддзя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”. Праект “У здаровым целе — здаровы дух” рэалізуецца на базе сярэдняй школы № 2 Рагачова, а праект “Беражом здароўе з дзяцінства” — на базе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці. У сярэдняй школе № 3 праводзяцца акцыі “Чыстая школа, двор, вуліца” і “Клопат”. Апошняя накіравана на дапамогу адзінока пражываючым пенсіянерам, што былі вязнямі канцлагераў.

— Дадам, — гаворыць урач-валеолаг Людміла Краўцова, — што ў нашым горадзе арганізавана правядзенне кіналекторыяў па пытаннях прафілактыкі алкагалізму, тытунекурэння, наркаманіі і ВІЧ-інфекцыі. Добраўпарадкаванню школьнікі таксама ўдзяляюць шмат увагі. Напрыклад, у сярэдняй школе № 6 Рагачова працуе летні атрад “Экаград”, які займаецца азеляненнем школьнага двара, а ў Азяранскім яслях-садзе — базавай школе праводзіцца акцыя “Чыстая вёска”… Увогуле, у Рагачоўскім раёне забяспечана ўзаема­дзеянне з выканаўча-распарадчымі органамі, установамі адукацыі, культуры, спорту, СМІ, грамадскімі аб’яднаннямі па пытаннях фарміравання здаровага ладу жыцця.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.