Што расказаць вучню, які сабраўся ў ІТ?

Што больш за ўсё не любяць у сваёй рабоце праграмісты, як будзе складвацца ІТ-кар’ера сённяшніх школьнікаў і ці можна навучыцца праграмаванню раз і назаўсёды? Адказаць на гэтыя пытанні паспрабавалі праграмісты і спецыялісты па кадрах для ІТ у межах гарадской прафарыентацыйнай канферэнцыі “IT як беларуская мара: дэталі з будучыні”, якая прайшла ў Мінску ў мінулую суботу.

Прафесія праграміста сапраўды становіцца самай папулярнай і сярод моладзі, і сярод дарослых: усіх вабяць высокая зарплата, сучасныя офісы і рамантычны вобраз праграміста-хакера, які быццам можа і пераўсталяваць Windows, і ўзла­маць сакрэтную базу даных.

Між іншым менавіта гэтае ўяўленне — пра міфічную здольнасць зрабіць што заўгодна, звязанае з тэхнікай, — праграмісты назвалі вялікім мінусам сваёй работы. Згодна з даследаваннем, вынікі якога прэзентавала кіраўнік цэнтра развіцця HR-брэнда Работа.tut.by Надзея Артуганава, галоўнымі недахопамі сваёй работы праграмісты называюць:

— сядзячую работу за маніторам, якая шкодзіць фізічнай форме і зроку;

— стэрэатып, што жартам празвалі “тыжпраграміст” (на думку чалавека не з прафесіі, праграміст мусіць умець усё, нават калі толькі піша код і ніколі не бачыў, як выглядае камп’ютар знутры);

— руціну.

Галіны ІТ, запатрабаванасць якіх зараз расце

Big Data — стварэнне алгарытмаў, здольных аналіза­ваць і структураваць вялікія аб’ёмы даных (напрыклад, паводзіны людзей у сацыяльных сетках ці паказчыкі работы Вялікага адроннага калайдара).

VR/AR — дапоўненая і віртуальная рэальнасць. Спецыялісты прагназуюць, што ў найбліжэйшыя гады значна вырасце попыт на праграмістаў і дызайнераў, якія ўмеюць канструяваць 3D-анімацыю для акуляраў віртуальнай рэальнасці.

AI — стварэнне штучнага інтэлекту ў самых розных яго праяўленнях: ад чат-ботаў да беспілотных лятальных апаратаў.

Blockchain — тэхналогія, якая найбольш шырока выкарыстоўваецца для стварэння крыптавалют, у банкаўскай сферы.

IoT — інтэрнэт рэчаў, у якім прадметы (напрыклад, бытавая тэхніка) абменьваюцца інфармацыяй і супрацоўнічаюць без удзе­лу чалавека.

Computer Vision — камп’ютарны зрок, здольнасць праграм разумець, што знаходзіцца на малюнках, фотаздымках ці відэа.

Робататэхніка — усё, што звязана з прыборамі, якія часткова заменяць чалавека на небяспечнай вытворчасці, стужках зборкі тэхнікі на заводах і г.д.

Апошні пункт, напэўна, здзіўляе найбольш: якая можа быць руціна ў сферы, дзе тэсціруюць гульні, рашаюць складаныя матэматычныя і інжынерныя задачы, працуюць з кліентамі і калегамі па ўсім свеце. Тым не менш значная частка работы сучаснага ІТ-спецыяліста — гэта будзённая праверка кода ці зборка новай праграмы з гатовых рашэнняў. Пра гэта варта расказаць школьнікам, якія імкнуцца ў ІТ, каб атрымліваць зарплату за тое, што “проста гуляюць у камп’ютарныя гульні”.

Калі штодзённая праверка кода не пужае школьніка і ён гатовы паспрабаваць сябе ў гэтай сферы, раім звярнуць увагу на яшчэ адзін спіс, падрыхтаваны спікерам: гэта самыя сучасныя і шматабяцальныя спецыялізацыі ў ІТ.


Галоўным навыкам праграміста (як і запатрабаванага спецыяліста ўвогуле) наступны спікер кансультант па падборы персаналу Ірына Вішнеўская назвала ўменне вырашаць задачы. Гучыць вельмі абагульнена, ды стаіць за гэтай фармулёўкай вельмі простая думка: добры спецыяліст працуе так, каб у кампаніі не было праблем у яго сферы адказнасці. Ён не проста піша код ці тэсціруе гульню, ён ад пачатку і да канца кантралюе працэс і адказвае за вынік, бо разумее, што яго работа значыць для бізнесу работадаўцы.

Каб выхаваць такі навык у сённяшняга школьніка, трэба даваць яму ўласную сферу адказнасці і магчымасць праявіць сябе, прапанаваць праектную работу. Як падкрэсліла спікер, удзел у праектах для пра­грамістаў-пачаткоўцаў цэніцца работадаўцамі нават больш, чым дыплом універсітэта. Каля паловы беларускіх ІТ-кампаній увогуле не звяртае ўвагі на адукацыю кандыдата — толькі на яго вопыт і вынікі тэсціравання і размовы.

А вось навык, пра які спытаюць у любой тэхналагічнай кампаніі без выключэння, — гэта замежная мова. Ні адзін са спікераў не прамінуў нагадаць пра важнасць валодання англійскай мовай хаця б на ўзроўні В2 (вышэй за сярэдні), а большасць выказвалася за тое, каб будучыя праграмісты авалодвалі яшчэ адной мовай.

Яшчэ адзін пункт, з якім былі згодны абсалютна ўсе спікеры, — праграмісту патрэбны шырокі кругагляд. Па-першае, ніколі не ведаеш, які вопыт спатрэбіцца ў рабоце. Калі праграміст займаўся спортам, яго з большай ахвотай возьмуць у праект, звязаны з ім. Таму бацькі і настаўнікі, што мараць вырасціць праграміста, павінны прымаць любыя хобі дзіцяці і заахвочваць яго не толькі да матэматыкі і інфарматыкі.

Па-другое, шырокі кругагляд дапамагае пастаянна вучыцца. Мовы праграмавання абнаўляюцца з такой хуткасцю, што мала вывучыць 2—3 сёння, каб быць запатрабаваным заўсёды. Для гэтага прыйдзецца рэгулярна праходзіць курсы, шукаць нестандартныя стажыроўкі.

Пра ІТ-стажыроўкі і адукацыйныя паездкі як сродак развіцця будучых праграмістаў на канферэнцыі расказала намеснік дырэктара Цэнтра міжнародных сувязей Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Лыскавец. У якасці прыкладу яна прывяла нядаўнюю паездку студэнтаў БДУІР у Эстонію і Латвію. У праграме іх вандроўкі — экскурсіі ва ўніверсітэты і бізнес-інкубатары, семінары і абмеркаванні рэальных кейсаў. Такія паездкі пашыра­юць уяўленні пра прафесію і даюць магчымасць наладзіць міжнародныя прафесійныя кантакты.


Акрамя выступленняў лектараў, кожны ўдзельнік канферэнцыі мог прайсці прафарыентацыйны тэст, які вызначаў найбольш блізкую яму ІТ-прафесію. Так арганізатары канферэнцыі — стваральнікі IT-каледжа Digital Unicorn, які пачне сваю работу ў гэтым верасні, — нагадалі ўсім, хто мроіць трапіць у ІТ (ці адправіць туды дзяцей ці вучняў), што ў гэтай сферы патрэбны не толькі тэхнічныя спецыялісты, але і дызайнеры, маркетолагі, лінгвісты, менеджары. Больш за тое, лічбавізацыя ўсіх сфер жыцця хутка зробіць спецыяліста ў любой галіне крышачку айцішнікам. І да гэтага таксама трэба падрыхтавацца.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.