Што стане гарантам добрага працаўладкавання?

У якіх спецыялістах маюць патрэбу нацыянальныя эканомікі і якія спецыялісты запатрабаваны на сусветным рынку працы? Ці варта пераглядаць адукацыйныя праграмы і што павінна ўключаць у сябе базавая вышэйшая адукацыя? Падобныя пытанні абмяркоўваліся падчас круглага стала “Актуальнасць прафесійнай вышэйшай адукацыі на міжнародным рынку працы” ў прэс-цэнтры БелТА. Круглы стол праходзіў у рамках I Міжнароднага адукацыйнага форуму “Еўрапейская якасць адукацыі” (EQE-Forum).
У абмеркаванні ўзялі ўдзел першы прарэктар бізнес-школы “Магна Карта Оксфард” Вадзім Цітоў (Вялікабрытанія), дырэктар па маркетынгу і бізнес-развіцці Асацыяцыі бізнес-лідараў (ABE) Ян Фрэйзер (Вялікабрытанія), начальнік упраўлення міжнародных сувязей бізнес-школы “Глэндуэ ўніверсітэт” Вольга Эдвардс (Вялікабрытанія), рэдактар раздзела “Адукацыя” газеты The Independent Сцівен Хоар (Вялікабрытанія), рэктар Неўскага інстытута мовы і культуры Марына Дзіброва (Расія), намеснік дырэктара па ацэнцы, акрэдытацыі і прызнанні адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Анголы Афонса Дала Коксі Фула, член-карэспандэнт Акадэміі эканамічных навук Украіны член экспертнага савета ВАК Украіны Мікалай Жук.
Нагадаем, што арганізатарамі форуму выступілі брытанская бізнес-школа “Магна Карта Оксфард” і Цэнтр міжнародных сувязей пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі.

Прафесійная вышэйшая адукацыя: што гэта?

Аб’яднанне ў адзінае паняцце прафесійнай і вышэйшай адукацыі для нас нязвыклае, бо пад прафесійнай, як правіла, мы разумеем спецыяльную адукацыю па рабочых спецыяльнасцях. Аднак у сусветнай практыцы замацавалася паняцце вышэйшай прафесійнай адукацыі, ці проста прафесійнай, пад якой разумеюць атрыманне вышэйшай адукацыі па пэўных спецыяльнасцях, напрыклад, па маркетынгу, IT, менеджменце. Шмат увагі падчас круглага стала ўдзялялася ролі менавіта такога роду адукацыі.

Два дыпломы аб вышэйшай адукацыі: патрабаванне часу?

“У сучасным свеце работадаўцы лічаць, што любы супрацоўнік у дапаўненне да базавай вышэйшай адукацыі абавязкова павінен мець спецыялізаваную”, — адзначыў Вадзім Цітоў.
“Наяўнасці стандартнай класічнай ступені недастаткова ў сучасным грамадстве, — пагадзіўся з калегам Ян Фрэйзер. — Сённяшняму свету неабходны спецыялісты, якія разумеюць, што такое бізнес і як ім кіраваць. А для гэтага патрэбен не толькі класічны дыплом, але і дыплом у бізнес-сферы”.
Сваё меркаванне на гэты конт выказаў і Сцівен Хоар: “Многія англійскія студэнты разумеюць, што атрыманы дыплом не з’яўляецца гарантыяй далейшага працаўладкавання, таму моладзь атрымлівае дадатковую адукацыю”.

Як стварыць міжнародны бізнес?

Вадзім Цітоў упэўнены, што зараз, калі назіраецца працэс інтэграцыі з міжнародным грамадствам, спецыялістам неабходна ведаць, як працаваць у розных краінах свету. “Людзі прыязджаюць рабіць бізнес у В’етнам альбо ў Афрыку і не разумеюць, як там працаваць, у іх нічога не выходзіць. У тых жа, хто набыў спецыфічную адукацыю і прафесійныя веды, усё добра атрымліваецца”, — адзначыў першы прарэктар бізнес-школы “Магна Карта Оксфард”.
Глабальнага пункту гледжання прытрымлівалася і Марына Дзіброва. “Сёння вельмі запатрабаваны рэгіёназнаўцы. Гэта не разумее нават бізнес, які прыходзіць у пэўную краіну і не мае ўяўленняў пра яе культуру, менталітэт. Ведання толькі мовы недастаткова”, — упэўнена рэктар Неўскага інстытута.

Адна запрэжка для міністэрстваў адукацыі і эканомікі

Эксперты сферы адукацыі неаднойчы выказвалі думку і аб узаемазвязанай рабоце Міністэрства адукацыі з Міністэрствам эканомікі.
“У любой краіне Мінадукацыі і Міністэрства планавання эканомікі павінны працаваць разам. Гэтыя структуры павінны не толькі разумець, якія спецыялісты патрэбны дзяржаве, але і матываваць студэнтаў”, — упэўнена Вольга Эдвардс. Прадстаўніца бізнес-школы ўзгадала вопыт брытанскіх універсітэтаў, дзе ніводная адукацыйная праграма не зацвярджаецца да той пары, пакуль яе не адобраць вытворчасць і бізнес.
Вадзім Цітоў заўважыў, што падобны вопыт ёсць і ў Беларусі і звязаны ён з энергетыкай, у прыватнасці, будаўніцтвам АЭС. “У гэтай галіне сваіх спецыялістаў у Беларусі не рыхтавалі. Аднак з’явіўся дзяржаўны заказ, ВНУ пачалі падстройвацца і ствараць адпаведныя спецыяльнасці”, — адзначыў першы прарэктар бізнес-школы “Магна Карта Оксфард”.
Падчас абмеркавання закранулі пытанне, ці здольныя дзеці адразу пасля школы правільна вызначыць, чым яны хочуць займацца ў будучыні. “Магчыма, варта даць ім магчымасць яшчэ ў школе паспрабаваць сябе ў якасці студэнтаў, каб час, праведзены у ВНУ, не прайшоў дарма”, — лічыць Вольга Эдвардс.
Падтрымаў гэтую думку і Вадзім Цітоў, узгадаўшы, што ў СССР працавала сістэма падрыхтоўчых курсаў для паступлення ва ўніверсітэт. “Скончыўшы гэтыя курсы, абітурыент прыблізна ведаў, што яго чакае ў ВНУ. Ён мог змяніць сваё рашэнне, калі зразумеў, што абраў не той шлях. Ці існуюць зараз падобныя курсы? Адзінкі”, — выказаў сваё бачанне першы прарэктар бізнес-школы.
У сваю чаргу дырэктар па маркетынгу і бізнес-развіцці Асацыяцыі бізнес-лідараў Ян Фрэйзер адзначыў, што структура АВЕ прадугледжвае так званы чацвёрты ўзровень. Ён прызначаны для таго, каб старшакласнік перад паступленнем у ВНУ мог прайсці пэўныя курсы і вызначыцца з будучай прафесіяй. Пасля заканчэння курсаў выдаецца сертыфікат, які роўны году навучання ў ВНУ.

Чаму трэба вучыць у вышэйшай школе?

“Я ўпэўнена, што абавязкова трэба вучыць крэатыўнасці. Безумоўна, творчыя людзі нараджаюцца, але гэтаму трэба і можна навучыць, — лічыць Марына Дзіброва. — Таксама трэба вучыць сацыялізацыі. Сёння гэта вялікая праблема, бо чым больш студэнт сядзіць за камп’ютарам, тым больш ён выключаны з гарызантальных сувязей грамадства”. Рэктар Неўскага інстытута прывяла прыклад, што зараз ёсць добрыя IT-спецыялісты, якія не ўмеюць усталёўваць зносіны з людзьмі і жывуць у сваім свеце. “Гэта сур’ёзная пагроза нашым будучым пакаленням”, — звярнула ўвагу рэктар.
Марына Дзіброва ўпэўнена, што ва ўніверсітэтах таксама трэба вучыць хутка думаць і прымаць рашэнні. “Некалькі гадоў назад быў праведзены цікавы эксперымент, каб высветліць, хто хутчэй прымае правільныя рашэнні. У ім узялі ўдзел людзі, якія трапляюць у экстрэмальныя сітуацыі, — пажарныя і брокеры. І хоць удзельнікам прапаноўваліся надзвычайныя сітуацыі, перамаглі брокеры, бо іх навучылі хутка думаць”, — рэзюмавала Марына Дзіброва.
У падтрымку гэтай думкі выступіў і Сцівен Хоар, расказаўшы, што ў англійскіх бізнес-школах упор робіцца на развіццё крэатыўнасці.

Базавая вышэйшая адукацыя: што павінна ў яе ўваходзіць

Рэктар Неўскага інстытута Марына Дзіброва выказала думку, што наспела неабходнасць перагледзець патрабаванні да базавай вышэйшай адукацыі.
“Сёння мы сталі інфармацыйным грамадствам. Любы спецыяліст павінен разбірацца ў сучасных тэхналогіях, уяўляць карціну свету, быць дасведчаным у пытаннях сацыяльнай антрапалогіі”, — упэўнена Марына Дзіброва. Яна выказала свой пункт гледжання і наконт англійскай мовы, якую ўжо нельга разглядаць як замежную, а толькі як рабочую. Пасля таго, як пералічаныя кампетэнцыі будуць засвоены, на думку Марыны Дзібровай, павінны распрацоўвацца індывідуальныя траекторыі навучання.
У сваю чаргу Вадзім Цітоў дадаў, што спецыялісту не варта абмяжоўваць сябе адзіным дыпломам. “Я прывяду просты прыклад. Буйны лонданскі банк шукае начальніка аддзела. Кандыдату на гэтае месца неабходна мець базавую вышэйшую адукацыю, скончыць магістратуру па спецыяльнасці “Бізнес-адміністраванне” (MBA), мець сертыфікат аб сканчэнні дыпломнай праграмы ў галіне фінансаў (ACCA). Акрамя таго, саіскальніку трэба прадаставіць мінімум тры дакументы аб павышэнні кваліфікацыі ў сумежных галінах”, — расказаў першы прарэктар бізнес-школы.

Хто лёгка зможа знайсці працу ў сваёй краіне?

Падчас круглага стала размова ішла не толькі аб спецыялістах, якія будуць запатрабаваны на міжнародным узроўні. Удзельнікі расказалі, у якіх кадрах зараз адчуваецца патрэбнасць у іх краінах і якія спецыяльнасці падтрымліваюцца на дзяржаўным узроўні.
“Зараз Расія больш за ўсё зацікаўлена ў спецыялістах, якія маюць тэхнічную адукацыю. Самі ж студэнты хочуць вучыцца на юрыстаў і эканамістаў”, — расказала Марына Дзіброва.
Сітуацыяй у сваёй краіне падзяліўся і прадстаўнік Рэспублікі Ангола Афонса Дала Коксі Фула: “Мы аддаём прыярытэт інжынерным спецыяльнасцям. Таксама нам патрэбны хімікі, біёлагі, геолагі, будаўнікі, механікі, медыкі. Нестае выкладчыкаў у вышэйшых навучальных установах, якія адкрываюцца”.
У сваю чаргу Вадзім Цітоў адзначыў, што ў Беларусі няма вялікіх залежаў карысных выкапняў. “Краіне трэба рухацца ў бок развіцця інтэлектуальнай маёмасці, зарабляць на мазгах”, — адзначыў першы прарэктар бізнес-школы.

 

Святлана ШЫЯН.