Што сёння ўяўляе сабой дадатковая адукацыя дарослых, і якія ў яе перспектывы

- 10:06Компетентно, Школа управления

Пра перспектывы дадатковай адукацыі дарослых і яе якасць карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала Святлана Коўчур, начальнік аддзела дадатковай адукацыі дарослых Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт.

— Святлана Аляксееўна, каб больш дакладна вызначыць ролю дадатковай адукацыі дарослых, пачнём з глабальнага. Як гэты ўзровень адукацыі сувымяраецца з такім паняццем, як чалавечы капітал?

— Чалавечы капітал з’яўляецца падмуркам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Ад велічыні чалавечага капіталу, якім валодае дзяржава, зале­жыць канкурэнтаздольнасць і паспяховасць яе эканамічнага стану. Згодна з гэтымі катэгорыя­мі парадыгма “адукацыя праз усё жыццё” прадвызначае прыя­рытэты бесперапыннай прафесійнай адукацыі, а дакладней, развіццё і ўдасканаленне складнікаў чалавечага капіталу. Сярод іх веды, уменні, навыкі, здольнасці, каштоўнасці, матывы прафесійных і асобасных якасцей кіруючых работнікаў і спецыя­лістаў.

Сістэма дадатковай адукацыі дарослых, якая функцыянуе ў краіне, становіцца драйверам нарошчвання чалавечага капіталу. У гэтую сістэму ў той ці іншай меры ўключаны 68,2% працаздольнага насельніцтва.

— Што сабой уяўляе дадатковая адукацыя дарослых сёння? Якія мэты яна мае?

— У сучасным высокатэхналагічным грамадстве ідзе імклівае абнаўленне тэхналогій, удасканальваюцца ўмовы працы, што ўрэшце прыводзіць да старэння існуючых ведаў, прафесійных навыкаў і падыходаў. Канкурэнтаздольная пазіцыя спецыяліста на рынку працы вызначаецца не столькі аб’ёмам наяўных у яго ведаў, уменняў і навыкаў, колькі валоданнем інструментамі пазнання новага і матывацыяй на прафесійнае і асобаснае самаўдасканаленне. У гэтых умовах дадатковая адукацыя дарослых — неабходны інструмент адукацыі праз усё жыццё, які мае гнуткі характар і арыентаваны на запатрабава­насць рынку працы.

— Якая роля Міністэрства адукацыі ў развіцці дадатковай адукацыі дарослых?

— Наша міністэрства ажыццяўляе нарматыўнае прававое рэгуляванне 16 адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых. З іх найбольш запатрабаваныя — адукацыйныя праграмы павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі і стажыроўкі спецыя­лістаў. Яны накіраваны на прафесійнае ўдасканаленне кадраў на аснове існуючых прафесійных ведаў і кампетэнцый, прысваенне новай кваліфікацыі, асваенне новых метадаў, тэхналогій у прафесійнай дзейнасці.

Праграмы дадатковай адукацыі дарослых рэалізуюцца па 358 спецыяльнасцях перапад­рыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў, 10 профілях адукацыі, 26 напрамках адукацыі павышэння кваліфікацыі.

На задавальненне пазнавальных патрэб у той ці іншай сферы прафесійнай дзейнасці альбо галіне ведаў, на маральнае, культурнае і фізічнае развіццё асобы накіравана адукацыйная праграма вучэбных курсаў (лекторыяў, тэматычных семінараў, практыкумаў, трэнінгаў), адукацыйная праграма ўдасканалення магчымасцей і здольнасцей асобы. Дадатковая адукацыя дарослых — гэта яшчэ і падрыхтоўка, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі рабочых (служачых) у краіне. У пераважнай большасці навучанне рабочым прафесіям (іх каля 3700) ажыццяўляецца непасрэдна на прадпрыемствах.

Што тычыцца дзяржаўных адукацыйных стандартаў, то, па сутнасці, гэта тэхнічны нарматыўны акт, які замацоўвае патрабаванні да адукацыйнага працэсу і вынікаў засваення яго зместу. У дадатковай адукацыі дарослых адукацыйныя стандарты і распрацаваныя на іх аснове вучэбныя планы вызначаюць пералік кампетэнцый для кожнай спецыяльнасці перападрыхтоўкі. Для мабільнага рэагавання на тэндэнцыі развіцця галін эканомікі адукацыйныя стандарты рэгулярна абнаўляюцца і пераглядаюцца. Напрыклад, у сувязі з абнаўленнем Агульнадзяржаўнага класіфікатара Рэспублікі Беларусь АКРБ 011-2022 “Спецыяльнасці і кваліфікацыі” ў 2023—2024 гадах былі перагледжаны і зацверджаны 324 адукацыйныя стандарты, сярод якіх 114 замацаваныя за Міністэрствам адукацыі.

— Якія крытэрыі якасці дадатковай адукацыі дарослых?

— Паняцце якасці на гэтым узроўні адукацыі вельмі шматграннае і выходзіць за рамкі юрыдычнага разумення гэтага тэрміна. Сістэма дадатковай адукацыі дарослых цесна звязана з рынкам працы. Яе запатрабаванасць вызначаецца наяўнасцю адукацыйных праграм, змест якіх адпавядаў бы патрэбам у прафесійных кампетэнцыях для рэальнага сектара эканомікі і пры гэтым гнутка рэагаваў бы на змяненне гэтых патрэб. Менавіта дадатковая адукацыя дарослых, валодаючы ўнікальным патэнцыялам мабільна рэага­ваць на патрэбы эканомікі, можа забяспечваць як вырашэнне задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, так і прафесійна-асобаснага ўдасканалення работніка ў парадыгме “адукацыя праз усё жыццё”. Якасц­ь існуючай сістэмы дадатковай адукацыі заключаецца ў адпаведнасці запытам рэальнага сектара эканомікі, устаноўленым дзяржаўным стандартам і патрэбай кожнага чалавека.

— Відавочна, што сістэма дадатковай адукацыі дарослых мае пераважна галіновы характар.

— Сапраўды, так. Дзяржаўныя органы кіравання ў кожнай сферы дзейнасці, іншыя дзяржаўныя арганізацыі ў межах сваёй кампетэнцыі ствараюць свае галіновыя сістэмы бесперапыннай прафесійнай адукацыі. Менавіта гэта і забяспечвае аператыўны ўлік запытаў рэальнага сектара эканомікі, патрабаванняў навукова-тэхнічнага, інавацыйнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця канкрэтнай галіны, дае магчымасць бачыць патрэбы ў тых кампетэнцыях спецыяліста, якія будуць забяспечваць павышэнне канкурэнтаздольнасці канкрэтнай вытворчай сферы. Напрыклад, у рамках сферы адукацыі такую сістэму склада­юць установы дадатковай адукацыі дарослых, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Міністэрства адукацыі, — Акадэмія адукацыі, Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, Рэспубліканскі інстытут вышэйшай адукацыі, інстытуты павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі ва ўстановах вышэйшай адукацыі, а таксама падпарадкаваныя абласным выканаўчым камітэтам рэгіянальныя інстытуты развіцця адукацыі. Штогод у гэтых установах больш за 60 тысяч педагагічных работнікаў засвойваюць адпаведныя адукацыйныя праграмы павышэння кваліфікацыі.

— Наколькі заказчыкі кад­раў задаволены ўзроўнем прафесійных кампетэнцый работнікаў, якія прайшлі навучанне?

— Інструментам для вывучэння якасці падрыхтоўкі работнікаў з’яўляецца зваротная сувязь, якая і дазваляе выявіць тыя кампетэнцыі, на якія павінен быць арыентаваны змест навучання. У якасці прыкладу можна прывесці вопыт выкарыстання Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі анкет, распрацаваных асобна для кожнай пасады на аснове прафесійнага стандарту “Педагагічная дзей­насць ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі”. Такая форма дазваляе выявіць групы кампетэнцый, якія найбольш актуальныя і неабходныя для паспяховага выканання рабочых функцый, а таксама вызначыць неўсвядомлены дэфіцыт у прафесійных уменнях.

Як і заказчыкі кадраў, органы кіравання адукацыяй і ўстановы адукацыі маюць магчымасць уносіць прапановы па паляпшэнні якасці навучання, даваць ацэнку задаволенасці ўзроўнем павышэння кваліфікацыі работніка. У асобных выпадках выкарыстоўваецца таксама так званая адтэрмінаваная дыягностыка — вымярэнне якасці дзейнасці педагога праз пэўны прамежак часу пасля праходжання павышэння кваліфікацыі па прымяненні атрыманых у ходзе навучання ведаў і ўменняў, актуальных педагагічных тэхналогій.

Вынік такой зваротнай сувязі з’яўляецца падставай для карэкціроўкі зместу адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў, а таксама дапамагае вызначыць і арганізацыйна-педагагічныя ўмовы адукацыйнага працэсу. Установы адукацыі, якія рэалізуюць для педагагічных работнікаў адукацыйныя праграмы павышэння кваліфікацыі, у абавязковым парадку ажыццяўляюць маніторынг задаволенасці слухачоў, што дазваляе ўбачыць іх патрэбы, выявіць арганізацыйныя недахопы і аператыўна іх выкараніць. Звычайна гэта ажыццяўляецца з дапамогай анкетавання пасля завяршэння навучання. У лік паказчыкаў уваходзіць ацэнка дыдактычнага, навукова-метадычнага, матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння вучэбнага працэсу, форм, метадаў і прыёмаў арганізацыі заняткаў, эфектыўнасці педагагічных тэхналогій, якія прымяняюцца, ацэнка практычнай значнасці вучэбнага матэ­рыялу і яго актуальнасці.

— Што больш за ўсё матывуе нашых педагогаў на прафесійнае развіццё і ўдасканаленне?

— Ключавым складнікам адукацыйнага працэсу было і ёсць стаўленне самога слухача да вучэбнай дзейнасці. Наколькі адказным будзе жаданне педагога вучыцца, набываць новыя кампетэнцыі, пастаянна ўдасканальвацца, расці прафесійна, залежыць выніко­васць навучання. Залогам высокага прафесіяналізму з’яўляецца ўнутраная матываванасць, імкненне заставацца запатрабаваным у педагагічным асяроддзі, быць адказным, умець сканцэнтравацца на перспектыве і злабадзённых задачах, выхоўваць у сабе ўнутраны рэгулятар і прафесійную самадастатковасць.

Ключавым кампанентам у сістэме дадатковай адукацыі дарослых з’яўляецца асаблівае адукацыйнае асяроддзе як сукуп­насць умоў рэалізацыі педагагічнага працэсу. Якасць гэтага асяроддзя звязваецца з прымяненнем у навучанні дарослых педагагічных тэхналогій інтэнсіўнага педагагічнага ўзаема­дзеяння з апорай на прафесійную самарэфлексію, крытычную ацэнку існуючага практычнага вопыту, мадэляванне эфектыўных прафесійных стратэгій, прафесійнае ўзаемаабагачэнне. Відавочна, што ўсе гэтыя напрамкі істотна ўплываюць на прафесійны рост кіруючых работнікаў і спецыялістаў.

Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА