Што такое флэт і ўпіска? На што варта звярнуць увагу педагогам і бацькам, каб не прапусціць праблему з падлеткам

- 15:41Новости, Психолог в школе

Дарослым зразумець свет сучаснага падлетка бывае даволі складана. Нашы падросшыя дзеці часам размаўляюць паміж сабой на не зразумелай нам, а таму дужа падазронай мове. На што варта звярнуць увагу педагогам і бацькам, каб не прапусціць праблему, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала педагог сацыяльны сярэдняй школы № 5 Смаргоні Таццяна Калакольцава.

Два ў адным

Свой творчы і прафесійны шлях Таццяна Аляксандраўна пачала ў 2016 годзе яшчэ студэнткай выпускнога курса факультэта псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Работа педагогам, а менавіта педагогам-псіхолагам, прывабіла дзяўчыну яшчэ ў 11 класе: тады яна зацікавілася разуменнем іншых і сябе, узнікла імкненне аказаць падтрымку і дапамогу людзям. Педагогам-псіхолагам працавала сем гадоў у сярэдняй школе № 3 Смаргоні. Зараз Таццяна Калакольцава працуе на пасадзе педагога сацыяльнага ў сярэдняй школе № 5 Смаргоні, якую калісьці скончыла сама.

Вось такі Таццяна Аляксандраўна спецыяліст — два ў адным: педагог-псіхолаг і педагог сацыяльны. Хаця як можна сур’ёзна раздзяляць гэтую дзейнасць. Абедзве спецыяльнасці — пра дапамогу дзецям і сям’і, пра дзейнасць у камандзе на агульны вынік.

Адкрыць сябе

Сённяшняя наша размова з Таццянай Калакольцавай — пра свет сучасных падлеткаў, пра іх інтарэсы і памкненні, пра іх адкрытасць і адчужанасць.

— У сучасным свеце падлеткавы ўзрост — гэта той узрост, калі здараецца нейкае разлучэнне паміж дзяцінствам і дарослым жыццём, — пачынае Таццяна Аляксандраўна. — Гэта час, калі падлетку трэба сутыкнуцца з уласным унутраным светам, пашукаць сваё месца ў соцыуме і адкрыць у сабе ўласныя навыкі і захапленні. Гэта ўзрост хуткіх перамен у целе, у пачуццях, пазіцыях і ацэнках, адносінах з бацькамі і аднагодкамі. На такім этапе важна зразумець, якім стане гэты падлетак, якімі прынцыпамі будзе кіравацца і якім чалавекам вырасце.

Па меркаванні педагога сацыяльнага, адной з галоўных рыс сучаснага падлетка з’яўляецца пастаяннае імкненне да самавыяўлення і самасцвярджэння.

Падросшыя дзеці становяцца больш незалежнымі і маюць уласны пункт гледжання на ўсё. Важна дапамагчы ім раскрыць свой патэнцыял і стаць актыўнымі ўдзельнікамі сучаснага свету.

На этапе сталення могуць узнікаць і праблемы падлеткавага ўзросту: імкненне да прызнання з боку аднагодкаў і адпаведнасці ідэалам прыгажосці і поспеху, якія дыктуюцца сацыяльнымі сеткамі і масавай культурай, нізкая самаацэнка, нездаволенасць сваёй знешнасцю, нежаданне вучыцца, праблемы ў зносінах з аднагодкамі і дарослымі, з’яўленне шкодных звычак і інш.

Справіцца з душэўнай адзінотай

Таццяна Калакольцава працуе з навучэнцамі 1—11 класаў, педагогамі і баць­камі. Калі гаварыць афіцыйнай мовай, педагог сацыяльны ажыццяўляе комплекс мерапрыемстваў па абароне, выхаванні і развіцці навучэнцаў установы ў вучэбным калектыве, сям’і, соцыуме. Таксама спецыяліст забяспечвае сацыяльна-педагагічную падтрымку і дапамогу педагогам пры арганізацыі ўзаемадзеяння з навучэнцамі і іх бацькамі.

— У маёй практыцы работы педагога сацыяльнага асаблівае месца займае ўстараненне наступстваў негатыўнага ўплыву недабрабыту ў сям’і, аказанне дапамогі і падтрымкі непаўналетнім, — дзеліцца Таццяна Аляксандраўна. — Мая задача ў тым, каб папярэ­дзіць і ўстараніць паводзінскія парушэнні, а таксама своечасова выявіць сямейны недабрабыт і працаваць з такімі сем’ямі і з рознымі відамі дэвіяцыі падлеткаў. Вельмі часта да мяне звяртаюцца з цяжкасцямі ў камунікацыі паміж аднагодкамі, праблемамі ва ўзаемаадносінах, канфліктнымі сітуацыямі, адхіленнямі ў паводзінах навучэнцаў, з цяжкасцямі ў выбары прафесіі.

Роля сям’і і школы ў станаўленні дзіцяці відавочная. Калі ў сям’і бяда, гэта негатыўна ўплывае на развіццё дзіцяці. Напрыклад, ёсць дзеці, якія жы­вуць у няпоўных сем’ях. Для такіх сем’яў часам характэрны анамальныя ўнутрысямейныя адносіны: п’янства аднаго з бацькоў або абодвух, нявернасць у шлюбе, сямейна-бытавыя канфлікты. Усё гэта адчувальна дзейнічае на падлетка. Як правіла, у дзяцей у такіх сем’ях выяўляецца бясконцая душэўная адзінота.

Калі гаварыць пра дзяўчынак, то ім асабліва неабходны мацярынскі давер, увага і разуменне, упэўнена спецыяліст. Менавіта ў падлеткавым узросце дзяўчынцы асабліва важна, каб бацькі не забываліся пра сваю выхаваўчую ролю, што зараз, на жаль, бывае даволі часта. Такім падлеткам не толькі дома, але і ў школе даводзіцца цяжка (хаця б таму, што поспехамі яны звычайна не выдзяляюцца). Дамашні недабрабыт не спрыяе эфектыўнай вучобе дзіцяці. Калі падлетак не ў сілах справіцца з няўдачамі, калі дома яго чакаюць толькі штодзённыя папрокі і пакаранні, ён паступова аддаляецца і ад школы, і ад дому. Адчужанасць ад дарослых і аднагодкаў, душэўная адзінота, адсут­насць увагі і любові, адчуванне ўласнай непаўнавартасці — усё гэта падахвочвае падлетка шукаць тое кола, дзе цябе прызнаюць, тую жыццёвую пазіцыю, якая дазваляе лічыць сябе вышэй за астатніх.

Крыніца ведаў і небяспекі

Інтэрнэт і сучасныя тэхналогіі таксама адыгрываюць вялікую ролю ў жыцці сучаснага падлетка. Сацыяльныя сеткі і мабільныя тэлефоны сталі неад’емнай часткай дзіцячых зносін і спосабам самавыяўлення. Падлеткі ствараюць свае віртуальныя суполкі, знаходзяць новых сяброў і абменьваюцца думкамі і ідэямі. Акрамя таго, інтэрнэт стаў крыніцай інфармацыі і ведаў, што дапамагае падлеткам пашыраць свой кругагляд і развівацца.

— Ёсць у гэтым і негатыўны бок, калі ў асяроддзі падлеткаў набіра­юць папулярнасць так званыя ўпіскі і флэты, — перасцерагае педагог сацыяльны. — Падлеткі розных сацыяльных статусаў, якія паміж сабой не знаёмы, збіраюцца ў кватэрах, у тым ліку наёмных, на дачах. Абавязковая ўмова — адсутнасць бацькоў і прысутнасць алкагольных напіткаў. Флэт на маладзёжным слэнгу — месца для сустрэчы з начлегам. А слова “ўпіска” тлумачыцца як упісацца ў кампанію. Прынцыповай розніцы паміж гэтымі паняццямі няма. Напрыклад, каб дзяўчынкі ўпісаліся ў кампанію, больш разняволіліся, яны павінны быць у добрым настроі, фліртаваць з хлопцамі. Часта ў такія месцы, каб лягчэй было наладзіць зносіны, з сабой бяруць спіртное, вэйпы, ігральныя карты і інш. Так вечарынка, за якой не сочаць дарослыя, даволі хутка ператвараецца ў п’янку. Асабліва летам падчас школьных канікул, пакуль бацькі на рабоце ці на дачы.

Па словах Таццяны Аляксандраўны, падобныя мерапрыемствы могуць быць як для знаёмых паміж сабой падлеткаў, так і для незнаёмых паміж сабой асоб прыблізна 13—17 гадоў, у тым ліку і дарослых. Аб’ява аб падзеі размяшчаецца ў сацыяльных сетках, Telegram-каналах, Viber-чатах і інш. Праблема можа заключацца ў тым, што бацькам цяжка пракантраляваць, куды збіраецца дзіця. Такія мерапрыемствы часта ўтойваюцца ад бацькоў, што можа прывесці да негатыўных наступстваў у жыцці падлетка.

Бацькам варта больш дбайна кантраляваць тое, у якой кампаніі іх дзіця праводзіць час па-за домам, тым больш ноччу.

Як правіла, наступствы такіх вечарынак — гэта здзяйсненне непаўналетнімі правапарушэнняў і злачынстваў.

— Я лічу, упіскі не могуць скончыцца нічым добрым, бо на іх у асноўным збіраюцца падлеткі, выпіваюць, дэманстру­юць негатыўныя паводзіны. У Смаргонскім раёне, наколькі мне вядома, падобных выпадкаў за апошні час не было, аднак падлеткі могуць мець зносіны ў закрытых чатах, а коль­касць патэнцыяльных удзельнікаў вечарынак можа ўзрастаць. З боку бацькоў галоўнае — своечасова кантраля­ваць месцазнаходжанне і паводзіны дзяцей, — упэўнена Таццяна Калакольцава.

Цяпло бацькоўскай далоні

Бацькам падлеткаў неабходна забяспечыць занятасць дзіцяці, кантраляваць яго вольны час і кола зносін. Калі дзіця занятае, яму менш за ўсё хочацца здзяйсняць правапарушэнні. Забараніць падлеткам сустракацца немагчыма, але папярэдзіць іх аб небяспеках, якія могуць утойваць у сабе ўпіскі, татам і мамам трэба абавязкова. І перш за ўсё расказаць, што абсалютная большасць злачынстваў падчас такіх вечарынак учыняецца пад уздзеяннем алкаголю або забароненых рэчываў.

— Калі падлетак бачыць, што сітуацыя выходзіць з-пад кантролю, трэба неадкладна сабрацца і пайсці, — гаворыць педагог сацыяльны. — Навучыце дзяцей думаць і разумець наступствы іх дзеянняў. І яшчэ. Ваша дзіця павінна ведаць, што вы прыйдзеце яму на дапамогу ў любым выпадку. Дзецям важна, каб побач быў хаця б адзін дарослы, на якога можна спадзявацца. Пры сапраўды даверных адносінах падлетак раскажа вам, што едзе на вечарынку (упіску), а не прыдумае гісторыю пра начлег у сяброўкі ці сябра.

Зразумела, што далёка не ўсе падлеткі ходзяць на так званыя ўпіскі. Большасць паводзяць сябе па ўзросце: добра вучацца, наведваюць секцыі і гурткі, займаюцца спортам, рыхтуюцца выбраць прафесію і паступіць ва УВА або УССА.

— Больш за ўсё ў маёй прафесіі мяне радуе, калі пры рабоце з сям’ёй бачна станоўчая дынаміка, дзіцяча-бацькоўскія адносіны наладжваюцца, дзеці наведваюць мае заняткі і трэнінгі, адкрываюцца і давяраюць мне. За час работы імкнуся дасведчана і адказна падыходзіць да вырашэння пытанняў, заўсёды магу звярнуцца па кансультацыйную дапамогу да калег раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, — падагульняе Таццяна Аляксандраўна.

…Новы навучальны год пачынаецца праз тыдзень. Якім ён будзе для нашых дзяцей, напрамую залежыць ад нашай да іх увагі. Важна, каб падросшая дачка ці пасталелы сын хацелі ў вольны час заняцца любімай справай, а не ба­дзяцца па прасторах інтэрнэту з жаданнем знайсці месца ўпіскі.

Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара
Здымак на прэўю з сайта pixabay.com