Што такое сэлфі для моладзі

- 12:59Навіны рэгіёнаў

Вядома, што поспех заўсёды на баку тых, хто не баіцца рызыкі. Няхай сабе скептыкі хмураць бровы і чакаюць правалу тваёй ідэі, а ты сабе ідзі да мэты. Пасля ты атрымаеш асалоду. Не толькі ад таго, што спраўдзіліся чаканні, не таму, што ў знак захаплення табе паціскаюць руку. Галоўная асалода прыйдзе ад думкі, што ты дапамог камусьці, перад кімсьці адчыніў дзверы ў цікавы свет.

Аднойчы звычайная гомельская школа — сярэдняя школа № 9 — улілася ў міжнародны праект “Свет праз культуру”, заснаваны на ідэі сусветна вядомага рускага мастака, пісьменніка і грамадскага дзеяча М.К.Рэрыха. Рэрыхаўскі культурны рух існуе амаль стагоддзе, паспяхова развіваецца, а яго змест пастаянна пашыраецца. Вось чаму Ю.А.Бетанаў, прызначаны на пасаду дырэктара сярэдняй школы № 9 Гомеля ў 1997 годзе, адразу загарэўся жаданнем прыцягнуць сваіх вучняў да праекта. Гэта і пазнавальна, і вельмі добра ў плане выхавання. Так, у навучальнай установе была створана творчая група па распрацоўцы праекта, якой кіравала настаўніца прадмета “Сусветная мастацкая культура” Л.І.Канаваленка. У яе ўжо былі пэўныя педагагічныя напрацоўкі, якія і ляглі ў аснову мясцовага праекта. Хутка механізм запрацаваў, наладзілася цеснае супрацоўніцтва гомельскай школы са школамі Германіі і Польшчы. Навучэнцы з Гомеля пабывалі ў школе імя Гётэ, што ў нямецкім горадзе Эберсвальдэ. Яны сустракаліся з прадстаўнікамі Бундэстага, адміністрацыяй горада Эберсвальдэ, прадстаўнікамі прэсы, а таксама ўдзельнічалі ў калектыўных творчых справах, экскурсійных праграмах. А потым рыхтавалі праграму для нямецкіх сяброў, якіх прымалі ў сябе з візітам у адказ.
Праз дзесяць гадоў удзелу ў міжнародным праекце захацелася ўнесці ў яго нешта новае на мясцовым узроўні. Так быў пакладзены пачатак конкурсу навукова-даследчых вучнёўскіх работ на тэму “Свет праз культуру”, які ў далейшым стаў адным з галоўных навукова-даследчых конкурсаў сярод навучэнцаў школ і гімназій Чыгуначнага раёна Гомеля.
Чарговы конкурс быў прымеркаваны да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У васьмі секцыях свае першыя навуковыя работы прадстаўлялі хлопчыкі і дзяўчынкі з 6 па 11 клас з розных навучальных устаноў раёна. Прайшоўшы завочны этап конкурсу, на якім журы разглядала актуальнасць і цікавасць зместу вучнёўскіх даследаванняў, дзеці былі гатовы прадставіць іх шырокай аўдыторыі. Усяго абаранялася 65 навукова-даследчых работ, якія прадставілі 98 навучэнцаў з усіх устаноў адукацыі Чыгуначнага раёна Гомеля.
Трымаючы ў руках праграму конкурсу, губляешся. Адна справа, калі ты, скажам, настаўнік школьнага прадмета ці навуковец, які даследуе пэўную тэму. Тады ты лёгка вырашаеш, у якой секцыі застанешся ў ролі зацікаўленага слухача. А калі ты журналіст? Трэба стаць невідзімкай, каб ціха і непрыметна перабягаць з аднаго кабінета ў другі, з адной секцыі ў другую.
Ну хіба не ўзнікне жаданне паслухаць дзевяцікласніцу Настассю Галеню з сярэдняй школы № 50, якая разам са сваім навуковым кіраўніком К.В.Драздоўскай дасканала вывучала моўныя асаблівасці тэкстаў знешняй рэкламы абласнога цэнтра? А як вам тэма “Асаблівасці функцыянальнага становішча сардэчна-сасудзістай сістэмы і вегетатыўнага статусу ў падлеткаў”? На такое даволі сур’ёзнае даследаванне замахнуліся пры падтрымцы навуковага кіраўніка Л.А.Мельнікавай вучаніцы 9 класа сярэдняй школы № 25 Наталля Маскаленка і Лізавета Цянюта. Правільнае пытанне ў сваёй даследчай рабоце ўзняў навучэнец 8 класа сярэдняй школы № 45 Аляксей Збіцкі: чаму сярод назваў гомельскіх вуліц няма назвы з імем знакамітага гомельскага архітэктара Станіслава Шабунеўскага, якому абласны цэнтр абавязаны многімі прыгожымі будынкамі, сярод якіх, дарэчы, былая мужчынская гімназія, а зараз — корпус Беларускага ўніверсітэта транспарту?
Вельмі важна, што ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў конкурсе як дзеці, так і іх настаўнікі шукалі сур’ёзныя, ёмістыя тэмы. І нават, здавалася б, сумныя лічбы адзінаццацікласнік Раман Гузнянок з сярэдняй школы № 25 разам з зацікаўленым навуковым кіраўніком Т.Л.Рэбік ператварылі ў захапляльнае творчае даследаванне пад назвай “Матэматыка і дызайн”.
“Мастацтва і грамадства” — адна з аблюбаваных школьнікамі секцый. Гэта і не дзіўна, бо менавіта тут можна разгарнуцца са сваімі тынэйджарскімі тэмамі. “Байк — сэнс жыцця любога матацыкліста” — даказвала слухачам дзевяцікласніца сярэдняй школы № 12 Аліна Капаева. Гэтую незвычайную тэму даследчай работы з задавальненнем падтрымала яе настаўніца Н.Л.Канавалава. А вось вучаніцу 10 класа сярэдняй школы № 44 Яраславу Сакалову і яе навуковага кіраўніка А.А.Таруціс зацікавіла сэлфі. Яны разглядалі яго як фактар праяўлення маладзёжнай культуры.
Увогуле, кожная работа была па-свойму цікавай, і было відавочна, што юныя даследчыкі добрасумленна працавалі над абранымі тэмамі. А іх сур’ёзныя адносіны да конкурсу прыводзяць да разумення, чаму ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму Чыгуначнага раёна Гомеля “Свет праз культуру” ставяць вышэй за мноства іншых мясцовых конкурсаў і спаборніцтваў.
— Паглядзіце, як гараць вочы ў гэтых юных даследчыкаў, — сказала начальнік аддзела І.Р.Казімірава. — Значыць, у іх ёсць вялікі інтарэс да навукі, да творчасці. Магчыма, менавіта наш раённы конкурс паклаў пачатак іх будучай навуковай дзейнасці. Заўтра яны пойдуць са сцен школы ў дарослае жыццё, і набытыя веды, уменне правільна гаварыць, разуменне навуковай этыкі і традыцый, несумненна, адчыняць перад імі дзверы ў будучыню.

Наталля ЛУТЧАНКА.