Што трымае паспяховых праграмістаў у Беларусі?

- 17:12Рознае, Якасць адукацыі

Днямі ў Парку высокіх тэхналогій адбылася сустрэча з абітурыентамі, якія збіраюцца паступаць ва ўніверсітэты на ІТ-спецыяльнасці. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел больш за 400 школьнікаў з усёй краіны, у тым ліку з Мінска, Оршы, Ліды, Наваполацка і іншых гарадоў.

Мерапрыемства праходзіла ў бізнес-інкубатары Парка высокіх тэхналогій, што само па сабе сімвалічна. У абітурыентаў была магчымасць задаць пытанні дырэктару адміністрацыі ПВТ Валерыю Цапкалу, першаму намесніку міністра адукацыі Вадзіму Богушу, дэканам ІТ-факультэтаў вядучых універсітэтаў краіны і дырэктарам кампаній — рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій.

Дзе працаваць: у Беларусі ці на Захадзе?

Дзеці, якія прыехалі ў ПВТ, аказаліся няпростымі. Яны ўжо практычна вызначыліся і са спецыяльнасцямі, і з універсітэтамі, куды будуць паступаць. І яны ўжо айцішнікі, хай сабе і будучыя. Парк высокіх тэхналогій — гэта іх праграма-максімум на найбліжэйшы час. А таму пытанні, якія яны задавалі, былі вельмі канкрэтнымі і з прыцэлам на перспектыву.

• Чаго не хапае выпускнікам універсітэтаў, чые спецыяльнасці звязаны з ІТ, для работы ў Парку высокіх тэхналогій?

— Штогод мы ствараем 3 тысячы рабочых месцаў, трэць з якіх запаўняецца студэнтамі ўніверсітэтаў, — паведаміў дырэктар адміністрацыі ПВТ Валерый Цапкала. — Пры гэтым, па нашых ацэнках, па ІТ-спецыяльнасцях у краіне выпускаецца каля 6 тысяч чалавек. Такім чынам, мы бяром лепшых, і я не чуў, што хтосьці прыйшоў працаваць у кампанію і чагосьці не ведае або не робіць. Нашы кампаніі ствараюць ва ўніверсітэтах сумесныя лабараторыі, адкрываюць філіялы кафедр на сваёй базе і г.д. І тыя студэнты, якіх мы прымаем на работу ў Парк, ужо маюць вопыт практычнай работы і разумеюць патрабаванні.

Тэхналогіі зараз вельмі хутка мяняюцца, таму дырэктары кампаній ужо не патрабуюць ад саіскальнікаў ведання розных моў праграмавання (усё гэта можна хутка вывучыць). Галоўнае — ведаць базіс: матэматыку, фізіку, тэорыю імавернасцей, асновы алгарытмізацыі і праграмавання і г.д.

• Як ІТ-спецыялісты прымяняюць фізіку ў сваёй рабоце?

— Я толькі што вярнуўся з Крэмніевай даліны (ЗША) і скажу, што будучыня індустрыі, калі мы гаворым пра высокааплатную работу, — не проста ў распрацоўцы праграм, а ў стварэнні канкрэтнага прадукту, — заявіў намеснік дырэктара адміністрацыі ПВТ Аляксандр Марцінкевіч. — І без фізікі, без разумення фізічных працэсаў цяжка стаць паспяховым. А калі ў вас будзе фізічны бэкграўнд, на які накладваецца матэматыка, бізнес-адміністраванне і іншыя дадатковыя кампетэнцыі, вы будзеце ў значна больш выйгрышнай сітуацыі, чым тыя, хто ведае адно толькі праграмаванне ці адну матэматыку. Хачу заўважыць, што пятая частка найбольш паспяховых дырэктараў нашых кампаній вывучалі ва ўніверсітэтах фізіку.

На Захадзе зарплаты ў праграмістаў намнога большыя, чым у нас. І што, скажыце, павінна трымаць мяне ў Беларусі, чаму я павінен тут заставацца?

— Сярэдняя зарплата ў Парку высокіх тэхналогій на сённяшні дзень складае 2 тысячы долараў ЗША, і гэта пры тым, што сярэдні ўзрост нашых супрацоўнікаў — 27 гадоў, — паведаміў Валерый Цапкала. — На Захадзе зарплата лічыцца не так, як у нас. Там, калі вам абяцаюць 5 тысяч долараў, гэта значыць, што ў канцы года палову гэтых грошай (51%) вы павінны будзеце заплаціць дзяржаве ў якасці падаткаў. (У нас адказнасць за выплату падаходнага падатку ляжыць на работадаўцы, а ў Еўропе, ЗША і Канадзе яна ўскладзена індывідуальна на асобу.)

Безумоўна, кожны чалавек сам вырашае, дзе жыць і працаваць. Але ў Крэмніевую даліну едуць тыя, хто гуляе ў найвышэйшай лізе. Калі ж вы паедзеце туды звычайным супрацоўнікам, то стандарты і якасць жыцця ў вас будуць горшымі, чым вы можаце мець у Беларусі з нашымі зарплатамі. Нават з зарплатай у 2—3 разы большай, чым у нас, у Крэмніевай даліне вы будзеце самым бедным. Маладыя айцішнікі, якія спрабуюць выбудоўваць сваё жыццё тут, атрымліваюць такую зарплату, з якой яны адчуваюць сябе ў Беларусі вельмі ўпэўнена.

7

Найбольш запатрабаваныя ў ПВТ спецыяльнасці ў 2015 годзе

• Аўтаматызаваныя сістэмы
апрацоўкі інфармацыі;
• Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі;
• Інжынерна-псіхалагічнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій;
• Інфарматыка;
• Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання;
• Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі;
• Інфармацыйныя тэхналогіі і кіраванне ў тэхнічных сістэмах;
• Штучны інтэлект;
• Камп’ютарная бяспека (матэматычныя метады і праграмныя сістэмы);
• Матэматыка;
• Менеджмент;
• Прыкладная інфарматыка;
• Прыкладная матэматыка;
• Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій;
• Прамысловая электроніка;
• Радыёфізіка;
• Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі;
• Эканамічная інфарматыка;
• Эканамічная кібернетыка.

• Ці здольна Беларусь канкурыраваць у ІТ-галіне з іншымі краінамі свету?

— Менавіта ў сферы ІТ Беларусь і знаходзіцца на сусветным узроўні, — заўважыў Валерый Цапкала. — Я кажу гэта не для таго, каб пахваліць сваё. Справа ў тым, што ў інфармацыйных тэхналогіях вы можаце набыць камп’ютар коштам 1,5 тысячы долараў ЗША — і вы ўжо гэтак жа тэхнічна аснашчаны, як супрацоўнік Microsoft ці Google. Калі гаварыць, напрыклад, пра мікраэлектроніку ці лазерныя тэхналогіі, то там кошт адной лабараторыі будзе дзясяткі мільёнаў долараў. Ні ў аднаго беларускага прадпрыемства няма сёння сродкаў, каб закупіць такую лабараторыю для правядзення даследаванняў і распрацовак.

Мы асэнсавана выбралі інфармацыйныя тэхналогіі як той прарыўны напрамак, дзе можна канкурыраваць з іншымі краінамі выключна ўласнымі мазгамі. І калі ў вас ёсць галава, вы здольны сфармуляваць цікавую бізнес-ідэю, рэалізаваць тую ці іншую праграму, тады вы можаце дасягнуць надзвычай высокага ўзроўню.

Нездарма аналітычныя агенцтвы ў галіне ІТ уключаюць Беларусь у дзясятку самых развітых краін рэгіёна Еўропы, Цэнтральнай Еўразіі і Афрыкі ў галіне інфармацыйных тэхналогій. А па экспарце ІТ-прадукцыі на душу насельніцтва мы ўжо абышлі ЗША, Індыю, Паўднёвую Карэю і многія іншыя краіны. Гэта, безумоўна, сведчыць пра той узровень, якога мы дасягнулі.

Вучыцца складана, але цікава

Дэканы факультэтаў, дзе ёсць ІТ-спецыяльнасці, з вядучых універсітэтаў таксама адказалі на пытанні абітурыентаў. Дарэчы, у нашай краіне падрыхтоўку спецыялістаў у галіне інфармацыйных тэхналогій вядуць 23 факультэты.

Валерый Прыткоў, факультэт камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР:

— ІТ-галіна не такая простая ў асваенні, а таму вам давядзецца не толькі вучыцца ва ўніверсітэце, але і займацца самаадукацыяй. Большасць нашых студэнтаў ужо з 3 курса пачынаюць працаваць, у тым ліку ў кампаніях Парка высокіх тэхналогій. Ад гэтага вучыцца становіцца яшчэ складаней. Трэба паспяваць і ва ўніверсітэце, і на рабоце.

Леанід Шылін, факультэт інфармацыйных тэхналогій і кіравання БДУІР:

— Насамрэч, тым студэнтам, хто паступае з 300 баламі і вышэй, вучыцца не так ужо і складана. Нядаўна я сустракаўся з першакурснікамі, і адна са студэнтак на пытанне, як ёй даецца вучоба, адказала: “Пасля школы ў нечым нават і проста”. Чаму так, няўжо мы мала патрабуем? “Проста ва ўніверсітэце я вывучаю тыя дысцыпліны, якія мне цікавыя”, — заўважыла студэнтка. Таму тым, хто жыве ідэяй ствараць штосьці новае, прыдумляць свае канструкцыі, устройствы, праграмы, не варта баяцца цяжкасцей. Яны справяцца.

Сяргей Малы, факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ:

— Многіх абітурыентаў цікавіць тое, якімі ў іх будуць зарплаты, чым яны будуць займацца пасля заканчэння ўніверістэта, аднак сёння ніхто са стапрацэнтнай гарантыяй не можа сказаць, што канкрэтна будзе запатрабавана праз пяць гадоў, не кажучы ўжо пра больш аддаленую будучыню. Але абсалютна дакладна будуць запатрабаваны спецыялісты з фундаментальнай падрыхтоўкай: не проста праграмісты ці электроншчыкі, а людзі з комплекснай адукацыяй і па матэматыцы, і па фізіцы, і па інфарматыцы, і па электроніцы. Гэта тая база, якая дазволіць спецыялістам пастаянна вучыцца, удасканальвацца і, дзякуючы гэтаму, вырашаць самыя складаныя і нестандартныя задачы.

Парку высокіх тэхналогій —10 гадоў!

Дзесяць гадоў назад, 1 чэрвеня 2006 года, у Парку высокіх тэхналогій былі зарэгістраваны першыя рэзідэнты.

Сёння тут працуюць ужо 152 кампаніі, у якіх задзейнічана 25 тысяч ІТ-спецыялістаў. Пры гэтым штогод у ПВТ ствараецца каля 3 тысяч новых рабочых месцаў.

За 10 гадоў, што працуе Парк высокіх тэхналогій, экспарт камп’ютарных праграм з Беларусі вырас амаль у 50 разоў і склаў у мінулым годзе амаль 800 млн долараў ЗША. Мабільнымі дадаткамі, распрацаванымі ў нашай краіне, карыстаецца больш за 900 мільёнаў чалавек у 160 краінах.

“Я ганаруся нашымі дырэктарамі, маладымі, энергічнымі, адукаванымі, крэатыўнымі. Я ганаруся нашымі праграмістамі, якія з году ў год удасканальваюцца, — гаворыць дырэктар ПВТ Валерый Цапкала. — Менавіта дзякуючы ім і стаў магчымы поспех Парка высокіх тэхналогій. Менавіта дзякуючы іх талентам і намаганням стала магчымым з’яўленне, станаўленне і развіццё новай галіны ў Беларусі — распрацоўкі камп’ютарных праграм”.

Дзмітрый Мядзведзеў, механіка-матэматычны факультэт БДУ:

— Жыццё — гэта марафон, і, каб быць да яго гатовым, трэба менавіта зараз, пакуль ёсць сілы, здароўе і, што хаваць, дапамога бацькоў, атрымаць добрую адукацыю, якая будзе вас карміць усё жыццё. Калі хтосьці стаміўся ад школьнай алгебры і геаметрыі, то хачу сказаць, што мехмат — гэта іншае. У нас прадстаўлены ўвесь спектр матэматыкі — ад фундаментальнай да стварэння канкрэтных праграм для розных устройстваў, механіка — ад праектавання і сачэння за касмічнымі аб’ектамі да падземных выпрацовак і, натуральна, ІТ-тэхналогіі.

На механіка-матэматычным факультэце 15 гадоў выдаюцца сумесныя магістарскія дыпломы з Магдэбурскім універсітэтам (Германія). Такая спецыяльнасць, як “Камп’ютарная матэматыка”, развіваецца менавіта ў міжнародным супрацоўніцтве.

А траекторыю навучання студэнт выбірае сам. Той, хто вучыцца на 8 балаў і вышэй, можа мяняць спецыяльнасці на факультэце хоць кожны семестр.

Яўген Трафіменка, факультэт інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ:

— У нас ёсць як чыста праграмісцкія спецыяльнасці, так і тыя, якія на першы погляд падаюцца некамп’ютарнымі, але іх выпускнікі ўмеюць ператвараць віртуальную рэальнасць у рэчаіснасць.

Дарэчы, наш факультэт калісьці першым у Савецкім Саюзе пачаў рыхтаваць спецыялістаў па робататэхніцы, і многія вядучыя ўніверсітэты на першым часе пазычалі ў нас вучэбныя планы і праграмы. Робататэхніка — сур’ёзная спецыяльнасць, якая ўключае ў сябе не толькі праграмаванне, але і механіку, электроніку. Гэта тое, што будзе вызначаць развіццё вытворчасці і тэхналогій у будучыні.

А што кажуць практыкі?

Аляксандр Лінд, дырэктар кампаніі “Артокс лаб”:

— Свет мяняецца з неверагоднай хуткасцю, таму ўсё, што вы сёння ведаеце пра гэты свет, вашы каштоўнасці і перакананні праз некалькі гадоў амаль цалкам зменяцца. Вельмі важна ўсвядоміць гэта і зразумець: усё, што патрэбна рабіць у такім зменлівым свеце, — пастаянна вучыцца.

Як толькі вы падумаеце, што ўсё ведаеце, — гэта канец, які будзе азначаць, што вы безнадзейна ўстарэлі. Змены накрыюць вас з галавой, і вы нічога не зможаце з гэтым зрабіць.

Помніце, што самі па сабе вы не ўяўляеце нічога, якімі б разумнымі, моцнымі, прыгожымі вы сабе ні здаваліся. Вы нічога не варты без тых людзей, якія вас акружаюць. Таму трэба шукаць калектыў, дзе вам цікава, цаніць свае сем’і і тых людзей, якія знаходзяцца побач, не раскідвацца імі. У жыцці бываюць розныя сітуацыі, і хутчэй за ўсё вам спатрэбіцца іх дапамога. Толькі разам з іншымі людзьмі вы моцныя і здольны зрабіць штосьці сапраўды значнае.

Калі гаварыць пра выбар прафесіі, то я не ведаю, што канкрэтна будзе запатрабавана праз пэўны час. Таму зазірніце перш за ўсё ўнутр сябе, распазнайце, кім вы з’яўляецеся і што вам падабаецца рабіць. У жыцці трэба рабіць тое, да чаго ляжыць душа.

Марына Корсун, дырэктар кампаніі “Белка Геймз” (дарэчы, выпускніца матэматычнага факультэта педагагічнага ўніверсітэта):

— Будучыя спецыялісты павінны быць гатовымі пастаянна вучыцца. Зараз столькі інфармацыі, што засвоіць яе проста немагчыма, таму працэс спасціжэння новага павінен быць пастаянным.

Людзям трэба быць гатовымі да таго, што неабходна шмат працаваць. 8 гадзін працы на дзень сёння недастаткова. Каб стаць добрым спецыялістам, патрэбна выдаткоўваць на работу значна больш часу.
Дарэчы, у нас ёсць вельмі добрыя спецыялісты, якія так і не скончылі ўніверсітэт, ёсць шмат студэнтаў. Безумоўна, было б добра, калі б яны атрымалі дыпломы, але гэта не з’яўляецца абавязковай умовай для работы ў кампаніі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.