Што ты ведаеш пра Беларусь?

- 12:30Дашкольная адукацыя

Выхоўваць маленькіх дзетак сапраўднымі беларусамі можна, калі мы закранём душу дзіцяці добрай песняй, мудрым словам, вясёлай забаўлянкай, сакавітай прыказкай, яскравай прымаўкай, цікавай загадкай, павучальнай казкай, старой легендай, радасным святам.

Менавіта фальклор змалку ўваходзіць у дзіцячае жыццё на прыкладзе знаёмых вобразаў, праз нескладаныя сюжэты выхоўвае веру ў дабро, справядлівасць, раскрывае маральна-этычныя погляды беларусаў, дае магчымасць прывіць любоў і павагу да роднага слова. Сваю работу я пачынаю ў першай малодшай групе з азнаямлення дзяцей з калыханкамі. Прызначэнне калыханак — супакоіць, усыпіць дзіця. Гэта дасягаецца за кошт напеўнасці, пяшчотных гукаперайманняў. Любімы вобраз калыханкі — коцік-варкатун. Вось самыя распаўсюджаныя сюжэты: “Ходзіць каток па сяле, носіць сон у кашале”, “Ходзіць каток па вароцях у чырвоненькіх чабоццях”, “А ты, коця, не вурчы”, “А-а, люлі-люлі, спаць”, “Люлі-люлі, прыляцелі гулі”. Іншае, чым у калыханак, прызначэнне ў забаўлянак, пацешак: развесяліць, падтрымаць у дзіцяці радасныя эмоцыі ў час гульні. Спачатку вучу дзяцей пляскаць у далоні, а потым яны самі пляскаюць, як толькі пачуюць “Ладкі”. Пры гэтым у іх хутка развіваецца каардынацыя рухаў, пачуццё рытму. Унікальная сярод забаўлянак — гульня з пальчыкамі “Сарока-варона”, дзе пальчык-хлопчык не атрымлівае кашкі, таму што нічога не рабіў. Калыханкі і забаўлянкі, якія дарослыя ствараюць для малых, узніклі ў непасрэднай сувязі з народнай педагогікай. Гэта першыя эстэтычныя ўрокі ў разумовым, працоўным, маральным і фізічным развіцці дзяцей.

У другой малодшай групе дапамагаю дзецям пазнаваць навакольны свет, усвядоміць сябе часткай сацыяльнага асяроддзя (сям’і, дзіцячай групы), грамадства. У гэтым напрамку арганізоўваюцца назіранні за рэчамі, прыроднымі аб’ектамі, з’явамі, якія суправаджаюцца пацешкамі, забаўлянкамі: “Сонейка-сонца, залатое донца, не хавайся ў бары, а гары, гары!”, “Кукарэку — певунок, залаценькі чубок, пад паветачку пайшоў, курку-рабку там знайшоў”, “Дожджыку нам трэба, каб было больш хлеба”і інш. На прагулках дзеці назіраюць за прыгажосцю роднай прыроды, агучваюць забаўлянкі “Гушкі, гушкі, гушкі, прыляцелі птушкі”, пацешкі “Смоўжык, смоўжык, дзе твае рожкі?”, заклічкі “Дожджык, дожджык, сыпані, спёку з поля прагані” і г.д. У час арганізаваных гульняў вучу дзяцей арыентавацца ў найбліжэйшым асяроддзі, знаходзіць рэчы, названыя выхавальнікам па-беларуску (гульні “Пачастуем ляльку”, “Апранем ляльку на прагулку”, “Ветлівыя словы” і інш.), падводжу дзяцей да самастойнага выкарыстання гэтых слоў. У час знаёмства з раслінным і жывёльным светам Беларусі разглядаем серыі малюнкаў “Жывёлы Беларусі”, “Расліны Беларусі”, гэты працэс суправаджаецца зачытваннем яскравых прыкладаў з твораў вуснай народнай творчасці “Бег зай па бару, абіраў лебяду”, “Снегіры, сінічкі, наце вам пшанічкі” і г.д. З мэтай фарміравання першапачатковага пачуцця этнічнай прыналежнасці ў дзяцей праводжу гутаркі “Я — беларус”, “Наш горад Магілёў” з выкарыстаннем нагляднага матэрыялу. Выхаванцы разглядаюць і абыгрываюць вырабы народных рамёстваў (ручнік, лапці, пеўнік-свістулька, гарлачык і інш.). Дзеці малодшай групы заўсёды з’яўляюцца гледачамі падчас правядзення ў дашкольнай установе народных свят “Каляды”, “Гуканне вясны”, “Масленіца”.

Вялікае значэнне ў выхаваўчай рабоце з дзецьмі сярэдняй групы надаю рабоце з народнай казкай, дзе шырока ўжываюцца эпітэты, параўнанні (“каток — залаты лабок, срэбранае вушка, залатая шарсцінка”). Дзеці знаёмяцца з казкамі пра жывёл, дзе жывёлы выступаюць носьбітамі пэўных якасцей, якія ўласцівы чалавеку (“Зайкава хатка”, “Як курачка пеўніка ратавала”, “Каза-манюка”). У рабоце з выхаванцамі таксама шырока выкарыстоўваю загадкі, якія распавядаюць пра раслінны і жывёльны свет, пра чалавека, і служаць добрым сродкам фарміравання паважлівых адносін да прыроды. Знаёмства са старадаўнім адзеннем, прадметамі побыту, інтэр’ерам сялянскага жылля, дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам народа праводжу ў беларускай сялянскай хаце, зробленай у нашай дашкольнай установе. Тут дзеці могуць непасрэдна ўбачыць, дакрануцца да прадметаў народных майстроў, зробленых з гліны, саломы, ільну, прыняць удзел у гутарцы на роднай мове “Дзе жывуць твае бабуля і дзядуля?”, “Любімыя стравы ў вашай сям’і”. Падчас гутаркі шмат увагі ўдзяляю ўзбагачэнню слоўніка дзяцей назвамі прадметаў асяроддзя (прасніца, кросны, куфар, збаны, гарлачыкі і г.д.), іх якасцей, дзеянняў, правільнаму вымаўленню спецыфічна беларускіх гукаў.

Першаасновай народнай педагогікі з’яўляецца культ працы, умелых рук і разумення чалавекам свайго месца ў прыродзе. На занятках выкарыстоўваю адпаведныя прыказкі, прымаўкі, казкі, беларускія народныя гульні (“А мы проса сеялі”,“Сонейка”, “Лянок” і інш.), якія імітуюць сельскагаспадарчыя працэсы. Арганізую таксама гульні “Магазін”, “Будоўля”, “Горад майстроў”, гульні-забавы “Запрашаем на вячоркі”.

У старшай групе ў большай ступені фармірую ў дзяцей устойлівую цікавасць і станоўчыя адносіны да беларускай мовы, жаданне авалодаць ёю на занятках па развіцці маўлення, на працягу беларускамоўнага дня, падчас тэматычных вечарын. Пашыраю ўяўленні дзяцей аб прыналежнасці кожнага чалавека да сваёй нацыянальнасці, знаёмлю іх з этнічнымі прыметамі жыхароў нашай рэспублікі, лепшымі якасцямі свайго народа (дабрыня, спагадлівасць, працавітасць, сумленнасць, талерантнасць), яго мовай. Дзеці пашыраюць слоўнікавы запас, вучацца падбіраць сінонімы, антонімы, адпрацоўваюць правільнае вымаўленне спецыфічна беларускіх гукаў. Працягваю работу па пашырэнні ўяўленняў дзяцей пра родны горад (заняткі “Мой родны горад”), яго мінулае, пра людзей. З гэтай мэтай выкарыстоўваю легенды і паданні (“Легенда пра Машэку” і інш.). На занятках па музычным выхаванні знаёмлю выхаванцаў з асаблівасцямі беларускай народнай музыкі, народнымі музычнымі інструментамі, народным тэатрам “Батлейка”. Дзеці з задавальненнем спяваюць забаўлянкі: “Чэ-чэ-чэ, сарока”, “Мышка, мышка, дзе была?”; песні: “Верабейчык”, “Вазьму я казла ды за рожачкі”, “Го-го-го, каза” і інш. Творы вуснай народнай творчасці становяцца асновай для гульні-драматызацыі. Праводзяцца інсцэніроўкі па беларускіх народных казках (“Як курачка пеўніка ратавала”, “Сынок з кулачок” і інш.), дзеці прымаюць актыўны ўдзел у народных святах, якія ўвабралі ў сябе народныя звычаі і абрады. Вельмі весела і цікава праходзяць народныя святы “Каляды”, “Масленіца”, “Гуканне вясны”.

Вынікам маёй работы з дзецьмі стаў рукапісны альбом “Беларускія народныя загадкі” з дзіцячымі малюнкамі. Не засталіся абыякавымі да маёй работы і бацькі выхаванцаў. Яны былі актыўнымі ўдзельнікамі віктарыны “Што ты ведаеш пра Беларусь?”, дапамагалі ў падрыхтоўцы фальклорных свят, удзельнічалі ў творчым конкурсе “Радавое дрэва” і “Беларускія нацыянальныя стравы”.

Наталля ЗАСІМОВІЧ,
выхавальніца ясляў-сада № 70 Магілёва.