Што вабіць хлопчыкаў і загартоўвае характар

Праблема патрыятычнага выхавання моладзі актуальная як ніколі: усё больш юнакоў раўнадушна ставіцца да паняццяў воінскага гонару і патрыятызму. Каб хлопчыкі раслі сапраўднымі абаронцамі айчыны, Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт” Бабруйска ўжо шосты год запар арганізоўвае ваенна-патрыятычны летнік “Юны патрыёт”.

З 16 па 25 чэрвеня 25 навучэнцаў сярэдніх школ Першамайскага раёна Бабруйска, сярод якіх нямала падлеткаў, што стаяць на розных відах уліку, трапілі ў вайсковую частку № 20392. Так пачалося знаёмства з вайсковай службай. Штодзённы пад’ём у 7.30, ранішняя зарадка, сняданак у кафэ “Авіятар”, а далей — страявая падрыхтоўка, чыстка аўтамата, заняткі па радыёсувязі, знаёмства са сродкамі індывідуальнай хімічнай абароны, вывучэнне статута, вайсковага права, гісторыі ваеннай справы, навядзенне парадку ў казарме. Была ў хлопчыкаў і магчымасць пагуляць у ваенныя гульні “Лазартаг”, “Зарніца”, “Дыверсант”. Для іх правялі экскурсію на аэрадром, кантрольна-дазорны пункт, школьнікі даследавалі палігон і акопы.

Для хлопцаў усё было сур’ёзна, і яны пражылі гэтыя дзевяць ваенных дзён з поўнай аддачай. Такая форма арганізацыі летняй занятасці спрыяе яднанню калектыву, выхаванню дысцыпліны і ўзаемнай дапамогі — словам, дапамагае выхоўваць надзейных абаронцаў Айчыны.

Е.Г.ЧАБАТАРОВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт” Бабруйска.