Штодзень на крок вышэй

- 9:00Людзі адукацыі

Больш за дваццаць гадоў назад настаўнік фізічнай культуры з Веткі Яўген Бяляцкі захапіўся турызмам. Скалалажанне прыйшло ў яго жыццё заканамерна — як магчымасць не прыпыняць актыўныя трэніроўкі з дзецьмі ў нетурыстычны сезон. Да таго ж натхніўся вопытам апантанага гомельскага спартсмена-скалалаза Валерыя Глыбаўцава, які да нядаўняга часу працаваў у гомельскім абласным цэнтры турызму і краязнаўства.

Веткаўчанін Яўген Бяляцкі пасля заканчэння ГДУ імя Ф.Скарыны быў размеркаваны ў школу № 1, дзе працуе і сёння. Падтрымка родных, якія сталі для яго калегамі, вельмі важная. Цяпер побач — жонка, настаўніца беларускай мовы Людміла Лапіцкая, і сын, настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Аляксандр Лапіцкі, які доўгі час займаўся турыстычна-прыкладным мнагаборствам. Малодшы сын Арцём таксама займаўся спартыўным скалалажаннем. На яго рахунку перамогі ў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Зараз пайшоў па шляху старэйшага брата — вучыцца ў ГДУ імя Ф.Скарыны.

Яўген Бяляцкі ўзгадвае гісторыю свайго захаплення скалалажаннем і гаворыць, што з самага пачатку работы ў школе арганізоўваў водныя турыстычныя паходы, выязджаў з дзецьмі на абласныя турзлёты:

— Прыкладна ў 1999 годзе Валерый Маратавіч Глыбаўцаў прапанаваў нам паўдзельнічаць у абласных спаборніцтвах па скалалажанні, на якія мы з вучнямі прыехалі зусім непадрыхтаванымі. Зразумела, вынікаў не было, але дзецям вельмі спадабалася, яны былі ўзрушаны гэтым. Ім цікава было паглядзець, як хутка і лёгка равеснікі лазяць па вертыкальных сценках, а ў мяне ўзнікла жаданне арганізаваць у сваей школе такія заняткі. Так мы і ўцягнуліся.

Сёння ў аб’яднанні па інтарэсах па турызме і спартыўным скалалажанні займаюцца 15 чалавек. Дзеці рознага ўзросту, не толькі са школы № 1, але і з мясцовай гімназіі. Калега, намеснік дырэктара веткаўскай школы № 1 імя А.Грамыкі Вольга Гаспадура, зазначае, як важна, што дзеці круглы год заняты, ходзяць у гурток на працягу ўсіх гадоў вучобы.

— Таму зараз і вынікі ёсць: тры кандыдаты ў майстры спорту, — Вольга Аляксееўна адзначае, што школе ёсць чым ганарыцца. — Штогод нашы навучэнцы займаюць прызавыя месцы на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Яны нашу школу праслаўляюць на ўзроўні рэспублікі — а гэта прэстыжна. Скаладром Яўген Аляксандравіч пабудаваў некалі з нуля. Ён праявіў такую ініцыятыву, і наша ўстанова адукацыі яго падтрымала. Мы ні дня не пашкадавалі, што ў нас ёсць такі скаладром, такі педагог і такі ўнікальны напрамак.

У спартыўнай зале школы ўсталяваны трэнажор для лажання. Спачатку гэта была вертыкальная сценка, потым настаўнік яе значна ўдасканаліў. На сённяшні дзень у распараджэнні юных веткаўскіх скалалазаў ёсць усе асноўныя прылады для пачатковай падрыхтоўкі. Па меры росту майстэрства навучэнцаў пастаянна патрабуецца ўскладняць тэхніку лажання і абсталяванне.

— Асаблівая ўвага ўдзяляецца тэхніцы бяспекі: як апранаць страховачную сістэму і захоўваць бяспеку пры лажанні, правільна завязваць вузлы, куды прышпільваць карабін. Важна, каб усё было бяспечна. Таму ўсё абсталяванне прахо­дзіць праверку. Сыны Аляксандр і Арцём былі заўсёды аднымі з першых, хто дапамагаў уладкоўваць абсталяванне і апрабоўваў яго на трываласць. Дарэчы, я нясу адказнасць за дзяцей. Пастаянна бываю на адпаведных курсах і ўдасканальваюся ў тым ліку ў гэтым напрамку.

Між тым нікога не прымушаю займацца экстрэмальным відам спорту. Добрую рэкламу робіць вяровачны гарадок на бярозах каля школы. Ён заўважны здалёк, калі едзеш па цэнтральнай вуліцы Кастрычніцкай у Ветцы на машыне. Тут звычайна праходзяць дні здароўя, — гаворыц­ь настаўнік.

Ёсць некалькі відаў скалалажання — на цяжкасць, на хуткасць і баўлдэрынг — выкананне серыі кароткіх вельмі складаных трас. Навучэнцы Яўгена Бяляцкага спрабуюць розныя віды і дасягаюць поспехаў. Нарматыў майстра спорту пакуль ніхто не выканаў, але двое выканалі на першы дарослы разрад, а трое сталі кандыдатамі ў майстры спорту: Максім Асіпенка, Ігар Чараваценка і Павел Залатароў. Дададзім, што Глеб Лапухоў, юны скалалаз, выпускнік школы № 1, атрымаў дыплом II ступені па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе” на абласной алімпіядзе.

— Мае выхаванцы на працягу ўсяго навучальнага года выступаюць на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, займаюць прызавыя месцы і становяцца пераможцамі, — ганарыцца настаўнік фізкультуры. — Да кожнага на працягу трэніровак шукаеш індывідуальны падыход. Між тым удзельнікі аб’яднання па інтарэсах — мая апора ў школе па ўсіх відах спорту. Скалалазы пастаянна ўдзельнічаюць у спаборніцтвах па дапрызыўнай падрыхтоўцы, па лёгкай атлетыцы, біятлоне. Розныя віды лажання патрабуюць вельмі разнастайнай падрыхтоўкі, калі задзейнічаны ўсе групы мышцаў. Патрэбна мець моцныя пальцы, каардынацыю, раўнавагу, рабіць скачкі. Мы выконваем у тым ліку сілавыя практыкаванні, таму для юных скалалазаў падцягнуцца 10 разоў і больш не праблема. Нават для дзяўчат. Ведаеце, у скалалажанні па­трэбны смеласць, рашучасц­ь, вынослівасць, мэтанакіраванасць, бо сёння на спаборніцтвах вельмі высокая канкурэнцыя.

Скалалажанне — малады від спорту. Ён становіцца вельмі папулярным, асабліва пасля таго, як скалалажанне ўключылі ў праграму Алімпійскіх гульняў. У Беларусі гэты від спорту актыўна развіваецца. Штогод праходзіць Рэспубліканская спартакіяда па скалалажанні, дзе колькасць удзельнікаў толькі расце.

Настаўнік фізкультуры добра ведае, як важна дзецям пераадолець страх перад вышынёй. Тут, гаворыць, важная паступовасць:

— Кажу — кожны раз забірайцеся хаця б яшчэ на адзін крок вышэй, чым папярэдні раз. Потым яны такім чынам да верху далазяць і самі здзіўляюцца свайму першаму страху. Ёсць дзеці, здольнасці якіх з першага погляду не заўважныя, але яны многага дасягаюць дзякуючы ўпартасці. Нехта прыходзіць да нас і адразу адчуваюцца задаткі. Пяць маіх былых вучняў пайшлі па маіх слядах — атрымалі вышэйшую адукацыю па спецыяльнасцях, звязаных са спортам і фізкультурай. Некалькі сталі калегамі. Я імкнуся пастаянна ўдасканальвацца. Гэта тычыцца сістэмы трэніровак, трэнажораў для лажання, прылад для трэніровак. Увогуле скалалажанне — цікавы від спорту. Мы з дзецьмі шмат удзельнічалі ў спаборніцтвах, многа ездзілі. Гэта заўсёды цікава. Спадзяюся, мае выхаванцы навучыліся многаму. У тым ліку дабівацца выніку ў спартыўнай барацьбе. Думаю, не разгубяцца яны і ў экстрэмальнай сітуацыі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.