Штодзённы подзвіг

- 10:00Авторские колонки, Слово педагогу
Таццяна ДОСТА, настаўніца ЦКРНіР Зэльвы

Працую настаўніцай у Цэнтры карэкцыйна­развіццёвага навучання і рэабілітацыі Зэльвы і займаюся дома з хлопчыкам, які мае цяжкія, множныя парушэнні ў фізічным і псіхічным развіцці. Кожны мой працоўны дзень напоўнены бязмежнай павагай і захапленнем мамай гэтага хлопчыка.

Быць мамай няпроста, а быць мамай асаблівага дзіцяці — у тысячу разоў цяжэй. Трэба не толькі гадаваць і выхоўваць дзіця, але і змагацца за яго жыццё і здароўе, шчаслівую і паспяховую будучыню.

Напярэдадні Дня маці хочацца па­дзяліцца маленькімі сакрэтамі, якія я здабыла са зносін з мамай у працэсе сумесных заняткаў з нашым навучэнцам.

Галоўнае — гэта матчына любоў. Яна сапраўдная рухаючая сіла. Трэба навучыцца любіць дзіця, якое не можа адказваць на пачуцці відавочнай сімпатыяй. Хлопчык не можа працягнуць ручкі, пацалаваць, як іншыя малыя… Але любоў да сына ад гэтага не становіцца меншай. Мама заўсёды адчувае настрой сына і верыць, што дзіця разумее ўсё, што адбываецца вакол.

Яшчэ адна важная рэч для мамы — быць заўсёды ў рэсурсе. Трэба імкнуцца жыць звычайным жыццём, ні ў якім разе не забывацца пра сябе. Бо толькі тая мама, якая адпачыла, напоўнена энергіяй, можа падарыць свайму дзіцяці тое, што трэба яму больш за ўсё на свеце: цеплыню, любоў і клопат.

Фота pixabay.com

Асаблівае дзіця — гэта індыкатар, лакмусавая паперка, якая дазваляе праверыць людзей на дабрыню. Менавіта таму ў сям’і нашага навучэнца прытрымліваюцца залатога правіла — быць побач з тымі, хто гатовы пры­няць, зразумець, падтрымаць. Асаблівае дзіця — гэта вялікая праверка на трываласць кожнага з нас.

Што можна пажадаць чалавеку, які штодзень здзяйсняе матчын подзвіг? Душэўных сіл, жыццёвай мудрасці, анёльскага цярпення, жаночага шчасця, узаемнага кахання і сямейнага дабрабыту. Ваш лад жыцця, сіла і бязмежная любоў, якую вы дорыце дзіцяці, мяняюць не толькі ваша дзіця, але і ўсіх нас, тых, хто побач, і тых, хто далёка, робяць дабрэйшым і цяплейшым увесь свет.