Штотыдзень, па пятніцах

- 11:19Навіны рэгіёнаў

1 чэрвеня пад дэвізам “Удзельнічай! Стварай! Рабі! Развівайся!” пачаў працаваць праект Краснасельскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ваўкавыскага раёна “Аўтарская тэлестудыя “ХХІ стагоддзе: Уключайся разам з намі”.

Ідзе запіс праграмы.

— Работа відэаканалаў уключае ў сябе правядзенне май­стар-класаў, вусных часопісаў, спартыўных эцюдаў, чэленджаў, інфарм-дасье, літаратурнай гасцёўні, відэаэкскурсій “Ажыўшая кампазіцыя”, арт-тэрапіі, анлайн-падарожжаў, фота-проб, флэш-мобаў у анлайн-фармаце. Праводзяцца таксама прамыя анлайн-трансляцыі, — расказвае ідэйны натхняльнік і выканаўца праекта намеснік дырэктара цэнтра творчасці па вучэбна-выхаваўчай рабоце Маргарыта Губаева.

Першая праграма расказвала аб планах тэлестудыі і запрашала да ўдзелу ў сумеснай творчай рабоце па стварэнні тэматычных відэаканалаў: “Idеа-бум, або АРТ-Авангард” — мастацкі профіль, “Формула здаровага жыцця #Будзь у трэндзе!” — фізкультурна-спартыўны,“ХлебЪ: Даём ежу для розуму” — інтэлектуальны, “Энергія #настройся на хвалю актыўнага жыцця” — танцавальна-харэаграфічны, “Погляд у мінулае” — гістарычна-патрыятычны, “Пакаленне Nехt” — культурны, “Прамая трансляцыя, або #у рэжыме рэальнага часу” — інфармацыйны, “КРЦТДіМ-Nеws #ДайджэстРэліз&рэкламныблок” — грамадска-гуманітарны профіль.

У госці запрашаюцца спецыялісты ў розных галінах дзейнасці. Так, у рубрыцы “Інтэрв’ю з прафесіяналам” выступілі педагогі дадатковай адукацыі Наталля Файгель, якая вядзе заняткі па стэп-аэробіцы, Аляксандр Копач, які займаецца вырабамі з дрэва, Дзмітрый Дудко, які вядзе заняткі па каратэ.

Адна з перадач уключала відэаканал “Формула здаровага жыцця #Будзь у трэндзе!” з паказам майстар-класа “Вольная барацьба — справа для валявых», спартыўны эцюд “50 адценняў каратэ-до”, “Наша здароўе ў нашых руках”. Відэа-канал “Пакаленне Nехt” прапанаваў паглядзець відэаэкскурсію “75-годдзю мірных гадоў прысвячаецца…”. Відэа-канал “ХлебЪ: Даём ежу для розуму” паказаў майстар-клас “Шахматы — высакародная гульня” і інтэлектуальную размінку “Чэмпіёны свету па шахматах: з чаго ўсё пачыналася”. А суразмоўцам тут выступіў педагог дадатковай адукацыі Ула­дзімір Панушкін, які расказаў, навошта дзецям сёння займацца такой старажытнай гульнёй — шахматамі — і якія дасягненні ў яго вучняў.

На пытанне пра тое, як узнікла ідэя стварэння тэлебачання, Маргарыта Рэнацьеўна адказала:

— Зараз дзейнасць цэнтра творчасці ў многіх момантах арыентавана на работу ў фармаце анлайн. Таму трэба было прыдумаць аптымальную, адаптаваную да гэтых умоў і ў той жа час цікавую форму работы з улікам спецыфікі ўстановы дадатковай адукацыі. Дзейнасць Краснасельскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі накіравана на развіццё асобы вучня, фарміраванне і развіццё яго творчых здольнасцей, задавальненне індывідуальных патрэб у інтэлектуальным, маральным і фізічным удасканаленні. А дзе, як не ў аўтар­скай тэлестудыі, можна творча развівацца, цікава арганізавац­ь свой вольны час (нават дыстанцыйна) і, вядома, праявіць свае здольнасці і таленты ва ўсіх творчых кірунках, прадугле­джаных тэматычнымі разнапрофільнымі відэаканаламі а­ўтарскай тэлестудыі “ХХІ стагоддзе: Уключайся разам з намі”.

Сюжэты здымаюць на мабільны тэлефон. У ролі аператараў выступаюць педагогі дадатковай адукацыі і навучэнцы. Часта самі навучэнцы манціруюць відэасюжэты, ствараючы “Навіны дня”. Гэта творчая праца спрыяе і прафесійнай арыентацыі навучэнцаў. Час эфіру не рэгламентаваны, доўжыцца столькі, колькі патрабуе нейкае інтэрв’ю ці майстар-клас. Працуюць у фармаце прамога эфіру — здымаюць усё з першага дубля.

— Так што мы не толькі ствараем і развіваемся разам з навучэнцамі, працуючы ў тандэме, але і стараемся зрабіць іх адпачынак цікавым, займальным і карысным, — дадае Маргарыта Рэнацьеўна.

У канцы жніўня запланавалі анкетаванне ўдзельнікаў тэлепраекта: педагогаў дадатковай адукацыі, навучэнцаў, а таксама бацькоў, каб высветліць іх меркаванне аб рабоце аўтарскай тэлестудыі, выявіць недахопы, вызначыць найбольш удалыя моманты і прыняць рашэнне аб яе далейшым лёсе. Але ўжо сёння гледачы аўтарскай тэлестудыі пакідаюць свае водгукі ў каментарыях у Instagram. Інфармацыя аб рабоце тэлестудыі размяшчаецца на сайце ўпраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама і сайце раённай газеты “Наш час”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.