Мноства сучасных фантастычных фільмаў пра штучны інтэлект. І хоць звычайна ў кінастужках яго развіццё паказана як справа далёкай будучыні, насамрэч гэта ўжо наша сучаснасць. Штучны інтэлект сёння выкарыстоўваецца усюды, таму і вучаць яму ў многіх УВА.
Вось і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт сёлета пачынае набор на новую для ўстановы спецыяльнасць “Штучны інтэлект (інструментальныя сродкі і тэхналогія праектавання інтэлектуальных сістэм)” на факультэце інфармацыйных тэхналогій. “Наш універсітэт у цэлым і факультэт у прыватнасці не адстаюць ад часу, таму і вырашана было адкрыць такую спецыяльнасць. Яна вельмі запатрабавана ва ўмовах сучаснага развіцця разумнай тэхнікі і гаджэтаў, якія выкарыстоўваюць тэхналогіі штучнага інтэлекту. Гэты напрамак пастаянна будзе развівацца і ўсё больш укараняцца ў штодзённае жыццё і тэхніку”, — падкрэсліла дэкан факультэта В.М.Пятровіч.
ПДУ цесна супрацоўнічае з заказчыкамі кадраў, асабліва з ІТ-кампаніямі, сярод якіх многія — рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій. “Мы будзем рыхтаваць у першую чаргу спецыялістаў у галіне машыннага навучання, Data Science, камп’ютарнага зроку, нейронных сетак, каб яны маглі праектаваць інтэлектуальныя камп’ютарныя сістэмы, якія можна навучаць пэўным відам дзейнасці. Па гэтай прычыне поруч з традыцыйнымі прадметамі, звязанымі з азамі праграмавання, у вучэбны план уводзяцца новыя дысцыпліны па сучасных тэхналогіях”, — паведаміла Вольга Мікалаеўна.
Для забеспячэння высокай якасці вучэбнага працэсу па новай спецыяльнасці ва ўніверсітэце адкрылі лабараторыю машыннага навучання і вялікіх даных, лабараторыю праграмуемых мабільных сістэм, лабараторыю віртуальнай рэальнасці, а яшчэ сумесную з міжнароднай групай кампаній ICOL навукова-інавацыйную лабараторыю штучнага інтэлекту. “У нас функцыянуюць сучасныя лабараторыі, якія далёка не ў кожным сталічным універсітэце ёсць, — не без гордасці адзначыла дэкан факультэта інфармацыйных тэхналогій. — Дзякуючы ім, нашы студэнты атрымліваюць доступ да сучасных тэхналогій, а іх праекты могуць канкурыраваць з праектамі прафесійных распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння. Да таго ж студэнцкія праекты знаходзяць практычнае прымяненне як у камерцыйнай сферы, так і ў сацыяльных праектах”.
ПДУ актыўна супрацоўнічае з IT-кампаніямі рэгіёна і краіны, дапамагаючы студэнтам увасобіць свае ідэі ў жыццё. “Нашых навучэнцаў з задавальненнем бяруць на работу міжнародныя кампаніі, якія побач з нашым універсітэтам адкрываюць свае офісы, каб студэнтам было зручна сумяшчаць вучобу і работу”, — сказала В.М.Пятровіч.
Па яе словах, абітурыенты, якія вырашаць паступаць на факультэт інфармацыйных тэхналогій, павінны сябраваць з логікай і матэматыкай, а таксама разумець, што ІТ-сфера развіваецца вельмі хутка і тэхналогіі мяняюцца імгненна. “Вучыцца давядзецца ўсё жыццё. Да таго ж нашым студэнтам прыйдзецца паглыблена вывучаць англійскую мову. Але нават калі да нас прыходзяць навучэнцы, якія не ведаюць яе, то мы дапамагаем ім асвоіць мову гэтак жа, як і праграмаванне. Часам да нас паступаюць студэнты, якія пачынаюць вывучаць праграмаванне з нуля, але і гэта не страшна. Галоўнае, каб былі ўпартасць, схільнасць да аналітычнага мыслення, жаданне і працавітасць, — тады ўсяму можна навучыцца”.
Кваліфікацыя: “інжынер-сістэматэхнік”.
Тэрмін навучання: 4 гады.
Сертыфікаты ЦТ: матэматыка, фізіка і беларуская (руская) мова.
На рынку працы пастаянна патрабуюцца спецыялісты, здольныя распрацоўваць і абслугоўваць штучныя нейронныя сеткі, якія дапамагаюць аўтаматызаваць шматлікія рабочыя працэсы, рабіць дакладныя прагнозы, прыдумваць і выпускаць розныя карысныя сэрвісы і прадукты. Таму можна не сумнявацца, што такія спецыялісты будуць запатрабаваны і праз 10, і праз 20 гадоў.
Вольга АНТОНЕНКАВА.