Штучны інтэлект у фармаце блізкага знаёмства

Першая ў вобласці лабараторыя штучнага інтэлекту пачала работу ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава.

Створаная сумесна з ТАА ЛА ЦІТ — Лабараторыя ліч­бавых тэхналогій”, яна стала чацвёртай па ліку з адкрытых на базе факультэта матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій разам з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. Па словах дэкана факультэта Алены Залескай, такая форма супрацоўніцтва нацэлена на ўмацаванне сувязей з рэальным сектарам эканомікі, узмацненне накіраванасці зместу вучэбных дысцыплін на вырашэнне практычных задач і максімальнае набліжэнне адукацыі да патрабаванняў высокатэхналагічных вытворчасцей.

— Штучны інтэлект пранік ва ўсе сферы чалавечага жыцця ад медыцыны да мастацтва. Мы ўсе амаль штодзённа выкарыстоўваем яго ў побыце, але пераважна як спажыўцы, а наш універсітэт мае дастатковы вопыт праектнай дзейнасці ў гэтай сферы, — расказала Алена Залеская. — Напрыклад, выкладчыкі кафедры прыкладнога і сістэмнага праграмавання працавалі над распазнаваннем вобразаў мікрабіялагічных аб’ектаў з дапамогай метадаў сеткавага мадэлявання, для студэнтаў у вучэбныя планы даўно ўведзены такія дысцыпліны, як метады штучнага інтэлекту, нейрасеткавае мадэляванне і многія іншыя; найбольш матываваныя, таленавітыя, мэтанакіраваныя студэнты і магістранты сумяшчаюць вучобу з працай у ІТ-сферы. Сёлета мы прапануем абітурыентам новую спецыяльнасць “Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі” з кваліфікацыяй “менеджар-эканаміст інфармацыйных сістэм”. Наш даўні партнёр — рэзідэнт Парка высокіх тэхналогій ТАА “ЛАЦІТ” — займаецца аказаннем паслуг па распрацоўцы, укараненні, тэсціраванні, суправаджэнні інфармацыйных сістэм у вытворчасці і гандлі, стварэннем прыкладных праграмных прадуктаў, аўтаматызацыяй і робатыза­цыяй вытворчых працэсаў прамысловых прадпрыемстваў. Распрацоўкі гэтай кампаніі ўваходзяць у топ-10 лепшых інавацыйных праектаў Беларусі. Сённяшняя падзея, такім чынам, набывае для нас асаблівае значэнне, таму што раскрывае шырокія перспектывы, найперш па ўкараненні ў адукацыйны працэс перадавых тэхналогій і вытворчай падрыхтоўкі студэнтаў.

Новая лабараторыя створана для вырашэння шэрага вытворчых задач на аснове метадаў нейрасеткавага мадэлявання, пабудовы і аналізу алгарытмаў і ацэнкі іх эфектыўнасці, рэгрэсійнага аналізу, апрацоўкі даных і аўтаматычнай класіфікацыі аб’ектаў, у тым ліку на аснове камп’ютарнага зроку для кіравання прамысловымі робатамі, аналізу вялікіх аб’ёмаў даных з датчыкаў вытворчых ліній у рэальным часе, распрацоўкі сістэм прыняцця рашэнняў для кіравання аўтаматычнымі пагрузчыкамі на складах. Многія з названых метадаў патрабуюць для рэалізацыі вылічальныя магутнасці, вышэйшыя за магчымасці звычайнага персанальнага камп’ютара. Па гэтай прычыне ў лабараторыі разам з сучасным мультымедыйным абсталяваннем устаноўлены 14 камп’ютараў з высокапрадукцыйнымі відэаадаптарамі, прызначанымі як для хуткага абліку параметраў трохвымерных аб’ектаў, так і для агульных разлікаў мадэлей, патрэбных для выканання вялікай колькасці простых аперацый у паралельным рэжыме (менавіта такую спецыфіку маюць штучныя нейронавыя сеткі — аснова сучасных метадаў машыннага навучання і аналізу вялікага аб’ёму даных). Вытворчае сеткавае абсталяванне дазваляе аб’ядноўваць камп’ютары ў вылічальныя кластары, што яшчэ больш павышае хуткасць разліку розных мадэлей.

— Праекты, над якімі мы сёння працуем, інавацыйныя не толькі для Віцебшчыны, але і для ўсяго свету, — звяртаючыся да студэн­таў, акцэнтаваў увагу дырэктар ТАА “ЛАЦІТ” Руслан Паўлаў. — Мы не канструюем робатаў, мы іх “ажыўляем” і прымушаем камунікаваць паміж сабой ва ўмовах насычаных патокаў інфармацыі. Запрашаем вас у свет індустрыі 4.0, дзе ў вельмі высокай ступені запатрабаваны чалавечы капітал, інтэлект і крэатыў. Не менш важны складнік у падрыхтоўцы спецыяліста — база тэарэтычных ведаў, што вы набываеце ва ўніверсітэце. У лабараторыі мы будзем разам карэкціра­ваць вашы веды з пункту гледжання бізнесу і запытаў рынку.

На базе лабараторыі будуць праходзіць заняткі са студэнтамі па такіх спецыяльных дысцыплінах, як нейрасеткавае мадэляванне, алгарытмы і структуры даных, метады штучнага інтэлекту, камп’ютарныя сеткі, распазнаванне вобразаў, кластарны аналіз, матэматычная статыстыка; яна стане месцам правядзення канферэнцый, семінараў і круглых сталоў, стартапаў, хакатонаў і трэнінгаў. Акрамя таго, супрацоўнікі ІТ-кампаніі плануюць арганізаваць факультатыўныя навучальныя курсы для ўсіх жадаючых па дадатковых пытаннях праграмавання, апрацоўкі і аналізу даных, пабудовы эфектыўных алгарытмаў распазнавання вобразаў і кіравання абсталяваннем. Упершыню ў Віцебску плануецца правесці курс “Штучны інтэлект”.

— Мы запоўнілі яшчэ адну яркую старонку нашай гісторыі, — адзначыла рэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Валянціна Багатырова. — Галоўныя ў ВДУ — студэнты, наша галоўная задача — падрыхтаваць кожнага з іх як паспяховага спецыяліста, асобу і лідара, адказнага грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны. Мы не проста адукацыйны, але і навукова-даследчы, сацыякультурны рэгіянальны цэнтр, які развіваецца ў канцэпцыі ўніверсітэта 3.0. Упэўнена, што ў хуткім часе размова пойдзе ўжо пра ўніверсітэт 4.0. Беражліва захоўваючы традыцыі, мы пры гэтым крочым у нагу з часам.

Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, рэгіянальныя органы кіравання адукацыяй працуюць у цесным кантакце з вышэйшай школай. У гэтым плане адкрыццё падобных лабараторый — выразны сігнал для навучэнцаў: для набыцця якаснай адукацыі, перспектыўнай і запатрабаванай спецыяльнасці, далейшага працаўладкавання ў перадавых ІТ-кампаніях з перспектывай кар’ернага росту і дастойнай зарплатай няма неабходнасці ехаць паступаць ва ўніверсітэты за межамі Віцебшчыны. Усе амбіцыйныя мары і планы можна паспяхова здзейсніць на роднай зямлі, на карысць рэгіёна і дзяржавы.

У ходзе адкрыцця лабараторыі адбыліся яе прэзентацыя, сустрэча студэнтаў і выкладчыкаў з прадстаўнікамі ТАА “ЛАЦІТ”, а таксама IT-квіз і тэматычная лекцыя для студэнтаў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.