Шукае ключык да кожнага выхаванца

Прафесійнае жыццё Ірыны Васільковай амаль трыццаць гадоў звязана з Магілёўскім абласным цэнтрам творчасці. Кожны пражыты дзень Ірына Пятроўна лічыць плённым, бо на работу яна заўсёды ішла з радасцю і займалася справай, да якой у яе ляжыць душа.

Ірына Пятроўна імкнецца знайсці ключык да кожнага свайго выхаванца.

— Свой прафесійны выбар рабіла свядома. Іншага шляху, акрамя як педагагічнага, для сябе не бачыла. У мяне з дзяцінства перад вачыма быў прыклад для пераймання. Мая матуля — педагог пачатковых класаў. Прычым педагог цудоўны. Мне заўсёды хацелася быць да яе падобнай. Памятаю, як яшчэ ў дашкольным узросце гуляла “ў школу”, правярала ўласнаручна вырабленыя сшыткі, па якіх вучыліся мае цацкі, — усміхаючыся, расказвае І.П.Васількова.

Пасталеўшы, ад сваёй дзіцячай мары яна не адмовілася. Пасля заканчэння школы накіравалася ў сённяшні Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.

— Паступіла я толькі з другой спробы. Тады на педагагічныя спецыяльнасці быў велізарны конкурс, настолькі прэстыжнай была прафесія, — успамінае Ірына Пятроўна.

Студэнцкія гады праляцелі для яе непрыметна. Цікавыя лекцыі ад масцітых выкладчыкаў, шмат педагагічнай практыкі…

— Здаецца, і азірнуцца не паспела, а на руках ужо быў запаветны настаўніцкі дыплом, — гаворыць І.П.Васількова.

Маладым спецыялістам па размеркаванні яна была накіравана ў Магілёў. Некаторы час працавала ў мясцовым педагагічным каледжы. У гэтай установе адбылася як прафесіянал. Але чагосьці не хапала.

— Я жыву недалёка ад Цэнтра творчасці. Кожны дзень, прахо­дзячы міма гэтага будынка, гле­дзячы на яркае, творчае жыццё педагогаў і навучэнцаў, марыла стаць часткай гэтага калектыву, — дзеліцца Ірына Пятроўна.

Калі з’явілася магчымасць, І.П.Васількова, не раздумваючы, змяніла месца работы. У Абласны цэнтр творчасці яна прыйшла ў якасці псіхолага, потым працавала ў метадычным аддзеле, але ў выніку стала педагогам дадатковай адукацыі.

Напрамак педагагічнай дзейнасці ў Ірыны Пятроўны незвычайны. Яна працуе з малышамі. У структурным падраздзяленні АЦТ — школе развіцця “Прыступкі” ўжо звыш дваццаці гадоў яна адказвае за фарміраванне элементарных матэматычных уяўленняў у дашкольнікаў.

Узрост яе выхаванцаў — ад чатырох да шасці гадоў. Гэта накладвае пэўны адбітак на стыль выкладання. У аснове заняткаў І.П.Васільковай розныя гульнявыя методыкі і тэхналогіі. А яшчэ — элементы асобасна-арыентаванага і дыферэнцыраванага навучання.

— Зараз ёсць шмат розных адукацыйных методык, але ўніверсальных не існуе, бо не бывае і ўніверсальных дзяцей. Усе дзеці розныя. Ва ўсіх маіх выхаванцаў свае характар, тэмперамент, тып памяці. Ні адзін выхаванец не падобны да іншага. Таму да кожнага малыша шукаю індывідуальны падыход, свой ключык, — адзначыла Ірына Пятроўна.

На яе думку, у рабоце з дашкольнікамі таксама вельмі важны інтарэс. Каб малышам хацелася спазнаваць новае, заняткі павінны быць цікавымі.

— Варта таксама ўстанавіць вучэбныя правілы. Дзеці вельмі любяць пэўныя рамкі. Тады яны ведаюць, як сябе паводзіць, і адчуваюць сябе ў бяспецы. Акрамя таго, такі падыход вучыць малышоў быць арганізаванымі, сабранымі, уважлівымі, — лічыць І.П.Васількова.

Усе заняткі Ірыны Пятроўны ўяўляюць сабой пэўную сістэму. Галоўнае ў іх — творчасць і нагляднасць. Педагог распрацавала розныя дыдактычныя і раздатачныя матэрыялы, заданні і практыкаванні на адпрацоўку атрыманых ведаў. Даволі часта прымяняе на занятках прэзентацыі. Але выкарыстоўвае электронныя сродкі навучання і гаджэты дазіравана.

— ІКТ дапамагаюць педагогу ісці ў нагу з часам. Але ад рэальнага ўзаемадзеяння вучняў карысці значна больш. Так яны развіваюць сваё маўленне, камунікатыўныя навыкі, крытычнае мысленне, — упэўнена І.П.Васількова.

Асаблівае месца ў сваёй рабоце Ірына Пятроўна адводзіць ўзаемадзеянню з бацькамі. Яна пераканана: у педагога павінна быць поўнае паразуменне з мамамі і татамі па ключавых пытаннях навучання дзяцей. Гэта адзін з галоўных фактараў дасягнення выхаванцамі вучэбных поспехаў.

— З бацькамі навучэнцаў я ў пастаянным кантакце. У нашай школе развіцця рэгулярна арганізуюцца бацькоўскія сходы, сумесныя тэматычныя святы. Акрамя гэтага, па меры неабходнасці праводжу для мам і татаў індывідуальныя або групавыя кансультацыі. Маем зносіны і ў сацыяльных сетках. Галоўнае, на што арыентую бацькоў, — праяў­ляць цікавасць да дзіцяці, заахвочваць любы поспех і не дака­раць за прамашкі, — падкрэслівае І.П.Васількова.

Ірына Пятроўна знаходзіцца ў пастаянным прафесійным развіцці, хоць мае багаты педагагічны вопыт і вышэйшую катэгорыю. Яна таксама дапамагае ва ўдасканаленні педагагічнага майстэрства сваім калегам: выступае на рэспубліканскіх і абласных метадычных мерапрыемствах, семінарах, канферэнцыях, педагагічных саветах, аказвае ўсебаковую метадычную падтрымку маладым педагогам.

Педагагічная дзейнасць І.П.Ва­сільковай не раз была адзначана. Педагог станавілася пераможцай розных прафесійных конкурсаў, узнагароджвалася ганаровымі граматамі і дыпломамі.

— Усё гэта для мяне важна і ў той жа час другасна. Значна важней — бачыць рэальныя вынікі сваёй працы. Яны ў маіх вучнях, у іх штодзённых маленькіх адкрыццях і поспехах. Яны ў шчырых падзяках бацькоў выхаванцаў, — прызнаецца Ірына Пятроўна.

Яе вельмі радуе, што ўласны прафесійны прыклад натхніў родных дзяцей і зараз у іх у сям’і сапраўдная педагагічная дынастыя. Пэўным дасягненнем І.П.Васількова таксама лічыць своеасаблівую пераемнасць у сваім аб’яднанні па інтарэсах. Зараз тут навучаюцца дзеці і нават унукі былых выхаванцаў. Такі давер для Ірыны Пятроўны — лепшае пацвярджэнне значнасці яе працы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва І.П.Васільковай.