Шукалі сапраўдную дружбу

- 17:30Нам пішуць

Вось амаль і завяршылася лета. Для дзяцей гэта час вясёлых і незабыўных канікул, а для педагогаў — час нястомных пошукаў, каб зрабіць летні адпачынак вучняў цікавым і карысным для здароўя.

Штогод мамы і таты выхаванцаў нашай установы з задавальненнем адпраўляюць сваіх дзяцей у аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем, які працуе на яе базе. Сёлета ён называўся “Дружба”. У лагеры хлопчыкаў і дзяўчынак чакалі цікавыя заняткі і экскурсіі, гульні і забавы, сустрэчы і знаёмствы.

Лета для асаблівых дзяцей — гэта не толькі магчымасць з радасцю правесці вольны час, але і актыўна развіваць навыкі зносін і паводзін сярод равеснікаў і дарослых. Педагогі нашага лагера распрацавалі і паспяхова рэалізавалі гульнявы праект “Следства вядуць Калабкі, альбо Справа пра страчаную дружбу”, накіраваны на развіццё камунікатыўных здольнасцей дзяцей. У гэтым выхавальнікам дапамагалі героі вядомага мультфільма “Следства вядуць Калабкі”, якія сталі ўдзельнікамі “дэтэктыўнай гісторыі”, што аб’яднала дзяцей рознага ўзросту і рознага ўзроўню развіцця.

Гэтая гісторыя адбылася ўгорадзе Б., дзе жыла маленькая дзяўчынка Даша, якая страціла дружбу. Каб дапамагчы дзяўчынцы вярнуць яе, дзецям давялося ажыццявіць шмат добрых учынкаў.

Кожны дзень у лагеры меў пэўны напрамак, звязаны з выкананнем заданняў заблытанай справы. Паступова высвятлялася таямніца выкрадання дружбы ў Дашы. Каб сабраць доказную базу “злачынства”, дзецям давялося правесці папярэдняе расследаванне. “Крымінальная справа” ўключала ажно 3 тамы: “Дружба — гэта Я”, “Дружба — гэта Ты” і “Дружба — гэта Мы”. У аснову ідэі, што дружба — гэта сацыяльны феномен, які складаецца з такіх важных кампанентаў, як “я”, “ты” і “мы”, была пакладзена канцэпцыя Л.С.Выгоцкага пра псіхічнае развіццё чалавека. Дружба — гэта сродак і індыкатар ступені сацыялізацыі дзяцей. Праз яе можна шмат даведацца пра іншых людзей.

Што ж даведаліся новага пра сябе і сваіх сяброў нашы выхаванцы?

Першы тыдзень лагернай змены дазволіў хлопчыкам і дзяўчынкам праявіць сябе ў лепцы, маляванні і аплікацыі, музычнай і тэатральнай дзейнасці. Дзеці стваралі цуды сваімі рукамі, выраблялі калажы, удзельнічалі ў конкурсе малюнкаў, інсцэніроўцы казак-мініяцюр, танцавальным конкурсе і іншых цікавых мерапрыемствах.

Другі тыдзень лагернай змены стаў часам пазнання тых, хто знаходзіўся побач. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўдзельнічалі ў сюжэтных і камандных гульнях і забаўляльных мерапрыемствах, вывучалі сацыяльныя ролі і правілы паводзін, звязаныя з пэўнымі жыццёвымі сітуацыямі, сустракаліся з ратавальнікамі-пажарнымі і супрацоўнікамі краязнаўчага музея і інш.

Падчас розных выхаваўчых мерапрыемстваў дзеці ўсведамлялі, што такое дружба і як правільна сябраваць. На гэта былі накіраваны гульні, практыкумы, забаўляльныя праграмы, творчыя майстэрні і г.д.

Не менш цікавым і пазнавальным атрымаўся трэці тыдзень “Дружба — гэта больш чым Я, гэта больш чым Ты. Дружба — гэта Мы!”.

Праект паказаў, што сапраўдная дружба — вялікі набытак. Удзельнікі лагера набылі новых сяброў, незабыўныя ўспаміны і яркія ўражанні ад важных спраў і цікавых заняткаў. Кожнае дзіця марыць быць шчаслівым, а асаблівае — больш за ўсё. Яно шчаслівае ў тым асяроддзі, дзе яго разумеюць і прымаюць, шчыра падтрымліваюць і клапоцяцца, радуюцца яго вялікім і маленькім поспехам, дапамагаюць рэалізаваць жаданні. У гэтым не абысціся без дружбы, якую вельмі лёгка знайсці, бо яна знаходзіцца зусім побач.

Алена ГУЦЬКО,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці ЦКРНіР Баранавіч.